Сустрэча Кіта Келага і Лукашэнкі бескарысная для міру ва Украіне. Чаму?
Галоўнай навіной тыдня сталі чуткі пра тое, што спецпасланнік Дональда Трампа па Украіне Кіт Келаг можа прыехаць у Беларусь і сустрэцца з Лукашэнкам. Паводле афіцыйнай версіі — каб «надаць імпульс» мірным перамовам Расіі і Украіны, якія зайшлі ў тупік. Станоўчы вынік яго візіту сумніўны. А вось адмоўны можа даставіць шмат праблем.

Кіт Келаг. Фота з vestikavkaza.ru
Гэты магчымы візіт пракаментавалі ўсе. Акрамя любых афіцыйных асоб — як з боку ўладаў Беларусі і ЗША, так і Расіі і Украіны.
Сапраўды, у канцы траўня гэтага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што Масква прапаноўвала Кіеву правесці новы раўнд перамоў у Беларусі. І, хоць раней гаварылася, што ніякіх новых «Мінскіх пагадненняў» не будзе, але гаварылася пра гэта, хутчэй, у сэнсе зместу, а не геаграфічнага пункта.
Тым больш, што візіт Келага, па чутках, павінен адбыцца менавіта сёння, 20 чэрвеня — калі, вядома, гэта праўда, і яго паспеюць падрыхтаваць. Дый Пуцін нядаўна заявіў, што новы раўнд перамоваў па спыненні вайны ва Украіне можа адбыцца не раней за 22 чэрвеня. Па тэрмінах, нібыта, усё супадае. Але па сэнсе — узнікаюць пытанні.
З аднаго боку, верагоднасць перамоваў па Украіне ў Беларусі — не далёка не нулявая. Асабліва калі на гэтым будзе настойваць Масква (праўда, невядома, навошта ёй гэта трэба). З другога боку, Украіна можа супраціўляцца, паколькі, пасля нападу на яе ў 2022 годзе з тэрыторыі Беларусі там не ўспрымаюць Беларусь як «нейтральную» дзяржаву, а расцэньваюць рэжым Лукашэнкі як саўдзельніка вайны і агрэсара нароўні з Расіяй.
Зрэшты, калі Келаг пра дамовіцца пра перамовы ў РБ, Штаты, канешне, уламаюць Уладзіміра Зяленскага — тым больш, што самыя першыя перамовы пра спыненне агню ў тым жа 2022 годзе пачыналіся якраз у Белавежскай пушчы. Праўда, яны ні да чаго не прывялі.
З трэцяга боку, якая роля афіцыйнага Мінска ў гэтых перамовах? Лукашэнка даўно казаў, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне, нібыта для «забеспячэння сваёй бяспекі». І сапраўды, для яго — як для суагрэсара — важна было б уставіць у дакумент якія-небудзь гарантыі ненападу на Беларусь з боку Украіны. Але вельмі верагодна, што роля Беларусі тут зноў будзе чыста тэхнічная: як казаў Лукашэнка ў 2015-м, «каву вёдрамі насіць» высокім дагаворным бакам.
Апаненты Лукашэнкі адразу ж паспрабавалі «лабіраваць» Кіта Келага, падаўшы яму пакет патрабаванняў да беларускага дыктатара. Экс-дыпламат Валерый Кавалеўскі, напрыклад, лічыць, што гэты візіт можа быць выкарыстаны для абмеркавання пытанняў, звязаных з «часткай беларускага крызісу: санкцыі, вызваленне палітвязняў, міграцыйны крызіс, спыненне рэпрэсій, аднаўленне дзейнасці амерыканскай амбасады ў Беларусі».
Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, заявіў, што любыя перамовы ў Беларусі пра вайну ва Украіне павінны адбывацца толькі «пры поўным прызнанні таго, што Лукашэнка з'яўляецца агрэсарам у гэтай вайне — і толькі пасля таго, як дыктатар вызваліць больш за 1188 палітвязняў, спыніць штодзённыя рэпрэсіі, распачне канкрэтныя крокі па дэкрыміналізацыі грамадскага і палітычнага жыцця ў Беларусі, спыніць трансгранічны пераслед беларусаў і пачне дыялог з дэмакратычнай большасцю».
Глядзіце таксама

Зразумела, што ва ўмовах, калі дэмакратычныя сілы не маюць уплыву на ўнутраную палітыку ў Беларусі, ім застаецца дзейнічаць па прынцыпе французскіх студэнтаў 1968 года: «Будзьце рэалістамі — патрабуйце немагчымага!» Таму што калі патрабаваць магчымага, то тады ў выніку перамоваў ім не абломіцца наогул нічога, а так, можа быць, хоць нешта перападзе. Але пытанне ў тым, што ў Келога і без беларускіх патрабаванняў вялікі стос праблем, якія трэба калі не вырашыць, то хаця б абмеркаваць. Пытанне з вызваленнем беларускіх палітвязняў калі і будзе ўзнятае, то хіба што ў «фонавым рэжыме».
Зыходзячы з усяго вышэйпералічанага, хутчэй за ўсё, візіт Келага ў Мінск, калі нават ён адбудзецца, будзе мець толькі адно пытанне — як Лукашэнка можа паўплываць на Пуціна, каб той паменшыў свае апетыты ва Украіне і пагадзіўся на спыненне агню. Пры гэтым нам (але, напэўна, не амерыканцам) абсалютна зразумела, што адказ на гэтае пытанне — «ніяк». Лукашэнка занадта залежны ад Пуціна, каб мець у размове з ім сваё меркаванне. І калі раней ён дазваляў сабе часам нават спрачацца з кіраўніком Расіі, калі раней рэгулярным чынам узнікалі нейкія «нафтавыя», «газавыя» або «харчовыя войны» з Расіяй, то пасля 2020-га (цэлую пяцігодку!) мы не бачылі ніводнага «выбрыка» Лукашэнкі ў бок Пуціна.
Таму паход Келага да Лукашэнкі напэўна бескарысны. Сумуючы вышэйсказанае: нават сама арганізацыя перамоў у Беларусі абяцае шмат праблем, і лягчэй правесці іх у звыклай Турцыі. Лукашэнка не мае на Пуціна таго ўплыву, каб падштурхнуць расійскага кіраўніка да мірных перамоў, а «беларускае пытанне» на фоне праблемных перамоў РФ і Украіны для ЗША, на жаль, занадта дробнае, каб ціснуць на Лукашэнку.
Таму візіт Келага, калі ён адбудзецца, можа быць проста «пратакольным». Для таго, каб Келаг сказаў Дональду Трампу: «Слухай, Дональд, я нават да Лукашэнкі з'ездзіў. Не хоча Пуцін мірных перамоваў. Уводзь санкцыі!»
І вось тады будзе дрэнна і Пуціну, і Лукашэнку. Таму што на гэтым тыдні нават міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Рашэтнікаў прызнаў, што сітуацыя ў эканоміцы Расіі —далёка не айс. «Па лічбах у нас астуджэнне, але ўсе нашы лічбы — гэта люстэрка задняга віду. Па бягучых адчуваннях бізнесу і па індыкатарах мы ўвогуле ўжо, мне здаецца, на мяжы пераходу ў рэцэсію. Я кажу, што мы стаім на мяжы. Далей усё залежыць ад нашых рашэнняў», — заявіў ён.
Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна, хоць і не ва ўсім пагадзілася з Рашэтнікавым, але таксама заявіла, што папярэдняя мадэль эканамічнага росту ў РФ вычарпаная. Паводле яе слоў, многія з рэсурсаў, якія дазвалялі нарошчваць ВУП Расіі, вычарпаныя. РФ варта думаць пра новую мадэль для росту.
А ў нас да 70% экспарту —у Расію, і больш нікуды. І калі Трамп увядзе санкцыі, гэта толькі падштурхне Расію да прорвы. І мы паляцім туды ж услед за ёй — калі не наперадзе.