Мікалай Галадзед. Ад кіраўніцтва БССР да таямнічай смерці падчас допыту
За сталінскім часам нікому не было жыцця. Сціплыя дысідэнты і выдатнікі партыі мелі ці не аднолькавыя шанцы апынуцца ў рэпрэсіўным спісе. 21 чэрвеня 1937 года з акна 5-га паверха будынка НКУС выкінуўся былы кіраўнік БССР Мікалай Галадзед. Прасочым ягоны шлях.

Мікалай Галадзед
Шахцёр, электрамеханік, машыніст
Будучы сакратар Савета Народных Камісараў БССР нарадзіўся 21 траўня 1894 года ў сяле Стары Крывец Чарнігаўскай губерні (цяпер Бранская вобласць) у сям’і беларускага селяніна-печніка.
Пра маладыя гады Галадзеда вядома няшмат. Паехаў у пошуках грошай у Крывы Рог, дзе асвоіў розныя прафесіі — электрамеханіка, машыніста, шахцёра.
У 1917-м кіраваў раздзелам і захопам памешчыцкіх зямель
Падчас Першай сусветнай вайны змагаўся ў складзе арміі Расійскай імперыі. Вёў так званую рэвалюцыйную працу ў салдацкіх камітэтах Паўднёва-Заходняга фронту. Праз небяспеку смяротнага пакарання за антыўрадавыя выступленні дэзерціраваў з фронту.
Вярнуўся ў родны Стары Крывец, дзе кіраваў раздзелам і захопам памешчыцкіх зямель.
Кіраўнік БССР
Са студзеня 1918 года Мікалай Галадзед быў сябрам РСДРП(б).
У 1921-1924 гадах былы студэнт рабфака Горацкага сельскагаспадарчага інстытута стаў старшынёй выканкама Горацкага савета, таксама быў старшынёй тройкі па барацьбе з бандытызмам.
У 1925-м даслужыўся да пасады Другога сакратара ЦК КП(б)Б. А з 1927-га па 1937-мы працаваў старшынёй Саўнаркама БССР.
Уваходзіў у «палітычную камісію» па ўвядзенні «наркамаўкі»
У 1933 годзе савецкія ўлады стварылі «Палітычную камісію для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правіл правапісу беларускай мовы», зрабіўшы чарговы крок у справе пазбаўлення беларусаў нацыянальнай ідэнтычнасці.
Усе сябры ганебнай камісіі будуць рэпрэсаваны сваімі ж паплечнікамі ў 1937-1938 гадах.
Дарэчы, калегам Галадзеда па камісіі быў Васіль Шаранговіч — менавіта яго шыфраграма Сталіну справакуе арышт былога старшыні Саўнаркама.
Узнагароджаны ордэнам Леніна
Гэту ўзнагароду ў 1935 годзе Мікалай Галадзед атрымаў з фармулёўкай «за выдатныя поспехі на працягу шэрагу гадоў у галіне сельскай гаспадаркі, роўна як і ў прамысловасці». Але ж яго, як і многіх іншых, ордэн не ўратаваў ад смерці ў будынку НКУС.
Хадзіў каяцца перад Сталіным
У крыважэрным 1937 годзе Мікалай Галадзед відавочна прадчуваў сваю трагедыю. 30 траўня яго знялі з пасады кіраўніка ўрада БССР. А 14 чэрвеня, заклапочаны сваім лёсам, ён паехаў у Маскву — да Сталіна.
Вось што згадвала ў 1988 годзе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» дачка Мікалая Галадзеда Валянціна: «Прабыў ён у Крамлі даволі доўга і вярнуўся адтуль у добрым настроі, акрылены, бо Сталін супакоіў бацьку, сказаў, што хвалявацца за свой лёс Галадзеду не трэба, што ёсць нават думка зрабіць яго саюзным наркамам, што яму аказваюць поўны давер. Але ў гэты ж дзень пасля прыёму ў Сталіна Галадзеда арыштавалі — як «кіраўніка антысавецкага падполля ў Беларусі».
«Быў звязаны непасрэдна з Варшавай і з польскім паслом у Маскве»
З шыфратэлеграмы старшыні ЦК КПБ Васіля Шаранговіча Сталіну ад 14 чэрвеня 1937 года:
«Арыштаваны: былы наркамзем Бенек, былы наркамасветы Дзякаў, былы намеснік старшыні Дзяржплана Пятровіч, былы старшыня Мазырскага акруговага выканкама Дубіна, былы камандзір корпуса Шах-Назараў, якія прызналіся ў тым, што знаходзіліся ў контррэвалюцыйнай, шкодніцкай і шпіёнскай арганізацыі і ўказваюць на тое, што ўсю гэту арганізацыю ў Беларусі ўзначальвалі Галадзед і Чарвякоў. Гэтыя ж асобы паказваюць, што Галадзед быў звязаны непасрэдна з Варшавай і з польскім паслом у Маскве. Шах-Назараў выказваецца аб Галадзедзе як аб адным з кіраўнікоў вайсковай змовы ў Беларусі разам з Убарэвічам.
Для мяне цалкам зразумела, што Галадзед з'яўляецца ворагам народа, таму прашу санкцыянаваць ягоны арышт».
Па афіцыйнай версіі — выкінуўся з акна падчас допыту
Мікалай Галадзед быў затрыманы ў Маскве, а потым пераведзены ў Мінск. 21 чэрвеня 1937-га, падчас допыту ў будынку НКУС, няшчасны выкінуўся з акна 5-га паверха.
Па словах дачкі Галадзеда, вядомы мінскі лекар Майсей Шапіра распавядаў яе маці, што ў адну з начэй да дома, дзе жыла сям’я Шапіры, падʼехаў «чорны варанок». Шапіра вырашыў, што прыехалі яго арыштоўваць. І сапраўды, яго павезлі ў турму НКУС.
Пасля таго выпадку Шапіра катэгарычна адмаўляў версію, што бацька выкінуўся з акна, бо на касцюме Мікалая Мацвеевіча, як сцвярджае сведка, не было ні крыві, ні бруду».
Галадзед рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Мінскія вуліцы носяць імёны Галадзеда і Шаранговіча
Імёнамі якіх толькі ворагаў Беларусі не названы шматпакутныя мінскія вуліцы.

Шыльда на вуліцы Мікалая Галадзеда ў Мінску
Лёс Васіля Шаранговіча таксама быў незайздросным. Ён быў асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 сакавіка 1938 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання.