«Мы разумелі, што развітваемся назаўжды, але ніхто пра гэта не казаў». Як рэжым пакалечыў сям’ю шматдзетнай маці
Ніводная статыстыка не здольна падлічыць, колькі лёсаў было пакалечана рэжымам, што трымае ўладу ў Беларусі. Колькі сем’яў падзялілі межы, колькі нашых суайчыннікаў не паспелі развітацца з роднымі, колькі разбітых сэрцаў на гэтым страшэнным рахунку. У гісторыі Іны Шырокай параненых сэрцаў шмат.
Маці
Іна Шырокая нарадзілася ў Гродна. Яна маці пяцярых дзяцей — дзвюх дзяўчынак і трох хлопчыкаў. У 2020 годзе жанчына аддала свой голас за Лукашэнку, а калі яе тады 18-гадовага старэйшага сына жорстка збілі пры затрыманні, стала пад бел-чырвоны сцяг на маршах. Вось як яна ўзгадвае той перыяд:
— Я тады жыла абсалютна па-за палітыкай. Больш за ўсё мяне цікавіла асабістае выжыванне — шмат працавала, было мноства побытавых праблем. І, напэўна, я была пад уздзеяннем прапаганды, таму што мой выбар у 2020 годзе вызначыла ідэя «няхай лепш нічога не змяняецца, будзе ціха і стабільна». Я нават не ведала пра іншых кандыдатаў, таму што працавала на той момант менеджарам вельмі вялікай кавярні з даволі нізкім заробкам і вялізным спісам абавязкаў. Таму выбар мой падчас галасавання быў рэфлекторным. Не ведаю, чаму я не дадумалася прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў. Але, акрамя іншага, у мяне было ўстойлівае меркаванне, быццам голас нічога не вырашае.
Штосьці я, вядома ж, заўважала — напрыклад, затрыманне Ціханоўскага адбывалася амаль на маіх вачах. Але паколькі я проста круцілася вавёркай у коле, гэта мала мяне цікавіла.
Старэйшыя дзеці Іны Шырокай, абураныя несправядлівасцю, адразу занялі адназначную пазіцыю. Дачка занялася валанцёрствам у Мінску, а сын стаў актыўным удзельнікам грамадскага супраціву. Але здарылася трагедыя — падчас затрымання хлопца жорстка збілі.
— Мая моладзь проста хацела, каб у краіне дзейнічалі нейкія элементарныя нормы, — кажа Іна. — Сыну за гэта дасталася. Пасля гэтага ён вельмі моцна замкнуўся, страціў веру ў дзяржаўнасць і справядлівасць. У адказ на нашу заяву ў пракуратуру нам проста прыслалі адпіску. Усе закрывалі вочы на тое, што адбылося. Для тады 18-гадовага хлопчыка гэта было вельмі сур’ёзным расчараваннем. Сын проста перастаў кудысьці хадзіць, удзельнічаць у пратэсце. Ён вельмі спужаўся. Я старалася падтрымаць яго, вярнуць яму веру. Сыну тады насамрэч пашчасціла. Ён пацярпеў не так сур’ёзна, як мог. Яго проста збілі, проста патрымалі крыху за кратамі.
Сама ж Іна Шырокая стала актыўнай удзельніцай вулічных пратэстаў.
— Тады ўва мне было шмат праведнага гневу, трэба было неяк яго выказаць, — узгадвае яна.
Пасля здушэння масавых акцый жанчына прыняла рашэнне спрабаваць жыць, асабліва не вяртаючыся да ўспамінаў пра тое, што адбылося.
— Калі мы зразумелі, што падзеі 2020 года сціхлі і нам давядзецца іх «запіць халоднай вадой», самым бязбольным спосабам было ні пра што не ўзгадваць, жыць як жывецца.
У старэйшага сына пачаліся праблемы праз прызыўны узрост, ён з 2020 года катэгарычна адмовіўся ад службы ў войску. Я разам з ім вырашала гэтыя праблемы. Дачка жыла ў Мінску і таксама вырашала надзённыя задачы. Мы проста ізноў жылі і выжывалі.
Але спакойнае жыццё было нядоўгім. У красавіку 2022 года па Іну прыйшлі.
— Калі мяне кінулі за краты, вядома, адносіны з дзецьмі выйшлі на новы ўзровень, — кажа жанчына. — Яны зразумелі, як лёгка страціць маці ў любы момант, а я зразумела, як лёгка страціць сваю ўяўную бяспеку, сваю сям’ю. Гэта нас усіх потым вельмі зблізіла.
Дачка
Затрыманню Іны папярэднічала трагічная гісторыя, якая адбылася ў ноч з 2021 на 2022 год — апошні Новы год, які яна сустракала разам з маці.
— Нягледзячы на тое, што мама была вельмі ўзрушана грамадскім пратэстам, пазней, пад уплывам прапаганды, яна прыйшла да высновы, якую прасоўвалі праўладныя СМІ: пратэст быццам быў здушаны, яны «перамаглі змагароў», — кажа Іна. — І калі мы сустракалі Новы год, маці настаяла, каб мы глядзелі БТ і выступленне Лукашэнкі. У эфіры быў пяціхвілінны прапагандысцкі ролік пра пратэсты. Я абурылася, сказала: «Мама, што ты глядзіш, нашто табе гэта! Мы ж пацярпелі ўсе, людзей у турму пасадзілі, маглі і мяне пасадзіць!»
Упэўнена, што мама шмат разоў пашкадавала пра тыя словы.
Памятаю жах і разгубленасць у вачах маці, калі мяне арыштоўвалі. Яна ўсё мармытала: «Скажы, што я хварэю і табе нельга з’язджаць». Зусім не разумела жорсткасці гэтай сістэмы. Думала, што калі спашлецца не нейкія побытавыя рэчы, яны мяне адпусцяць.
У лістах да маці я вельмі шмат выбачалася за тое, што ёй давялося перажыць такі стрэс. Ува мне было шмат віны і раскаяння. А яна старалася супакоіць мяне, падбадзёрыць.
Пра страшны дыягназ маці Іна даведалася за кратамі.
— У тым лісце яна падкрэслівала, маўляў «дочачка, не хвалюйся», «вось так, але нічога страшэннага». Мяне вельмі кранула тое, што яна, нягледзячы на ўсё, супакойвала мяне, як дзіця. Спачувала мне, пісала, што за мяне моліцца.
На жаль, маці Іны не перажыла гэтай хваробы. Яна памерла праз тры месяцы пасля таго, як Іна з дзецьмі з’ехалі ад пераследу.
Агулам пасля турмы ўсе мае пачуцці былі быццам замарожаны. Таму гэта былі хуткія зборы і хуткае растанне.
Мама памерла раптоўна. Да дыягназу далучыўся кавід, яна «згарэла» літаральна за дзень. Толькі тады я зразумела, што мы не паспелі дастаткова пабыць разам. Я зараз кажу гэта і разумею, што прайшло паўгода, а гэтыя пачуцці ў мяне не пражыты. Мне да іх страшна вяртацца.
На пахаванні маці была старэйшая сястра Іны. Таксама, нягледзячы на высокую рызыку трапіць за краты, у Беларусь прыехала дачка Іны. Дзяўчына хавалася ад пераследу ў Арменіі і калі пачула страшную навіну, прыляцела ў Расію, а адтуль таемна заехала ў Беларусь.
— Гэта была страшэнная рызыка, мне было вельмі страшна. Яшчэ аднаго здарэння я проста не перажыла б, — кажа Іна. — Я прасіла дачку не ехаць у Беларусь, але яна сама прымае рашэнні і дзейнічае так, як лічыць патрэбным. Яна пахавала бабулю і адразу з’ехала. Калі дачка села на самалёт, я ўздыхнула спакойна.
Нявеста
На момант арышту ў Іны быў набыты квіток у Ізраіль, дзе жыў яе жаніх. Там яны збіраліся ўзаконіць адносіны. Але каханне не перажыло трагічных паваротаў лёсу.
— Калі ўсё здарылася, мой будучы муж быў у шоку. Ён вельмі падтрымаў мяне, нават хацеў забраць да сябе дзяцей. Калі я выйшла на волю, была ў вельмі нервовым стане, і ён проста не ўспрыняў мяне ў такой якасці, — прызнаецца Іна.
Але аказалася, што ў мяне мноства праблем. Ён падтрымліваў мяне, пакуль я не з’езхала з краіны, і пасля гэтага мы разышліся. Гэта было балюча, мне так хацелася абаперціся на кагосьці. Калі ты адна ў новай краіне, блізкі чалавек вельмі патрэбны. Так што ўва мне было шмат расчаравання, жаночай крыўды.
З іншага боку, я ўдзячна яму, таму што за кратамі мне было пра што думаць. Нягледзячы на ўсё, я разумела, што ў мяне ёсць адносіны, у іх ёсць перспектыва, што ўсё скончыцца добра.
А яшчэ ўдзячна за тое, што мяне пакінулі не ў самую складаную хвіліну.
Агулам зняволенне скрала ў мяне адчуванне сямейнасці. Да дзяцей — так, а да ўсіх астатніх — цяжка.
Жанчына
Сёння Іна Шырокая разам з трыма дзецьмі жыве ў Беластоку.
— Першы час тут было складана, — кажа яна. — Зараз ужо крыху адаптавалася, сабрала свае эмацыйныя рэсурсы. Але глабальна анічога не змянілася. Я стасуюся ў асноўным з эмігрантамі — беларусамі і ўкраінцамі.
Усе мае сяброўкі сёння — калегі па няшчасці. З адной блізкай сяброўкай мы разам сядзелі ў турме, гэта вельмі аб’яднала. А з іншай мы разам жылі ў першыя два месяцы эміграцыі. Вакол мяне вялізная колькасць людзей, кожны дзень безліч камунікацый, але блізкіх людзей усё роўна па-сутнасці няма.
Я выкладаю ёгу: такім чынам атрымалася сабраць, прынамсі, асяроддзе з агульнымі інтарэсамі.
Што да побытавых рэчаў, да новай краіны мы звыклі. Яна нашмат больш камфортная за Беларусь.
Іна кажа, што сёння побач з ёй няма людзей, з якімі можна было б адчуць сябе не самай «дарослай».
— Зараз я ў асяроддзі, у якім усе шукаюць кропкі апоры. І часта той, хто можа гэтую апору даць — я сама. Падчас заняткаў ёгай я крыніца супакаення і стабілізацыі. На шчасце, у прафесійным плане магу гэта гарантаваць. Але займець адносіны, на якія я сама магла б абаперціся, не атрымліваецца.
Дзеці
У Польшчы Іна разам з трыма дзецьмі атрымала статус уцекача («жэнеўскі пашпарт»). Яна кажа, што дзецям падабаецца новая краіна. Малодшыя пайшлі ў інтэграцыйны клас, дзе навучаюцца разам з украінскімі дзецьмі.
— Польская сістэма адукацыі вельмі пяшчотна ставіцца да нашых дзяцей, — кажа Іна. — Таму тут яны нават ажылі. Дзецям у школе надаюць столькі ж увагі, колькі дарослым. Так склалася, што майму сыну, якому на той момант было 15, давялося пайсці ў той жа клас, што і дачцэ, якой было 13. У Беларусі між імі было 2 класы розніцы. Так сапраўды было лепш, таму што восьмы клас у Польшчы прадугледжвае экзамены, а ён не быў да іх у моўным і эмацыйным плане гатовы. Дык вось, сыну пра гэта не проста паведамілі, з ім паразмаўлялі, усё растлумачылі і далі магчымасць самому зрабіць выбар.
Іна ўпэўнена, што жыццё малодшых дзяцей змянілася да лепшага. На вакацыях, якія пачнуцца ў ліпені, яны паедуць у нямецкі лагер.
— Я ўвесь час нагадваю дзецям, што зараз межы для іх адкрыты паўсюль.
Старэйшы сын Іны Шырокай дагэтуль застаецца ў Беларусі.
— Ён невыязны прызыўнік — вось яго сённяшні статус, — з болем кажа маці. — Усе мае спробы яму ў гэтым дапамагчы, на жаль, пакуль безвыніковыя. Яму страшна, ён баіцца за сваю будучыню.
Старэйшая дачка Іны атрымала ў Арменіі гуманітарную візу з дапамогай фонда «BYSOL» і нядаўна прыязджала да маці ў госці. Іна спадзяецца, што дзяўчына пераездзе ў Польшчу.
А сярэдні сын Дзяніс сустрэў у новай краіне сваё паўналецце, добра вывучыў польскую мову і атрымаў прафесію — малады чалавек працуе барберам.
— Спадзяюся, у мяне вырас памочнік, абаронца і апора. І малодшыя дзеці, думаю, да яго падцягнуцца. Таму што найгоршае засталося ў мінулым.