Ці вінаваты Бродскі ў нападзе на Украіну?

«Ці мала што, — сказаў я. — У Пушкіна таксама былі няўдалыя вершы. Іх нават у школьных хрэстаматыях не цалкам публікуюць». Менавіта гэтая фраза з Аркадзя і Барыса Стругацкіх, з «Панядзелка...», што пачынаецца ў суботу, адразу прыйшла мне з галаву, калі я прачытаў артыкул шаноўнага Уладзіслава Гарбацкага пра Бродскага і заплямлены Нобель.

3b70eea91d59999bb52b1a32651b9260.webp


Я разумею, што гэтай спрэчцы — сто гадоў паабедзе, і тэма таго, што «паэт у Расіі больш, чым паэт», як кажуць у нашых колах, «вечназялёная». Але ўсё ж: ці мусім мы аддзяляць творчасць паэта ад яго грамадзянскай пазіцыі?

Я цалкам не падзяляю думку, што з-за таго, што Бродскі быў украінафобам ды шавіністам, мы мусім адмовіцца ад яго творчасці, прыдаць яе абструкцыі, ды ў дзіцячых кніжках пісаць пра тое, што ён неяк кепска ставіўся да нейкай асобнай нацыі. Па-першае, напішы мы ва ўводзінах да дзіцячай кнігі паэта «Балада пра маленькі буксір» такія словы, як «украінафоб» і «расійскі шавініст», то дзеці іх бы папросту не зразумелі. Ну, а па-другое, «уводзіны» да кнігі ніхто не чытае. І слушна робіць.

Увогуле, «уводзіны» да кнігі, на маю думку, — гэта такі савецкі атавізм: калі адзін чалавек, які часцяком не мае ніякага дачынення да аўтарскага тэксту і аўтарскай задумы, спрабуе патлумачыць, што, на яго думку, хацеў сказаць аўтар. Па-мойму, аўтар усё, што хацеў сказаць, сказаў сваёй кнігай. І дадаваць да ягонага аўтарскага тэксту нейкія тлумачэнні… Не, бываюць і слушныя заўвагі да твораў. Але збольшага ад гэтай практыкі мяне адвярнулі зборнікі фантастыкі, што выдаваліся ў савецкія часы. Іх немагчыма было выдаць без таго, каб нейкі ідэалагічны акадэмік патлумачыў нам, што палёт фантазіі Азімава або Брэдбэры — гэта «схаваная крытыка загніваючага Захаду», альбо «перспектывы камуністычнага строю». Зразумела ж, без камунізма да зорак было ніяк не паляцець, праўда?

Таму я са скепсісам стаўлюся да прапановы «у зьвестках пра Ё. Бродзкага ўсюль дадаваць “украінафоб” і “расейскі шавініст”». Ну, не прывядзе гэта ні да чаго добрага!


Так, Бродскі, мажліва, украінафоб. А як гэта адбіваецца на мастацкіх вартасцях яго паэзіі, якую я, шчыра кажучы, люблю бязмерна? Я люблю бязмерна і Ясеніна, на якога можна павесіць цэтлік «алкаголік». І Булгакава, для якога, як вядома, першы ж укол морфія выклікаў наркатычную залежнасць. Дык што, нам адмовіцца ад іх творчасці з-за «нізкіх маральных якасцяў» творцы? Недзе ў недалёкім мінулым, памятаецца, мы падобнае ўжо праходзілі — з не вельмі добрым вынікам.

Так можна зайсці вельмі далёка. Напрыклад, можам адкінуць Міхайлу Юр'евіча Лермантава, якога грузіны не любяць за адзін радок у паэме «Дэман»: «Бежали робкие грузины», назваўшы таго шавіністам і грузінафобам. Але паверце, у Грузіі ТАК абазваць паэта нікому ў галаву не прыйдзе! А да сваёй нелюбові яны ставяцца з жартамі...

Палітычныя погляды творцы і іх сувязь (ці адсутнасць такой) з іх творамі — сапраўды вялікая тэма. Для мяне, напрыклад, Канстанцін Кінчаў, лідар гурта «Аліса», найперш — выбітны расійскі паэт. Менавіта паэт, — а ўжо потым рок-выканаўца. І сапраўды, у адзін час у яго здарылася «праваслаўе галаўнога мозгу» і славянізм на ўсю тую ж галаву. Але гэта для мяне не адмяняе яго папярэдняй ці наступнай творчасці.

Неяк мы з сябрамі сядзелі і слухалі ягоную «Неба славян», якая тады толькі-толькі выйшла. І мы разважалі пра тое, што Кінчаў, канешне, галавой паехаў, але блін, які ён таленавіты! І, дарэчы, радаваліся, што паэтаў яго ўзроўню няма ў Лукашэнкі — бо гэта сапраўды нейкі гімн славянізму. Але гімн таленавіты, ён захоплівае і ад яго не ванітуе. Той выпадак, калі мастацкая вартасць, уменне браць словам, пакідае за дужкамі ідэалагічную скіраванасць песні.

А возьмем нашага любімага Юрыя Юліянавіча Шаўчука, пра якога ў нас багата пісаў Сяргей Шапран. Яшчэ гадоў трыццаць таму Шаўчук казаў: «Мой працоўны інструмент — стол», намякаючы, што ён найперш адчувае сябе паэтам, а не рок-спеваком. Ён падтрымліваў беларускую рэвалюцыю і нашых палітвязняў, ён эмацыйна выказваўся наконт Лукашэнкі. Наш чалавек?

Але ж у Першую Чачэнскую ён ездзіў туды, у Грозны, выступаў перад расійскімі салдатамі, падтрымліваючы іх. Дзе і напісаў шмат пранізлівых радкоў пра мёртвы горад і Раство, і як «паміралі пацаны страшна, паміралі пацаны проста».

І вось з аднаго боку — паважаны (спадзяюся) намі (мной — дык дакладна) Юрый Юліянавіч. А з іншага боку — прычым, у літаральным сэнсе, бо камандаваў абаронай цэнтральнай часткі Грознага, які штурмавалі тыя самыя шаўчукоўскія «пацаны» — Зелімха Яндарбі. Чачэнскі «паэт з аўтаматам», які пісаў верш на смерць Васіля Быкава, сябраваў з Рыгорам Барадуліным і стаў першым чачэнскім паэтам, чые творы былі перакладзеныя на беларускую мову. Пра яго выдатна распавёў Мікола Дзядок.

Калі ацэньваць творчасць паэтаў з палітычнага пункту погляду: вы за каго? За Шаўчука, які быў з аднаго боку фронту, альбо за Яндарбі, які быў з другога?

Дый увогуле, палітычныя погляды — справа не такая ўстойлівая, як паэзія. Кажуць, «хто ў маладосці не быў левым — не мае сэрца, хто ў сталасці не стаў кансерватарам — не мае розуму». І прыкладаў няўстойлівасці палітычных перакананняў безліч: ад Ягора Летава, лідара «Грамадзянскай абароны», які прайшоў эвалюцыю ад палымянага анархіста да не менш палымянага прыхільніка расійскай Нацыянал-бальшавісцкай партыі Лімонава, да згаданага шаноўным Уладзіславам Жана-Поля Сартра, які быў прыхільнікам СССР да 1956 года, і праціўнікам пасля яго, пасля задушэння Саветамі паўстання ў Венгрыі.

Супярэчнасць творцы і яго палітычнай пазіцыі выяўляецца і ў таго ж Бродскага таксама. У 1974 годзе ён напісаў верш «На смерць Жукава», які шмат якія крытыкі называюць хто «імперскім», а хто «патрыятычным». А потым той самы Бродскі ўдзельнічае ў мітынгу супраць уводу савецкіх войскаў у Афганістан. Як вам такі дуалізм?

ac326a8529f14fde1fe0ae9f859adf70.jpg


І яшчэ: я сапраўды далёкі ад думкі, што публічныя выказванні Бродскага і «шавінісцкая чытанка ў 1992 годзе сталіся адной з шматлікіх кропак, якія прывялі да апраўданьня рэваншызму і гвалту Расеі ў 2014 і 2022 гадах». Выбачайце, так можна павесіць што заўгодна на каго заўгодна. Гэта мне нагадвае тэзу пра тое, што «Савецкі Саюз развалілі Ельцын, Краўчук і Шушкевіч». Вось яны сабраліся — і развалілі, і не было ніякіх Народных франтоў, галоснасці, праўды пра рэпрэсіі і Чарнобыль, Пазьняка і Курапатаў, эканамічных складанасцяў ды краху савецкай эканомікі… Урэшце, не было прагі народаў СССР да незалежнасці і самастойнасці, толькі вось «злая тройка» сабралася ў Віскулях, і ўсё пабурыла, паганцы такія…

На маю думку, не трэба вешаць такіх сабак на Бродскага, які ўвогуле жыў за акіянам, па супрацьлеглы бок зямнога шарыка, ад Расіі.

Але ўсё ж я пагаджуся часткова з наступным выказваннем шаноўнага спадара Уладзіслава: «Беларусы захапляюцца “вялікай” расейскай літаратурай, пры гэтым ня ведаючы часта велічу сваёй уласнай літаратуры ці шыкоўнай украінскай літаратуры, ці дасюль не адкрытай велічнай летувіскай літаратуры. Беларусы чытаюць сваім дзецям кнігі К. Чукоўскага, ня ведаючы, як ён кпіў і сьмяяўся зь беларускай мовы. Беларусы шануюць, зачытваюцца і перакладаюць расейскіх аўтараў ды аўтарак (Меражкоўскага, Гіпіўс, Бродзкага, Салжаніцына і безьліч іншых клясычных і сучасных), ня ведаючы ці ня хочучы ведаць таго, як сьмяяліся яны з украінскай мовы, не прызнавалі і ня бачылі суб'ектнасьці ў беларусаў, то-бок заставаліся звычайнымі шавіністамі».

Часткова — таму, што ведаючы, як расійскія пісьменнікі «смяяліся з украінскай мовы, не прызнавалі і не бачылі суб'ектнасці беларусаў», мы аніяк не пабачым велічы літаратуры беларускай, летувіскай альбо ўкраінскай. Для таго, каб пабачыць гэтую веліч, нам трэба не цкаваць расійцаў, а больш даведвацца пра пісьменнікаў і паэтаў Літвы, Украіны, Беларусі. Польшчы, дарэчы, таксама тычыцца. Трэба больш перакладаў, больш інфармацыі, больш літаратурных часопісаў, больш літаратурнай крытыкі. І, дарэчы, нам можа быць, спатрэбіцца школьны курс «сусветная літаратура», — нароўні з рускай літаратурай. Ці, можа быць, уключыць рускую літаратуру ў сусветную…

Але гэта зусім не азначае, што мы павінны ўвогуле адмовіцца ад літаратуры расійскай. Тым больш на такой хісткай падставе, як палітычныя перакананні аўтараў.

Бо мастацтва, на маю думку, — гэта крыху не пра ідэалогію і палітыку. Нават ведаючы пра «ўкраінафобію» Бродскага, я не перастану перачытваць «Лісты да рымскага сябры» ці «Ліст генералу Z».

Дарэчы, апошняе раю перачытаць. Напісана, як рэакцыя на ўвод войскаў СССР у Чэхаславакію ў 1968 годзе, але чытаецца, як сёння пра Украіну. Нават літара актуальная.