Катаванні спёкай. Як у беларускіх турмах перажываюць лета

Былыя зняволеныя расказалі «Медыязоне» пра свой турэмны досвед падчас гарачых летніх дзён. Прыкладна гэтак жа зараз перажываюць гарачыню тысячы іншых людзей за кратамі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

СІЗА ў Брэсце — як у мікрахвалёўцы

Былы палітвязень Алег Кулеша правёў у зняволенні два летнія сезоны — у СІЗА ў Брэсце і ў калоніі ў Бабруйску. У кастрычніку 2021 года яго асудзілі па брэсцкай «карагоднай справе».

Паводле слоў Алега, калі ён сядзеў у брэсцкім следчым ізалятары, туды забаранялі перадаваць вентылятары. Замест гэтага адміністрацыя дазваляла зняволеным знаходзіцца ў камерах без футболак. Спачатку Алег скарыстаўся магчымасцю, але потым зноў стаў апранаць майку — яна хаця б убірала пот.

«Мы тады сядзелі і думалі, як там будуць жанчыны ў СІЗА, ці ім таксама так дазвалі хадзіць. Бо сярод ахоўнікаў жа не толькі жанчыны былі».

У гарачыя дні зняволеныя стараліся не выкарыстоўваць у камеры ваду, каб не павысіць вільготнасць.

«Проста забаранялі нават лішні раз краны адкрываць: хочаце піць — набірайце ваду з ночы, калі яна яшчэ халодная. Бо калі вільготнасць высокая, то становіцца проста дыхаць немагчыма».

Ратавалі прагулкі — кароткія выхады ў бетонны дворык раз на дзень. Там таксама было горача, але можна было падыхаць свежым паветрам.

Яшчэ адна праблема падчас спякоты ў СІЗА — псуюцца прадукты з перадач і пасылак. Іх зняволеныя імкнуліся захоўваць у цёмных кутах, куды не трапляе святло.

«У камеры стаіць смурод невыносны, пах страшны, бо халадзільніка няма і ежа псуецца проста на вачах. Таму даводзілася ўсё есці смярдзючае, нават калі толькі з волі нешта даслалі».

Часам па рашэнні адміністрацыі ў камерах адчыняліся «кармушкі». Дзякуючы гэтаму туды трапляла свежае паветра. Але была і праблема, кажа Алег. Калі «кармушкі» адчынены ў камерах, размешчаных насупраць адна адной, знойдзецца той, хто зазірне ў яе, каб убачыць і сказаць нешта сядзельцам насупраць.


Глядзіце таксама

«І за гэта ўжо ехалі ў карцар», — тлумачыць Кулеша.

Некалькі разоў Алега пераводзілі ў іншыя камеры. У той, дзе вокны выходзілі на поўдзень, было, «як у мікрахвалёўцы». Калі на вуліцы была тэмпература каля 30 градусаў, то ў душнай камеры — паводле адчуванняў — у два разы большая.

Да духаты час ад часу дадаваўся пах хлоркі з калідора. Алег лічыць, што пах з'яўляўся, калі ў суседніх камерах зняволеных прымушалі дадаткова мыць прыбіральню з хлоркай.

«Валадарка» — зламаны вентылятар і пыл

Сяргей сустрэў мінулае лета ў СІЗА на Валадарскага. У камеры разам з ім было 12 чалавек. Некаторы час зняволеных ратаваў вентылятар, які перадалі «непалітычнаму» зняволенаму. Неўзабаве амаль усіх перавялі ў камеру ў паўпадвальным памяшканні з акном на ўзроўні зямлі. Паводле слоў Сяргея, праз пыл і пясок вентылятар у выніку зламаўся.

«Пыл там усюды, і гэта проста жудасць. З акна, ад коўдраў, якія нам выдавалі. Мы кожны дзень зграбалі кучу пылу, шарамі цэлымі».

У камеры зняволеныя прыбіраліся штодня, але ў асабліва гарачыя дні не мылі падлогі.

«У нас была бетонная падлога, і калі яна высыхала пасля мыцця, станавілася душна невыносна».

У СІЗА забаронена было адпраўляць у пасылках і перадаваць у перадачах шорты. Мужчыны ў камеры Сяргея ратаваліся тым, што рабілі іх сабе са штаноў або надзявалі на майткі другія, «вайсковыя».

«Аднаму чалавеку ў пасылцы прыйшлі шорты. Іх прапусцілі, але на іх была вялікая літара «Z». Родныя купілі іх на вайлдберыз. І гэта не было зроблена з прычыны нейкай ідэалогіі. [Родныя] знайшлі дакладна такія шорты, якія чалавек апісваў у лісце: каб можна было падумаць, што гэта штаны. Мы смяяліся: убачылі гэтую літару і прапусцілі шорты».


Глядзіце таксама

Ратуючыся ад спёкі, зняволеныя абмываліся вадой і стараліся лішні раз не рухацца, каб не «ганяць» па камеры гарачае паветра: «Проста сядзелі, не варушыліся, кнігі чыталі. Мы наогул былі моцна здзіўлены тым, што перажылі гэтую спякоту», — кажа Сяргей.

Прадукты ратавалі з дапамогай вялікага бака (чамусьці яго называлі «чыфірбак»), які быў у камеры. Бак напаўнялі халоднай вадой з крана, прадукты складалі ў таз меншага памеру і ставілі ўнутр.

Ізалятар на Акрэсціна — паветра з драўлянай падлогі

Журналістка Глафіра Жук правяла ў ізалятары на Акрэсціна 30 сутак, частка з іх прыйшлася на гарачыя дні ў чэрвені 2021 года.

Дзяўчыну затрымалі ў лёгкай кашулі, і першыя дні ў камеры было нават холадна.

Усё змянілася з прыходам спёкі. У двухмеснай камеры, куды змясцілі 12 чалавек, было прыадчынена невялікае акно, але паветра ўсё роўна не хапала.

Каб хоць неяк астудзіцца, арыштаваныя клаліся на драўляную падлогу.

«Мы ляжалі на падлозе, яна як быццам бы менш грэлася, як быццам бы можна было ўдыхнуць свежага паветра праз шчылінкі ў дрэве. Нам здавалася, што адтуль ідзе нейкі холад. І вось мы клаліся ўпокат тварам у гэтую драўляную падлогу», — згадвае журналістка.

Жанчыны абмываліся вадой, напаўнялі халоднай вадой пластыкавыя бутэлькі і прыціскалі іх да цела, распраналіся да бялізны.

«Мне было неяк не па сабе ад таго, што вакол камеры, на нас па камерах глядзіць пару дзясяткаў ахоўнікаў. Але інакш проста немагчыма было».

Паводле слоў Глафіры, калі ахоўнікі ўбачылі, што «мы ўжо ўсё», у дзвярах камеры адчынілі «кармушку». Жанчынам далі доўгую палку, з дапамогай якой удалося крыху больш адчыніць акно на вуліцу.

«Я гіпертонік, і мне было вельмі блага, бо мне нельга знаходзіцца на такой спякоце. Кружылася галава, пастаянна цямнела ў вачах. Хочаш устаць з падлогі, каб абліцца вадой — і ў выніку стаіш, трымаючыся за сцяну, пакуль галава перастане кружыцца».

Спалі затрыманыя пры зачыненым акне. У дзвюх жанчын былі праблемы са спінай, у адной з іх абвастрылася кіла. Усёй камеры даводзілася спаць на падлозе, таму нельга было дапусціць, каб кагосьці прадзьмула.

«Спаць там цяжка: вы ляжыце, як тэтрыс, адно да аднаго, целы вельмі гарачыя, пот сцякае».


Глядзіце таксама

Калонія — на сонцы ў чорнай робе

У калоніях зняволеныя носяць чорныя робы. Гэта адзенне з сінтэтычнай тканіны, якая не дыхае, кажа Алег Кулеша. Узімку ў ёй холадна, а летам горача.

У бабруйскай ПК-2 зняволеныя працавалі на прамысловай вытворчасці і «на гуме». На «промцы», расказвае Кулеша, умовы памяркоўныя — там больш свежа і можна паспрабаваць паспець памыцца пасля працы.

«На гуме нашмат складаней — гэта невялікае памяшканне, але ў ім працуе шмат людзей. Месца не хапае, на кожнага — толькі той кавалак стала, дзе ты стаіш і цягнеш абцугамі гэты дрот. Ну і сама па сабе гума, там проста тлум стаіць. Вентылятар яны там уключаюць, але на пяць хвілін раз у пару гадзін, і гэтага не хапае, не хапае і адкрытых шыб», — кажа Кулеша.

Цяжэй за ўсё ў калоніі тым, хто прыбыў нядаўна і знаходзіцца ў каранціне, лічыць Кулеша. Яны знаходзяцца ў памяшканні пару гадзін перад сном, ноччу і падчас прыёмаў ежы. Астатні час яны праводзяць на вуліцы.

«Знаходзішся цэлы дзень у гэтым двары, ёсць толькі некалькі кутоў, дзе можна схавацца ад сонца, але ўсе туды не ўлазяць. Так што ў каранціне людзі проста прасіліся на дзяжурства, каб нешта мыць, прыбіраць, не важна — галоўнае схавацца ад сонца ў памяшканне».