Вялікі кардынал, якога прагнулі забіць камуністы і нацысты
Сёньня ўспомнім сьвятой памяці кардынала Казіміра Сьвёнтка. 21 ліпеня 2011 года сьвятар вярнуўся ў нябесны дом.
Сын шляхціча ідзе ў сэмінарыю
Як успамінае стрыечны брат кардынала Рамуальд Крамплеўскі, маці Казіміра — Вэраніка Крамплеўская нарадзілася на Віленшчыне. У хуткім часе пасьля гэтага сям’я пераехала ў горад Валк (Валга) на мяжы Латвіі і Эстоніі. Там Вэраніка стала дарослай, выйшла замуж за Яна Сьвёнтка і нарадзіла двое дзяцей – Эдварда ў 1912 годзе і Казіміра ў 1914 годзе.
У 1917 годзе ў пошуках працы разам з бацькамі і роднымі выехала ў Сібір, у Томск, і праз пяць гадоў яны зноў вярнуліся на Віленшчыну. Праўда, не ўсе. Падчас вайны з камуністамі ў бітве за Вільню загінуў яе муж – Ян Сьвёнтэк і быў пахаваны на могілках Роса. Сама Вэраніка з дзецьмі стала жыць у Баранавічах. Тут, у Баранавіцкай пачатковай школе, а затым у гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана навучаўся будучы кардынал.
На пачатку жыцьця Казімір Сьвёнтэк не думаў пра сьвятарскае пакліканьне. У 1933 годзе ён марыў пра факультэт філялёгіі Віленскага ўнівэрсітэта, шмат чытаў і захапляўся клясычнаю літаратураю.
Але Бог меў на Казіміра іншыя пляны. Вось як згадвае пра той вызначальны момант у сваім жыцьці сам кардынал:
«Пасьля заканчэньня Баранавіцкай гімназіі мы ўсёй клясай паехалі на рэкалекцыі ў Пінск. Было гэта праз год пасьля сьмерці першага Пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Ксёндз, які арганізаваў гэтыя рэкалекцыі, на заканчэньне прапанаваў нам наведаць крыпту ў катэдры, дзе спачываў біскуп, і сказаў, што кожны можа аб чым-небудзь папрасіць вялікага пастыра.
Труна была замураваная, але заставалася адтуліна, празь якую можна было да яе дакрануцца. Калі падыйшла мая чарга, я датыкнуўся рукою да вельмі халоднай труны і сабраўся выходзіць. Але ў апошні момант штосьці мяне затрымала: як бы стала няёмка за маю такую пасьпешнасьць... Я вярнуўся, згаварыў «Ойча наш» і зноў дакрануўся да труны. Цяпер яна ўжо не здалася такою халоднаю. «Біскупе Лазінскі, — сказаў я, — маю да цябе дзьве просьбы: каб я праз усё жыцьцё быў верным слугою Хрыста (зразумела, як чалавек сьвецкі, але адданы Богу), і каб мая мама жыла як мага даўжэй».
Казімір Сьвёнтэк у Пружанах, 1930-я
Аказалася, што абедзьве тыя просьбы біскуп Лазінскі выслухаў. Маці мая пражыла 91 год. Праўда, наконт другой ён вырашыў па-свойму: калі хочаш быць слугою Божым, — павінен быць сьвятаром. І хоць я ніколі да таго часу не думаў пра сьвятарскае пакліканьне і не прасіў аб гэтым, аднак, выйшаўшы з сутарэньняў Пінскай катэдры, быў упэўнены, што стану ксяндзом. Я і сёньня не магу да канца зразумець таго пералому, які адбыўся са мною...»
8 красавіка 1939 года ў Пінскай катэдры дыякан Казімір Сьвёнтэк атрымаў з рук біскупа Казіміра Букрабы сакрамэнт Сьвятарства. Наўрадці ведаў малады хлопец, што чакае яго наперадзе.
Як адзначае гісторык Алег Гардзіенка, да 1939 года каталіцкае жыцьцё ва ўсходняй частцы Беларусі было цалкам спыненае, касьцёлы замкнёныя, а сьвятары рэпрэсаваныя. Верасень 1939 года зьмяніў сытуацыю і ў Заходняй Беларусі, дзе раней рэлігійныя свабоды не абмяжоўваліся.
Сэмінарыст Казімір Сьвёнтэк
Ксяндзы і пратэстанцкія пастары сталі лічыцца ворагамі савецкай улады. Частку ксяндзоў адразу ж арыштавалі, вывезьлі ў Сібір і расстралялі.
Палітвязень Казімір Сьвёнтэк
Падчас казаньняў у Пружанах, дзе ён служыў, ксёндз Казімір асуджаў бязбожніцтва і атэізм. 21 красавіка 1941 году ён быў арыштаваны мясцовым НКУС і дастаўлены ў вязьніцу ў Берасьце. Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах у антысавецкай прапагандзе і «шпіянажы» ды асудзілі на сьмерць.
У камэры сьмяротнікаў у турме НКУС у Берасьці ён чакаў выкананьня выроку, але 22 чэрвеня 1941 году пачалася вайна і ён застаўся жывы. Пасьля акупацыі Берасьцейшчыны нямецкімі войскамі ў ходзе Другой сусьветнай вайны 30 чэрвеня 1941 Казімір Сьвёнтэк вярнуўся да сваіх парафіянаў у Пружаны і заставаўся зь імі аж да зыходу немцаў.
У гутарцы з Крыстынай Лялько кардынал узгадваў: «Мяне ўтрымала і пры жыцьці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера. Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камэры сьмерці Берасьцейскай турмы.
Адтуль кожную ноч а 12-ай гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзьверы ў маю камэру... Але ў душы быў перакананы, што выжыву. Зразумела, калі на тое будзе Божая воля. І нават на допытах, з прыстаўленым да скроні пісталетам, я не губляў надзеі...”
У 1944 годзе новая пагроза жыцьцю сьвятара, гэтым разам ад немцаў. “У гэты час гестапаўцы зьбіраліся вывезьці мяне ў лес на растрэл”.
Але разам з тым прыйшлі чырвоныя вызваляльнікі.
Напрыканцы 1944 года за антысавецкую дзейнасьць ён быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лягераў.
Першы здымак пасьля вяртаньня з лягера. 1954
Кардынал згадваў:
“Не губляў надзеі таксама і ў перасыльным лягеры ў Воршы, дзе сярод вязьняў панавала крывавая дызэнтэрыя... Лежачы на бетоннай падлозе, напаўпрытомны, я не пераставаў маліцца. Зьвяртаўся ў думках да Маці Божай і да Яе Сына і верыў, што Яны не пакінуць мяне, не дадуць прапасьці.
Па сутнасці, увесь Савецкіх Саюз уяўляў сабою адзін вялікі, абнесены плотам з калючага дроту ГУЛАГ.
Мяне кінулі ў лягеры спецыяльнага рэжыму прымусовай працы спачатку ў сібірскую тайгу, а потым у паўночную тундру. Знаходзячыся ў ізаляцыі, я не сустрэў ніводнага каталіцкага сьвятара і быў пазбаўлены магчымасьці спавядацца. Толькі ў апошнія гады знаходжаньня ў лягеры я раздабыў аплаткі і разынкі, і ўжо мог ва ўкрыцьці цэлебраваць Сьвятую Імшу.
На Вялікдзень у прысутнасьці некалькіх вязьняў-каталікоў я адслужыў Сьвятую Імшу ў пральні сярод густой пары. Якім жа красамоўным і кранальным быў пасхальны сьпеў «Wesoły dzień nam dziś nastał», які я засьпяваў. Гэта была самая памятная велікодная рэзурэкцыя ў маім сьвятарскім жыцьці”.
Кардынал Казімір Сьвёнтэк
Кардынал Казімір Сьвёнтэк працягвае дзяліцца ўспамінамі камуністычнага раю:
«А ў Варкуце я арганізаваў вігілію Божага Нараджэньня. З нараў мы зрабілі стол і паставілі на яго розныя стравы. Былі таксама аплаткі. Трымаючы ў руках аплатак, я зьвярнуўся да сабраных. Голас мой дрыжаў, прысутныя выціралі сьлёзы. І раптам расчыніліся дзьверы і ўвайшоў начальнік рэжыму з пісталетам у руцэ, а за ім салдат з карабінам і штыком.
«Што вы робіце?» – запытаўся начальнік. Я стаў насупраць кадэбіста і пачаў тлумачыць абрад вігіліі. Працягнуўшы руку з аплаткам, прапанаваў яму падзяліцца ім і павіншаваць са сьвятам Божага Нараджэньня.
Узьнікла арыгінальная і поўная напружаньня сытуацыя. Былі дзьве працягнутыя рукі: мая – з аплаткам, і кадэбіста з пісталетам. Начальнік схаваў пісталет у кабуру, перапрасіў, што не можа па службовых абставінах прыняць аплатак, але дазволіў працягваць гэту нашу вігілію і выйшаў з салдатам з камеры.
Калі ён выходзіў, я засьпяваў нашу традыцыйную калядную песьню. Раніцаю наступнага дня я быў пераведзены з Варкуты ў глухую паўночную тундру».
Кадэбіст спытаў: «Як гэта ты ўсё перажыўшы, застаўся жывы?»
І яшчэ адзін эпізод быў вырашальным у маім лёсе ў апошні дзень знаходжаньня ў лагеры, — згадвае кардынал. Мяне пад канвоем прывялі ў канцылярыю КДБ. За сталом сядзеў маёр КДБ, а я павінен быў стаяць каля сьцяны. Маёр пачаў уважліва правяраць вельмі вялікую тэчку з дакумэнтамі майго знаходжаньня ў турмах і лягерах. Час ад часу ён глядзеў на мяне і са зьдзіўленьнем круціў галавою.
Нарэшце, дайшоўшы да апошняй старонкі, ён запытаўся ў мяне: «Як гэта ты ўсё перажыўшы, застаўся жывы?». Для яго ўсё гэта было незразумелым, таму што прынцып КДБ быў ясны і адназначны: для такога, як я, шкада кулі, яна можа спатрэбіцца на фронце, а забіць мяне можна цяжкой працай звыш чалавечых сілаў і жудаснымі ўмовамі жыцьця ў лягеры.
Мой адказ быў выразны і рашучы: «Грамадзянін маёр, мне захавала жыцьцё мая моцная, непахісная вера ў Бога. Ён мне захаваў жыцьцё». І вось пасля доўгага роздуму ён добразычліва глянуў на мяне – гэта была ўпершыню праяўленая да мяне добразычлівасьць з боку кадэбіста. Ён узяў асадку і размашыста напісаў, кажуча ласкава: «Вы вольныя».
Пінск
Не адну ноч сьвятар правёў у будынку КДБ па вяртаньні з лягера ў 1954 годзе: бязбожнай уладзе вельмі не хацелася, каб Пінская катэдра займела свайго пробашча. Яго ўгаворвалі, прапаноўвалі іншыя пасады, пагражалі саслаць назад, у Варкуту. Нічога не дзейнічала. Пяць месяцаў цягнулася процістаяньне. Нарэшце, у сьнежні таго ж 1954 года, ксёндз Казімір атрымаў дазвол на рэгістрацыю і распачаў працу.
Кардынал Казімір Сьвёнтэк на даху Пінскай катэдры
Ксёндз Тадэвуш Шэшка, першы канцлер у 1991-1994 гадах пры пінскай дыяцэзіі, згадвае:
«Колькі дарог мы з ім пераадолелі, наведваючы парафію за парафіяй… І колькі шчырых успамінаў пачуў я тады ад біскупа Казіміра. Пэўна, нават цяжка сабе ўявіць, колькі маральных і фізычных сілаў патрэбна было мець палітычнаму вязьню, каб у тых умовах выконваць сьвятарскія абавязкі.
Падчас асьвячэньня касьцёлаў парафіяне запрашалі на абеды, накрываючы сталы па-беларуску шчыра. Але для нашага біскупа Казіміра абед меў нейкае сімбалічнае значэньне, ён заўсёды быў задаволены мінімумам. Ва ўсіх сустрэчах ён цаніў перш за ўсё духоўны кантакт!
Кардынал Казімір Сьвёнтэк
Адзінае, ад чаго не мог сябе ніколі стрымаць, гэта была кава. Кубак запаранай кавы прыкрываў зьверху сподачкам, і атрымліваў асаблівую асалоду, калі з такімі ж кубачкамі побач зь ім сядзелі маладыя сьвятары, і зь імі можна было размаўляць-размаўляць. У такія хвіліны ён дазваляў сабе быць адкрытым, ніколі не скардзіўся».
Кардынал
Пробашч пінскага касьцёла Казімір Сьвёнтэк заўсёды лічыў, што адзіная легітымная ўлада для вернікаў на зямлі — гэта ўлада Папы Рымскага.
26 лістапада 1994 году калі арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Казімір Сьвёнтэк атрымаў кардынальскую годнасьць, Ян Павал ІІ прызнаўся:
«Які ж блізкі мне гэты Касьцёл, што так шмат у апошнія дзесяцігодзьдзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асобаў, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Эвангельлі былі асуджаныя таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпеньні, прыніжэньні і перасьледаваньні.
Ян Павал ІІ надае кардынальскую годнасьць Казіміру Сьвёнтку ў 1994 годзе
Многія зь іх страцілі жыцьцё ў канцэнтрацыйных лягерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог».
Сам кардынал Казімір Сьвёнтэк казаў:
«Я ўвесь час быў перакананы, што гэтая камуністычна-атэістычная сістэма і ўвесь агромністы Савецкі Саюз, гэты калос, стаіць на гліняных нагах і рана ці позна ногі гэтыя пахіснуцца і ўсё разваліцца, распадзецца ў друзкі».
Ксёндз Станіслаў Паўліна, былы канцлер пінскай дыяцэзіі і бліжэйшы паплечнік кардынала згадвае:
«Ён быў даступны і настойлівы; ніколі не абразіў, і я ніколі не адчуваў над сабою генэрала! Да таго ж ён быў чалавекам вельмі далікатным, цаніў працу іншых. Кардынал ніколі не дапускаў бестактоўнасьці да іншага, заўсёды цаніў працу чалавека. Мяне не кантраляваў, часам толькі пытаў, як разьвіваецца сытуацыя з тою ці іншаю справаю – яго давер быў абсалютным. І такая яго пазыцыя абавязвала быць верным і любіць».
Брат Бэла Лані, які служыў пэўны час у Беларусі, згадвае сьмешны выпадак: ксёндз Казімір ніколі не марыў аб вялікай кар’еры ў Касьцёле, да таго ж падчас камуністычных рэпрэсій нават не меў на гэта шансу.
Чакаў толькі, каб Бог зноў угледзеў людзей, якія жывуць на Беларусі. «Біскупам стаў у 77 гадоў, – распавядаў ён не раз. – У Ватыкане ў кампаніі біскупаў сказаў аднойчы: "Айцы, памылка ёсьць у Праве Кананічным". Усе прысутныя занямелі: чалавек нядаўна застаўся біскупам, а ўжо крытыкуе Права Кананічнае.
Кардынал Казімір Сьвёнтэк на ўрачыстасьці 325-ці годзьдзя парафіі ва Ўзьдзе. 2009 год. Фота: Павел Хадзінскі
І я сказаў: "Кананічнае Права кажа аб тым, што кожны біскуп павінен ісьці на пэнсію ва ўзросьце 75 гадоў. Але што рабіць таму, хто менаваны на біскупа ва ўзросьце 77 гадоў?" На гэта адзін уплывовы кардынал адказаў: што ж, usgue ad mortem, тады працуйце да сьмерці!»
Біскуп Юры Касабуцкі, які ў 1996 годзе прыняў сакрамэнт сьвятарства з рук кардынала Казіміра, згадвае:
«Перад кожнай аперацыяй у шпіталі кардынал Казімір прасіў мяне прыехаць і ўдзяліць яму сьвятое намашчэньне, пасьля чаго казаў, што цяпер спакойна перажыве любую апэрацыю. Я бачыў яго глыбокую лучнасьць з Езусам Хрыстом, якая рабіла яго шчасьлівым. Эмінэнцыя заўсёды казаў: «У мяне ўсё ў парадку, а калі ўсё ў парадку, то няма чаго хвалявацца». Нават тады, калі трэба было прымаць нейкія непапулярныя рашэньні, яго лучнасьць з Богам не дазваляла яму ўпадаць у роспач і доўгія духоўныя ваганьні».
Кардынал Казімір Сьвёнтэк пасьвячае ў сьвятары будучага біскупа Юрыя Касабуцкага. 1996 год
З прамовы кардынала Казіміра Сьвёнтка ў 2005 годзе
У гісторыі чалавецтва было шмат каралёў, розных каралёў, магутных, моцных, валадароў гэтага сьвету. Куды ж яны падзеліся? І сьледу пасьля многіх зь іх не засталося. Тое самае чакае і цяперашніх валадароў: яны адыдуць у нябыт з гісторыі чалавецтва. Адзін толькі Валадар — Хрыстус — валадарыць ужо дзьве тысячы гадоў і будзе валадарыць да сканчэньня сьвету.
Цяпер, у нашым стагодзьдзі і ў канцы мінулага стагодзьдзя, колькі ж прыкладалася такіх намаганьняў па шматлікіх нашэптах сатаны! І на нашай зямлі зьнішчалася, прыгняталася, руйнавалася хрысьціянства. Як пахваляліся змагары з хрысьціянствам, што будзе сапраўдная дзяржава, сапраўднае валадарства без Бога, без Касьцёла, без Хрыста. А куды ж яны падзеліся?
Кардынал Казімір Сьвёнтэк на ўрачыстасьці 325-ці годзьдзя парафіі ва Ўзьдзе. 2009 год. Фота: Павел Хадзінскі
Сьціхлі, галовы паапускалі, прызналі, што памыляліся, але гэта ўжо іх справа. Наша справа — Божая. Валадарства Хрыстовае, нягледзячы на гэтыя зьнішчэньні, перасьледы, існавала, існуе і будзе існаваць.