Хронікі рэпрэсій за 21 ліпеня

Навіны пра палітвязняў, затрыманні, суды і вызваленні. Галоўнае за дзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Сёння на волю выйшлі былыя палітзняволеныя Вольга Ялцэвіч і Леанід Судаленка. Абое яны цалкам адбылі свае тэрміны зняволення. Ялцэвіч дапамагала аплачваць штрафы рэпрэсаваным, за што была прысуджаная да 2 гадоў калоніі. Падчас зняволення ў Брэсцкім СІЗА жанчыну больш за 50 сутак утрымлівалі ў карцары. У знак пратэсту супраць парушэння яе правоў і невыносных умоў утрымання яна не раз трымала галадоўку. Астатні тэрмін Вольга адбывала ў гомельскай калоніі № 4.

Леанід Судаленка кіраваў гомельскім аддзяленнем праваабарончага цэнтра «Вясна» і дапамагаў пісаць скаргі затрыманым падчас акцый пратэсту, а таксама займаўся абаронай у судах рабочых, чые правы парушалі працадаўцы. Фактычна, за гэта ён і апынуўся за кратамі, пішуць праваабаронцы. Яго прысудзілі да 3 гадоў зняволення па арт.342. Свой тэрмін Судаленка адбываў у калоніі «Віцьба».

***

З суда над журналістам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч на «хуткай» 20 ліпеня забралі гродзенскую актывістку Святлану Рынкевіч. Яе змясцілі ў шпіталь, аднак там жанчына, папярэдне, упала ў стан комы, а ўначы на 21 ліпеня памерла. Рынкевіч прыходзіла на шмат якія «палітычныя» судовыя працэсы, якія адбываліся ў Гродне, каб падтрымаць палітвязняў. Пра трагічную навіну паведаміла ў сваіх сацсетках жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка:

«Гэта тыя маленькія нябачныя героі, якія падыходзяць, каб усміхнуцца чалавеку ў клетцы – і для многіх палітвязняў гэта адзіная ўсмешка, якую яны бачаць у судовай залі».

***

Вынесеныя прысуды па справе «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта». 17-гадовы Алег Дабрыднеў з Касцюковічаў, 19-гадовы Кірыл Балахонаў з Буда-Кашалёва, 27-гадовы Аляксандр Рукойц са Смаргоні і 19-гадовы Уладзіслаў Яфімовіч прысуджаныя да тэрмінаў ад 3 да 3,5 гадоў пазбаўлення волі паведамляе «Вясна». Судовае пасяджэнне прайшло яшчэ 7 ліпеня.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што былі затрыманыя шэсць чалавек: пра затрыманне пецярых МУС адчыталася на пачатку лістапада мінулага года, праз тыдзень з'явілася «пакаяльнае відэа» з яшчэ адным затрыманым па справе СБНШ.

Як сцвярджала сілавое ведамства, затрыманыя «вялі актыўную экстрэмісцкую дзейнасць у кожным рэгіёне» і «датычныя да шэрагу падпалаў, у тым ліку рамкі BelToll у раёне Сеніцы больш за месяц таму».

На лаве падсудных у выніку апынуліся чатыры чалавекі.

***

У Лідзе яшчэ 19 ліпеня затрымалі ксяндза Андрэя Зноску. Пра затрыманне пробашча парафіі Божай Міласэрнасці паведамляе канал «Хрысціянская візія». Прычыны і месцазнаходжанне святара невядомыя. Андрэй Зноска – кансультант Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі па юрыдычных пытаннях і эксперт па кананічным праве.

***

У Віцебску маці траіх дзяцей аштрафаваная на 2200 рублёў. Крысціну Буланаву прызналі вінаватай у правядзенні «несанкцыянаванага пікету» ў сацыяльных сетках. Такое рашэнне прыняў суддзя суда Першамайскага раёна Міхаіл Юрчанка. Сваю ўпэўненасць ён абгрунтаваў тым, што ў сацсетках Буланавай былі выяўленыя фота і відэа з пратэстаў 2020 года.

***

ГУБАЗіК затрымаў жыхара Фаніпаля Мікіту Скарабагатага. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 23-гадовы хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Вядома, што раней Мікіту затрымлівалі ў сакавіку 2021-га года.

***

«Спіс экстрэмістаў» папоўнілі яшчэ 20 прозвішчаў. 21 ліпеня МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 3068 чалавек.

У лік свежых «экстрэмістаў» увайшлі, сярод іншых, дырэктар газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых, даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГа Валерыя Чарнаморцава, аўтар блога «Беларусь у акне» Аляксандр Гурнік.

***

Паводле інфармацыі ініцыятывы klopat.by, дагэтуль няма аніякай інфармацыі пра вядомых палітзняволеных, якіх рэжым утрымлівае ў інфармацыйнай блакадзе. Пра Максіма Знака нічога невядома 162 дні, пра Мікалая Статкевіча — 163 дні, нічога не паведамляецца пра Марыю Калеснікаву ўжо 157 дзён, пра Ігара Лосіка — 152 дні, 134 дні няма аніякай сувязі з Сяргеем Ціханоўскім і 85 дзён — з Віктарам Бабарыкам.

***

Як паведамляе сайт праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1473 палітвязні. Спісы ініцыятывы «Dissidentby» ўтрымліваюць 1773 прозвішчы палітычных зняволеных. Сярод іх — 191 жанчына і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў, паводле звестак ініцыятывы, адпраўленыя на прымусовае лячэнне.