«Палітычных выводзяць у кайданках, хлопцаў прымушаюць спяваць гімн у калідорах»

У ІЧУ Брэста для «палітычных» ствараюць адмыслова пагоршаныя ўмовы ўтрымання, паведамляюць чытачы «НЧ». А «хатніх хімікаў» вельмі моцна адсочваюць.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


Чытачка «НЧ» паведаміла, што яе сяброўка знаходзілася на «хатняй хіміі». Па ўмовах утрымання яна павінна пэўны час знаходзіцца дома, але аднойчы выйшла на працу на гадзіну раней. Яе вылічылі па камерах відэаназірання, і за гэта парушэнне яна атрымала 12 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары часовага ўтрымання ў Брэсце.

У ІЧУ яна трапіла без рэчаў. Парадкі ва ўстанове яе здзівілі.

«У камеры палітычным не даюць кіпеню. Усе паляць — палітычным нельга. Порцыі ежы напалову меншыя, некаторай ежы не даюць. Ноччу пабудкі некалькі разоў. Калі месячныя — даюць адну пракладку ў суткі, хоць законам сродкі жаночай гігіены не абмяжоўваюцца. Калі ў камеры «шмон» — два разы на суткі, усе выходзяць проста на калідор, а палітычных выводзяць у кайданках, ды так, каб больш балюча», — напісала дзяўчына.

«На ложку днём ляжаць нельга, спаць днём нават седзячы нельга. Таксама для палітычных — голыя нары. У іншых матрацы. Палітычным нельга нават кнігу чытаць. Не дазволена перадаваць ежу палітычным, хоць закона такога няма. Ну пра блашчыц, мышэй і адсутнасць душа ўжо і казаць няма чаго», — распавяла яна.

Па яе назіраннях, хлопцаў прымушалі спяваць гімн на калідоры, аднаго білі на вачах усіх камер.

«Дзяўчынка выйшла «ніякая», нават цыкл збіўся на нервовай глебе. Інспектары (па выкананні пакаранняў) падстаўляюць («хатніх хімікаў» Рэд.), каб было парушэнне. Калі ёсць тры парушэнні — дабываць тэрмін адпраўляешся ў турму», — напісала нам чытачка.