«Губазікавец сказаў паўтараць за ім словы, а калі не буду, то паказаў мне электрашокер»
27-гадовы музыка Вячаслаў Аркатаў працаваў гукааператарам у Доме культуры Бабруйска, але зімой гэтага года там здарыўся інцыдэнт, падчас якога кіроўца зламаў хлопцу руку. Пасля таго, як бабруйчанін не дамогся справядлівасці ў вырашэнні канфлікту, ён вырашыў звольніцца. Але ў дзень звальнення за Вячаславам проста ў ДК прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
Хлопец лічыць, што яго здаў дырэктар, каб замяць гэты інцыдэнт. Супраць бабруйчаніна распачалі крымінальную справу за рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога». Вячаслаў, апынуўшыся ў бяспецы, распавёў «Вясне» пра данос і працу ў ДК, збіццё губазікаўцамі, «суткі» ў бабруйскім ізалятары і сукамерніка-«вутку» ў магілёўскім ІЧУ, праблемы з псіхічным здароўем пасля затрыманняў і сны ў эміграцыі.
«Адчуў, што ў мяне хруснула запясце»
Вячаслаў Аркатаў распавядае, што інцыдэнт са зламанай рукой на працы стаў перадумовай для яго далейшага затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа:
«Уначы 8 студзеня я праводзіў апошні навагодні канцэрт. Кіроўца Мельнік Канстанцін Яўгенавіч сказаў несці апаратуру ў двор у машыну, узяў чамадан з усімі кабелямі, але з яго ўсё пасыпалася, хоць у такім выглядзе мне яго перадаў папярэдні гукарэжысёр. Калі я прапанаваў спакойна ўсё вырашыць, то ён пачаў яшчэ больш агрэсаваць. З намі яшчэ былі дзве жанчыны з ДК, яны спыталі ў яго, чаму ён не пад'ехаў блізка да Леніна, каб было лягчэй загрузіць апаратуру.На гэта ён адказаў, што сёння выпіў, яму не варта садзіцца за руль і наогул у яго выходны. Калі я пайшоў збіраць астатняе абсталяванне, то ён падышоў да мяне ўшчыльную, парушаючы маю асабістую прастору. Я адчуваў пах алкаголю і яго агрэсіўны настрой. Я яго адштурхнуў ад сябе, каб ён трымаў дыстанцыю. Тады ён разбегся і ўдарыў мяне ў губу — я быў у шоку, таму што не чакаў. Пасля гэтага ён узяў мяне за руку і заламаў яе. У гэты момант я адчуў, што ў мяне хруснула запясце. Адразу напухла рука і з'явіўся кровападцёк. Я ўсё кінуў і выйшаў з гукааператарскай кабінкі. Ён мне ўслед крычаў яшчэ розныя абразлівыя эпітэты... Я выключыў усё святло на плошчы Леніна і пайшоў дадому. Па дарозе патэлефанаваў дырэктару Волкаву Аляксандру Анатольевічу, а ён мне адказаў толькі: "Ну так, сітуацыя непрыемная... А дзе апаратура?"
Вячаслаў, параіўшыся з сябрамі і блізкім, прыняў рашэнне звярнуцца ў міліцыю. Пра гэта ён вырашыў паведаміць свайму дырэктару.
«Я яму сказаў пра свае намеры, бо ён ніяк не вырашаў канфлікту. Ён казаў, што трэба маўчаць і трываць. А Канстанцін Яўгенавіч заўсёды ставіўся да мяне прадузята. Дырэктар трохі адгаворваў, спасылаючыся на тое, што міліцыя нічога не вырашыць...»
У гадзіну ночы Вячаслаў пайшоў у РАУС Ленінскага раёна Бабруйска.
«Я пазваніў у дамафон, там у мяне пытаюцца: "Што здарылася?" Я кажу: "Бойка на працоўным месцы". Яны зноў пытаюцца: "Што канкрэтна здарылася?" Я паўтарыў і сказаў, што хачу пакінуць заяву. Тады яны сказалі: "Добра, заходзь". У мяне ў той час былі яшчэ доўгія валасы і пірсінг. Мне здаецца, што мая знешнасць прыцягнула іх увагу. Памятаю, калі прыходзіў міліцыянт, то сказаў нешта: "Глядзі, які дзяцел прыйшоў". Мне сказалі чакаць участковага. Каля гадзіны ночы прыйшоў міліцыянт, але я не думаю, што гэта быў участковы. Я аддаў заяву. Гэты міліцыянт быў не вельмі прафесійны ў сваёй справе: ён не ведаў, што запісваць, як скланяецца мужчынскае прозвішча. Гэта была такая фармальная працэдура».
Вячаслава адправілі на судмедэкспертызу зняць пабоі. У траўмапункце яму вынеслі дыягназ — пералом прамянёвай косткі левага запясця. Хлопцу паставілі лангету і сказалі насіць яе каля месяца. Увесь гэты час гукааператар быў на бальнічным.
«Ксеракопію дыягназу я перадаў у міліцыю. Таксама я патэлефанаваў дырэктару і сказаў, што падаў заяву на кіроўцу і буду скардзіцца на яго самога ў аддзел культуры выканкама. Чаму на дырэктара? Таму што ён не прымаў ніякіх мер па вырашэнні канфлікту, нягледзячы на тое, што шмат разоў я звяртаўся да яго. Дырэктар на гэта толькі адказаў: "Ага, ну давай, працуй!"».
«КДБшнікі казалі, як добра абараняюць краіну ад пагроз звонку»
У Вячаслава ўжо даўно былі набыты квіткі ў Піцер, каб наведаць сяброў. Ён з'ездзіў да іх падчас бальнічнага.
«Гэта быў вельмі насычаны месяц. Хто працуе ў творчасці, той ведае, што гэта за час. Я шмат працаваў па-за працоўным графікам. Напрыклад, 22 снежня я вёў Новы год для супрацоўнікаў КДБ у гатэлі «Турыст» — мяне папрасіў дырэктар. Гэта быў велізарны банкет — я такога не бачыў ні ў каго: было каля 10 сталоў, жывая музыка. У мяне тады выбухнула галава проста ад таго, што яны там казалі. Яны жывуць паралельна ў іншай рэчаіснасці. КДБшнікі віншавалі адзін аднаго і казалі, якія яны малайцы і як добра абараняюць краіну ад пагроз звонку. Гэта было непрыемна слухаць і знаходзіцца там. Мяне як быццам палілі брудам. Было некамфортна, але праца ёсць праца. Тры разы яны прасілі выканаць ужывую песню «Драздоў» «Хата бацькоў». Гэта добра напісаная прыгожая песня, калі б не кантэкст таго, што адбываецца...»
Як распавядае Вячаслаў, падчас бальнічнага дырэктар ДК папрасіў агучыць мерапрыемства ў гонар усталявання помніка каля МНС герою Беларусі.
«Ён сказаў, што мне дапамогуць з апаратурай, бо ў мяне была лангета на зламанай руцэ. Я чалавек безадмоўны — пагадзіўся. Я прыехаў у ДК і паказаў загадчыку гаспадаркі, што трэба ўзяць з сабой. Сярод неабходных рэчаў быў і мікшарны пульт. Але калі мы прыехалі на месца, то яго не аказалася. Гэта было мерапрыемства гарадскога тыпу з супрацоўнікамі выканкама і ваенным аркестрам. Калі мы вярнуліся за пультам, то дырэктар пачаў мне казаць, што гэта сабатаж і што я нібыта спрабую сарваць гарадское мерапрыемства. Мне здаецца, гэтыя ўсе сітуацыі звязаны паміж сабой. Бо ён мог і губазікаўцам потым сказаць, што я зрываю гарадскія мерапрыемствы».
«Былі забаронены ўсе песні ўкраінскіх выканаўцаў»
Пасля бальнічнага Вячаслава бухгалтарка зыніцыявала прафсаюзны сход з нагоды яго канфлікту з кіроўцам. Па словах бабруйчаніна, дырэктар быў настроены катэгарычна.
«Усе супрацоўнікі бачылі, як да мяне прадузята звяртаецца Канстанцін Яўгенавіч. Гэта была асабістая непрыязнасць. На сходзе калегі выказваліся, што гэта нармальна, калі ў чалавека іншыя погляды і ён выглядае па-іншаму. Калі прагаворвалі сітуацыі, дзе Канстанцін Яўгенавіч памыляўся, то ў яго твар змяняўся. І толькі дырэктар стаяў на яго баку і ўсяляк яго абараняў».
Аднак, па словах хлопца, выніку сходу ніякага не было. Усё звялося да таго, што трэба аб'ядноўвацца і працаваць. Тады Вячаслаў прыняў рашэнне звольніцца.
«Скажу, што мне вельмі падабалася гэтаяпраца. У нас быў вельмі добры і творчы калектыў. Там працуюць выдатныя людзі, якія ведаюць сваю справу. Але гэтая сістэма і абмежаванні вельмі ціснуць. Напрыклад, з аддзела цэнзуравання Міністэрства культуры спускаецца спіс забароненых песень і гуртоў. Так, напрыклад, забаранілі выконваць Макса Барскіх. А ў нас быў чалавек, у якога ідэальна атрымлівалася спяваць яго і раскрываць песні. Я прыйшоў на працу ў ДК у верасні 2022 года, і ўжо былі забаронены ўсе песні ўкраінскіх выканаўцаў. Панавала атмасфера: ні кроку налева, ні кроку направа, але людзі навокал усё роўна ўсё разумелі адэкватна».
3 лютага Вячаславу паведамілі ў міліцыі, што закрываюць адміністрацыйную справу і могуць распачаць крымінальную.
«У мяне спыталі: "Вы настойваеце на завядзенні крымінальнай справы?" Я адказаў станоўча і даў паказанні. Пасля гэтага ў мяне пачаліся праблемы.
Судмедэкспертыза перакруціла ўсё так, што я нібыта тупым прадметам зламаў сабе сам руку за тры тыдні да інцыдэнту. Я, вядома, быў нязгодны і запатрабаваў вочную стаўку: я распавёў, як усё было на самай справе, а Яўгенавіч распавядаў, што я быццам паказваў яму каратэ, біў яго... На гэтым усё скончылася — ні найменшай справядлівасці».
«Пачынаюць крычаць, што я тэрарыст і экстрэміст»
8 лютага хірург выняў лангету, але не працягнуў Вячаславу бальнічны, нягледзячы на тое, што патрэбен яшчэ час на аднаўленне рукі. На наступны дзень ён паехаў на працу, каб звольніцца.
«Памятаю, раніцай 9 лютага ў мяне была такая палёгка, што я зараз памяняю працу. У сваёй хатняй студыі я таксама займаўся музыкай — там пайшлі заказы. Я хацеў пайсці гэтай дарогай. Быў зручны момант — я ніколі не адчуваў столькі жыццёвай сілы і энергіі.
Але на вуліцы па дарозе ў ДК я сустрэў загадчыка гаспадаркі, які сказаў, што ў гукааператарскай каморцы трэба зрабіць адну працу. Я пайшоў у бухгалтэрыю, дзе сказаў, што звальняюся, супрацоўніцы ўздыхнулі і адправілі мяне да дырэктара. Я заходжу да яго, а ён вельмі засяроджана сядзіць у тэлефоне. І кажу яму: "Аляксандр Анатольевіч, я прыняў рашэнне, што хачу звольніцца пасля гэтай усёй сітуацыі". Ён сказаў пісаць заяву і нешта накшталт, што будзем разбірацца. І адправіў у каморку зрабіць працу з заггасам, але пры гэтым не адрываўся ад тэлефона.
Аказалася, што мне трэба было проста перанесці з аднаго стала на іншы апаратуру. Гэта была дзіўная праца — мне нават тады гэта так падалося. Я выходжу і сустракаю вахцёрку, якая кажа: "Слава, да цябе міліцыя". Я адразу быў упэўнены, што гэта па справе Канстанціна Яўгенавіча. Заходзяць тры супрацоўнікі ў цывільным адзенні і кажуць, каб я адкрываў каморку. Мы зайшлі ў гэтае маленькае памяшканне, і сілавікі зачынілі дзверы за намі. Далей пачаўся проста трэш... Яны пачынаюць крычаць, што я тэрарыст і экстрэміст, патрабуюць мой мабільны тэлефон. Я разблакіраваў яго і аддаў ім. Яны адразу палезлі ў Telegram глядзець мае падпіскі...»
«Што, так дрэнна, што хочаш здохнуць у гэтым двары?»
Гэта былі трое супрацоўнікаў магілёўскага ГУБАЗіКа, у тым ліку Захараў Сяргей Віктаравіч і Фурманаў Аляксей Уладзіміравіч. Па словах бабруйчаніна, яны ўжо ведалі, дзе і якія ён пакідаў каментары. Сілавікі прыехалі падрыхтаванымі да затрымання.
«Мяне павялі на другі паверх збіраць рэчы. Я калегам кажу: "Паглядзіце, я экстрэміст і тэрарыст, мяне затрымліваюць". У гэты час сілавікі адкрываюць мой заплечнік і ў кішэньцы бачаць мае антыдэпрэсанты. Яны пытаюцца, што гэта за таблеткі. Калега заступілася і сказала ім, што, можа, я не хачу казаць, што гэта... Я быў у кайданках ужо. Сілавікі спыталі, як да мяне звяртацца. Я адказаў: "Вячаслаў Васільевіч". На гэта яны пачалі нецэнзурна мяне абзываць.
У машыне яны шарылі ў маім тэлефоне, глядзелі падпіскі і чыталі асабістыя перапіскі, задавалі пытанні. Сілавікі заходзілі ў мае сацыяльныя сеткі і праслухоўвалі галасавыя паведамленні. Калі яны праслухалі паведамленне ад майго знаёмага, дзе ён у канцы сказаў "Жыве Беларусь", то вельмі раззлаваліся.
Губазікаўцы сказалі, што мы едзем па месцы маёй прапіскі. Я разумеў, што будзе ператрус, і ад страху сказаў іншы адрас, дзе жыла сяброўка майго сябра, якога ўжо няма ў жывых. На Geely мы прыехалі туды, гаспадыня сказала, што я часта заходжу па суседстве да сяброў-музыкаў. Сілавікі павялі мяне туды — дзверы адчыніў знаёмы. Губазікаўцы сказалі іх упусціць, але знаёмы не стаў гэтага рабіць. Яны, разумеючы, што не ўвойдуць, пасмяяліся, і галоўны губазікавец Захараў Сяргей Віктаравіч узяў мяне за зламаную руку і павёў да машыны. Мне было балюча, і я стаў крычаць, просячы дапамогі. Каля машыны ў мяне здарылася панічная атака: закружылася галава, стала цяжка дыхаць і я не мог аднавіць дыхання. Я проста ўпаў каля машыны. Губазікаўцы ўсё яшчэ трымалі мяне за руку і крычалі тыпу "Што, так дрэнна, што хочаш здохнуць у гэтым двары?". У мяне такой сітуацыі ніколі ў жыцці не было. Мне як быццам выбілі глебу з-пад ног. Я настолькі быў пагружаны ў гэты свой стан, што ўжо не чуў, што яны крычаць на мяне».
«Губазікавец пачаў рукой душыць у куце»
Вячаслава літаральна зацягнулі ў машыну і павезлі ў РАУС Ленінскага раёна Бабруйска.
«Мы прыехалі туды, дзе я пакідаў заяву. На гэты момант я ўжо быў ніякі. Мяне вялі ў кайданках «ластаўкай» як асабліва небяспечнага злачынца або тэрарыста. Мяне прывялі ў кабінет на другім паверсе, дзе было шмат плакатаў Дзяржынскага, «Слава АМАПу» і г.д. Там у мяне нешта спыталі пра «BYPOL», але я дакладна не памятаю, што менавіта. Таксама пыталіся, ці быў я «рэйкавым партызанам», ці рабіў нешта з чыгункай. Потым пачалі пагражаць адміністрацыйным і крымінальным справамі. Я быў у стане страху і панікі, але мяне ўзяла такая злосць на гэтую несправядлівасць. І я пачаў крычаць: "Што, вы людзей баіцеся? Што я вам зрабіў? Вы і мяне забіць хочаце? Што вы ад мяне хочаце?" Тады галоўны губазікавец узяў мяне за шыю і пачаў рукой душыць у куце. Пасля гэтага я змоўк...
Але калі ён сеў на канапу, то я рэзка выбег з кабінета. Я быў у стане афекту. Такая была рэакцыя на стрэс — бегчы. Супрацоўнікі міліцыі мяне адразу ж злавілі, пачалі біць дубінкамі па нагах — я ўпаў. Яны яшчэ лупцавалі некаторы час, а потым зацягнулі мяне ў кабінет, дзе да збіцця падключыліся губазікаўцы. Яны білі мяне па твары, галаве, нырках. Пасля гэтага я наогул перастаў разумець, дзе я знаходжуся і што са мной адбываецца. Сілавікі задаюць мне пытанні, а я ляжу ў крыві і не магу нічога адказаць. Тады яны паклікалі нейкага начальніка, мяне паднялі, але я ледзь стаяў. Памятаю, што гэты начальнік казаў, што я здраднік Радзімы, экстрэміст і тэрарыст, паганы мярзотнік, за тры капейкі прадаўся, параўноўваў з Юдай... У гэты час губазікаўцы капіявалі ўсё з майго тэлефона».
Пасля гэтага супрацоўнікі ГУБАЗіКа з Вячаславам запісалі «пакаяльнае відэа», прыстрашыўшы электрашокерам.
«Губазікавец сказаў паўтараць за ім словы, а калі не буду, то паказаў мне электрашокер».
Затым хлопца адвялі да дзяжурных супрацоўнікаў РАУС і сказалі, каб ён ім патлумачыў атрыманне сваіх траўмаў тым, што ён сам упаў. Вячаслава змясцілі ў «стакан» для чакання афармлення пратакола. Супрацоўнікі толькі фармальна пацікавіліся ў бабруйчаніна, што гэта за калечанні ў яго. Пасля гэтага Вячаслава на бусе павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Бабруйску. Але начальнік ІЧУ адправіў яго для агляду траўмаў.
«Для лекара было відавочна, што мяне збілі, але я казаў, што ўпаў... Мне дыягнаставалі траўматычную перфарацыю барабаннай перапонкі. Я чуў, што ў мяне з левага вуха ідзе паветра».
У камеры ІЧУ Вячаслаў сустрэўся з мужчынам, якія сядзеў ужо 50-я суткі за татуіроўкі.
«Мне адразу не далі ў душ схадзіць, хоць я быў увесь у крыві. Я быў у шокавым стане, у мяне ўсё балела і было цяжка дыхаць».
Пад раніцу ў гэту камеру яшчэ прывялі хлопца.
«Гэта быў просты 22-гадовы хлопец, якога затрымалі за тое, што чытаў навіны ў тэлеграм-каналах. Па гэтым чалавеку было відаць, што ён і мухі не пакрыўдзіць. Ён нам сказаў, што ў яго эпілепсія, і распавёў, што трэба рабіць на выпадак прыступу».
Вячаслава з новым суседам павезлі ў адсеках аўтазака на суд па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
«Гэта не было падобна на суд, а як быццам я да лекара на прыём прыйшоў. Але замест дыягназу сказалі рашэнне. Мяне аштрафавалі на 923 рублі, як я мяркую, за адсылку фота, відэа з выбарчага ўчастка ў жніўні 2020 года, пратэсныя песні нашых музыкаў у тэлеграм-канал «Бабруйск Online». Гэта значыць мяне асудзілі за перадачу матэрыялаў экстрэмісцкаму рэсурсу».
Пасля суда Вячаслаў адразу паехаў да сяброў, але потым усё ж вырашыў пайсці дадому, хоць сумняваўся, што варта вяртацца. Каля пад'езда хлопца чакалі ўжо знаёмыя супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
«Адзін з іх пачаў казаць, што мне трэба сесці ў іх машыну і запоўніць нейкія апытальнікі. Я моцна хацеў у прыбіральню, таму падняўся дамоў. 82-гадовая бабуля была ў шоку. Я даведаўся, што без мяне яны хацелі правесці ператрус, але не атрымалася. Калі я схадзіў у прыбіральню і памыўся, мяне зноў забралі. Каля машыны на мяне надзелі кайданкі, бабуля паспела даць мне таблеткі і шапку. Мы ехалі моўчкі — я не пытаўся, куды мяне вязуць, і яны не задавалі пытанняў. Потым я ўбачыў, што мы выязджаем з Бабруйска ў напрамку Магілёва... У Кіраўску губазікаўцы купілі сабе знакамітыя смажанкі».
Вячаслава прывезлі ў будынак 11-га ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС па Магілёўскай вобласці.
«Там пачалася абсалютная жэсць... На падлозе пры ўваходзе ў кабінет, куды мяне прывялі, ляжаў наш нацыянальны сцяг. Па ўсім кабінеце былі а-ля патрыятычныя плакаты: «Слава Расіі!», «Слава ГУБАЗіКу»... На сейфе ляжала кепка з гербам «Пагоня». Мне сказалі стаць на сцяг. Я не хацеў, каб здзекі з мяне працягнуліся, таму мне давялося стаць на яго... Затым зайшоў пухлы супрацоўнік у касцюме і пачаў крычаць: "Хто тут крычаў, што ён такі герой? Зараз мы яго ўціхамірым!" Гэта было такое запалохванне. Ён казаў мне прамымі словамі, а пагражаў ускосна».
Пасля дактыласкапіі і канфіскацыі пашпарта бабруйчаніна павялі да следчага, які сказаў, што супраць яго заведзена крымінальная справа па частцы 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса («Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні)) за рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога». На гэтай падставе хлопца змясцілі на трое сутак у магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання.
«Калі параўноўваць бабруйскі і магілёўскі ізалятары, то ў першым усё чыста і прыбрана. У Магілёве ж — татальны трэш! Там былі блашчыцы, бруд і вельмі смярдзела. Нам не выдалі пасцеляў — спалі на драўляных нарах. Кожныя пяць хвілін да нас зазіралі канваіры, а ў камеры вісела відэакамера. Быў пастаянны гук замка, які адчыняецца. На фоне ўвесь час іграла на паўторы радыё, дзе казалі пра стаматалогію і пра тое, як Лукашэнка спраўляецца з эканомікай і сіламі звонку. У дзве гадзіны ночы нас будзілі на праверку, а ўвечары быў дагляд: дагала распранутыя ў кайданках. Гэта ўсё вельмі ціснула на псіхіку. На трэцім паверсе бачыў вельмі шмат надпісаў тыпу «Жыве Беларусь», «Жыве вечна» — гісторыя паказвае, што там пабывала вельмі шмат людзей.
Пры прыёме ў ІЧУ супрацоўнікі спыталі, што гэта ў мяне за таблеткі. Калі я сказаў, што гэта антыдэпрэсанты і назваў свой дыягназ, то яны сказалі: "А, ясна, дурань нейкі". Вельмі абразліва паводзіў сябе са мной супрацоўнік у акулярах, на выгляд 18-19 гадоў. Калі правяралі маю вопратку, то ён сказаў, што не будзе марнаваць свой час на такога мярзотніка, як я. Калі мяне аглядалі голага, то побач стаяў губазікавец Захараў Сяргей, і яны з гэтым супрацоўнікам мяне пыталіся, навошта я ўступіў у «BYPOL». У такім стане я стаяў доўга. Потым мяне павялі ў камеру, пры гэтым пагражаючы, што калі не буду хутчэй ісці, то засунуць дубінку ў азадак. Калі мяне прывялі ў камеру, то сказалі, каб я хадзіў там па крузе. Я так доўга хадзіў, пакуль да мяне не падсялілі суседа — вельмі дзіўнага персанажа. Гэта быў Аляксандр гадоў 70-ці, ён назваўся лекарам. Мужчыну нібыта затрымалі за тое, што ягоныя дзеці напісалі на нейкім доме "Лукашэнка казёл". Калі ён зайшоў у камеру, то ўбачыў, што я збіты і апухлы, і прапанаваў паглядзець, спытаў, ці круціцца галава. Мы падзяліліся сваімі гісторыямі. Але нешта мне ў ім адразу падалося дзіўным: быццам разумее, адэкватны чалавек, але ўсё роўна нешта не тое. Гэты чалавек пытаўся ў мяне пра мой стан здароўя, сям'ю. Дарэчы, ён мне раіў потым звярнуцца ў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
У першую ноч я не мог заснуць, таму я спусціўся з другога яруса нараў і сеў за стол на лаўку, дзе, як школьнік, заснуў. І тут адчуваю, як гэты чалавек праводзіць мне рукой па спіне. Я адразу прачнуўся, вядома, а ён адышоў. Я наогул трое сутак практычна не спаў па сутнасці, таму што мне не даваў гэтага рабіць мой сукамернік. Як толькі я спрабаваў заснуць, то ён утвараў пэўныя гукі, тузаўся, шамацеў, то-бок спецыяльна ствараў шум і дзейнічаў мне на псіхіку. Неяк, засынаючы, я падхапіўся ад таго, што ён нагой цягнецца да маёй пятай кропкі...»
«Я ўжо быў упэўнены, што ён супрацоўнічае з міліцыяй»
Вячаславу ў ІЧУ адразу не выдалі яго медыкаментаў, хоць яму трэба было прымаць іх па рэцэпце лекара строга раз на дзень у пэўны час. На трэція суткі хлопцу далі падвойную дозу, ад гэтага ў яго здарыўся сератанінавы сіндром.
«Мне здавалася, што я ў небяспецы. Маё цела было вельмі напружана, я чуў сваё сэрца. У мяне была паніка і чаканне таго, што зараз адбудзецца нешта непапраўнае са мной. У мяне такі стан быў упершыню. У жыцці я навучыўся зазямляцца, але ў тыя моманты гэта было немагчыма…
На трэці дзень нас з гэтым мужчынам перавялі ў іншую камеру — яшчэ бруднейшую. І гэты чалавек пачаў мяне проста даймаць. Казаць, што ад мяне нібыта адмовіліся родныя і што маё жыццё страчана. У мяне склалася ўражанне, што гэта быў засланы сілавікамі чалавек — «вутка». Памятаю, на апошняй праверцы ён узяў ад сілавікоў нейкія паперы і прынёс іх у камеру. Пасля гэтага я яму сказаў: "Аляксандр, напэўна, вы не лекар, а нейкі засланы казачок". Тады ён адказаў дзіўна: "Камісія цябе прызнае псіххворым...»
У апошнюю ноч я зноў спрабаваў заснуць, але рэзка прачнуўся ўвесь у поце. Я не зразумеў, што са мной здарылася. Я ў яго пытаюся: "Што са мной адбылося?" А ён смяецца. Я тады пачаў стукаць у дзверы і пытацца ў канвойных, што са мной здарылася, з мяне здзекаваліся ці што? Яны сказалі так: "Нічога не адбылося — мы па камерах бачым, але ты (звяртаючыся да сукамерніка Аляксандра) больш так не рабі!"
Быў яшчэ дзіўны момант. Можа, вядома, я сабе надумаў... У нашай камеры былі ўсюды адтуліны. У нейкі момант я адчуў, як ідзе нейкі газ ці нейкая субстанцыя. У мяне кружылася галава. А ў гэты час Аляксандр сыходзіць і становіцца ў пэўнае месца. Я іду за ім, а ён мяне агрэсіўна адштурхвае з гэтага месца. Я памятаю, што неяк закрыў адтуліну бутэлькай, а ён падбег і хутка прыбраў гэтую бутэльку, сказаўшы пры гэтым: "Ты хочаш у турму на 15 гадоў?" На той момант я ўжо быў упэўнены, што ён супрацоўнічае з міліцыяй. І я ведаў, што калі яго стукну, то за мной адразу прыйдуць. Калі я сыходзіў з камеры, то ён крычаў мне ўслед: "Смерць!"»
«Я не пазнаваў сяброў — думаў, што яны супрацоўнікі КДБ»
Вячаслава вызвалілі з ізалятара па заканчэнні трох сутак. Але на выхадзе яго сустракалі ўсё тыя ж супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
«Я выйшаў з гэтага ІЧУ з пачуццём, што мяне забіць хочуць. У мяне і так былі праблемы з нервамі і панічнымі атакамі, а тут наогул... Пасля вызвалення я патэлефанаваў знаёмай, у якой блізкія там сядзелі, і хацеў распавесці гісторыю пра газ, а яна мяне перабівае і сама кажа: "Газам труцілі?" — "Так". Гэта значыць, яна сваёй фразай пацвердзіла мае здагадкі.
Па вызваленні я быў у такім стане, што падпісваў усё запар. Я не ўспрымаў усё рэальна. Я нават чужыя красоўкі надзеў пры вызваленні і не мог шнуркі ўставіць нармальна і завязаць іх... Я казаў супрацоўнікам, што мяне цяпер заб'юць і расстраляюць, а яны казалі: "Табе трэба баяцца!"».
Яны павезлі бабруйчаніна да следчага з імем Юлія. Хлопец распавёў ёй, што з ім адбывалася ў ІЧУ. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўсё пыталіся ў бабруйчаніна, навошта ён уступіў у «BYPOL», і пацікавіліся: "Колькі ў суддзі запрошваць: 10 ці 15 гадоў?" Але Вячаслава выпусцілі на волю з падпіскай аб нявыездзе і сказалі чакаць вынікаў экспертызы тэлефона.
«У мяне пайшла дзікая параноя. Мяне хацелі эвакуіраваць, але я быў у такім стане, што мог зрабіць непрыемнасці сваім сябрам».
Праз тыдзень пасля вызвалення Вячаславу давялося легчы ў псіхіятрычную лякарню ў Бабруйску, дзе яму паставілі дыягназ — посттраўматычны стрэсавы разлад, прычынай якога стала, паводле заключэння псіхіятра, вострая рэакцыя на стрэс.
«Я абсалютна не разумеў, што са мной адбываецца і што са мной будзе. Было пачуццё дэперсаналізацыі, як быццам я быў у іншым свеце. Я не пазнаваў сяброў — думаў, што яны супрацоўнікі КДБ. Я нікому не давяраў. Як мне потым тлумачыў мой стан псіхатэрапеўт, я сутыкнуўся з такой несправядлівасцю і недаверам да людзей праз данос, збіццё, зламаную руку. Гэта ўсё вялікія стрэсы... Я не п'ю, не палю, наркотыкаў не прымаю, а са мной такое адбываецца. Я ўпэўнены, што ў нас у Беларусі ёсць тысячы падобных гісторый».
Хлопец распавядае, што лячэнне ў мясцовай псіхіятрычнай бальніцы толькі пагоршыла яго стан, таму што там не атрымаў належнай дапамогі.
«Я даведаўся, што маё затрыманне залежала канкрэтна ад дырэктара. Вядома, гэта ўсё трэба будзе даказваць, але ў мяне ёсць падставы так думаць. Дырэктар, баючыся крымінальнай справы на сваім працоўным месцы, здаў мяне ГУБАЗіКу. Я мяркую, што ён неяк звязаны з міліцэйскімі структурамі».
«Мне ўвесь час сніцца дом, як я лётаю над Бабруйскам»
15 сакавіка Вячаслаў прыняў рашэнне пакінуць Беларусь.
«Гэта было спантанна, таму што ў мяне была страшная параноя, што ў любы момант да мяне пагрукаюцца, затрымаюць, пасадзяць і дадуць конскі тэрмін. Але сапраўды такое магчыма ў нашай краіне, тым больш што гэты артыкул звязаны з нібыта тэрарыстычнай дзейнасцю. Я адважыўся ўцячы ад страху. Я пракансультаваўся з «BYSOL», як лепш з'ехаць з Беларусі. Праз некаторы час я апынуўся ў Польшчы.
Падчас выезду, ды і цяпер, я знаходжуся ў стане шоку. Я як быццам у бяспецы, але ўсё роўна... У мяне дзікая туга па доме. Вымушаная эміграцыя вельмі цісне на псіхіку. Я лічу, што рэпрэсіі ў Беларусі — гэта злачынства супраць свайго народа і генацыд. Дзіўна казаць [рэжыму Лукашэнкі] пра барацьбу з сіламі звонку — ты ж сам выгнаў свой народ. Цяпер мне ўвесь час сніцца дом: як я лётаю над Бабруйскам, бабуля гатуе дранікі, а я ў сваёй студыі зводжу музыку. Дома я быў кімсьці: у мяне была свая супольнасць, сябры, і гэта рэзка ўсё перапынілі. Тое, што нас так вышчэмліваюць са сваёй краіны, — гэта вельмі несправядліва».