Журналіста-палітвязня Андрэя Пачобута перавялі ў наваполацкую калонію, дзе трымалі Бабарыку
У наваполацкай калоніі трымалі да знікнення Віктара Бабарыку, калі ён у ноч на 25 красавіка быў шпіталізаваны ў гарадскую бальніцу. Там рэзалі сабе вены Ігар Лосік і Аляксандр Кабанаў. Цяпер туды адправілі Андрэя Пачобута.

Палітвязня Андрэя Пачобута абвінавацілі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»).
Працэс у Гродзенскім абласным судзе у закрытым рэжыме вёў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калоніі.
Нядаўна журналіст атрымаў намінацыю на «Майстра польскай мовы» і лаўры Акадэміі майстроў польскай мовы.
Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без змен, а скаргу — без задавальнення.
У сувязі з прысудам журналісту Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і супрацоўнікаў дзяржмедыя, адказных за палітычныя рэпрэсіі. Пра гэта гаворыцца ў заяве МУС Польшчы.
Цяпер стала вядома, што адбываць тэрмін Пачобута адправілі ў наваполацкую калонію №1.

Чым вядомая калонія №1 у Наваполацку?
Усяго ў наваполацкай папраўчай калоніі №1 знаходзяцца каля 90 палітвязняў.
У канцы сакавіка стала вядома, што палітвязень Ігар Лосік, які таксама цяпер знаходзіцца там, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, нагадала «Люстэрка». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Ігара адправілі ў ШІЗА. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а потым парэзаў сабе рукі і шыю. Яго адправілі ў медсанчастку.
Здзейсніць суіцыд у ШІЗА гэтай установы спрабаваў і экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў. Раней ён распавядаў журналістам, што яго тройчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар. У апошні раз умовы ў камеры аказаліся такімі, што Аляксандр Кабанаў не вытрымаў і брытвенным станком парэзаў вены. Яму наклалі 68 швоў.
У прыватнасці, Кабанаў распавядаў, што адміністрацыя калоніі кіруецца правілам «зэк павінен пакутаваць». Былы палітвязень, які пажадаў застацца ананімным, распавядаў праваабаронцам, што ў наваполацкай калоніі «ўшчамляюць ва ўсім»: тэлефанаваць сваякам «палітычныя» могуць 2 разы на месяц па 5 хвілін, а спатканні даюць толькі на адны суткі.
Зняволеных, па словах Кабанава, прымушаюць выконваць абсурдныя «традыцыі»: на пастраенні ў адказ на «Здрасьте» ад загадчыка гаспадаркі трэба хорам адказаць патройнае «Здрасьте» — такія «вітанні» могуць працягвацца гадзінамі. Калі прозвішча зняволенага называюць на праверцы два разы на дзень, трэба зрабіць крок наперад і зняць шапку — «быццам вітаеш пана». «Засталося толькі што пакланіцца», — адзначаў Кабанаў.
Кабанаў сцвярджае, што ў ПК-1 збіваюць зняволеных. Супрацоўнікі адміністрацыі закрываюць чалавека ў ШІЗА і збіваюць дубінкамі: «Б'юць так, каб не заставалася слядоў».

У лютым 2023-га
адзін з чытачоў распавёў «Люстэрку» пра інцыдэнт з расіянінам Мікалаем Хролам,
які адбываў пакаранне ў гэтай установе. Па словах суразмоўцы, зняволенаму
зламалі ключыцу, а потым яе не лячылі. «У выніку костка не так зраслася і
ўпіраецца ў горла», — казаў ён, і дадаў, што ў такім стане Мікалая прымушалі
працаваць. Знаёмыя мужчыны тады адпраўлялі скаргі ў СК, МУС, Генпракуратуру і
ДВП.
Увечары 26 красавіка з'явілася інфармацыя пра тое, што Віктар Бабарыка, зняволены ПК-1 Наваполацка, у ноч на 25 красавіка быў шпіталізаваны ў гарадскую бальніцу — нібыта са слядамі збіцця і пнеўматораксу. Раніцай 27 красавіка блізкім палітыка ўдалося пацвердзіць факт яго шпіталізацыі ў хірургічнае аддзяленне. З таго часу пра яго месцазнаходжанне нічога невядома.