«Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба — можаце мяне забіваць». Герой Расціслаў Лапіцкі

Таленавітага, натхнёнага, упартага Расціслава Лапіцкага чакала доўгае, шчаслівае жыццё, але сталінскія карнікі спынілі яго гарачае сэрца ў 22 гады. Ягоны нязломны ўнутраны стрыжань натхняе беларусаў не зварочваць са шляху да праўды і справядлівасці і сёння.

Расціслаў Лапіцкі

Расціслаў Лапіцкі

Сын «сацыяльна чужога элемента»

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута Віленскага павета (сёння Вілейскі раён, Мінская вобласць). Ён быў сынам праваслаўнага святара, альбо, карыстаючыся сталінскім вакабулярам, «сацыяльна чужога элемента» — Аляксандра Лапіцкага.

У 1944-м 16-гадовы маладзён пайшоў вучыцца ў сямігодку. У сямігодцы Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай семінарыі, да якой малады чалавек далучыўся праз свайго старэйшага брата — семінарыста Алега Лапіцкага. Арганізацыя была разгромлена, Расціславу прысудзілі тры гады зняволення, а яго брату — 10.

Расціслаў Лапіцкі выйшаў на волю ў 1945-м па амністыі ў сувязі з перамогай над фашысцкай Германіяй. Перавыхаваць Лапіцкага не ўдалося: антысавецкіх поглядаў не змяніў і больш за тое — адкрыта іх адстойваў.

У 1946-м памёр старэйшы Лапіцкі. Для сям’і насталі цяжкія часы. Яны пераехалі ў вёску Мікасецк, што ля Мядзеля. Расціслаў стараўся знайсці нейкі заробак пры мясцовай царкве і наведваў мядзельскую дзесяцігодку.

«У памяці колішніх мядзельскіх і кабыльніцкіх школьнікаў, жыхароў абодвух мястэчкаў і навакольных вёсак Расьціслаў Лапіцкі застаўся як надзвычайная асоба, надзеленая многімі талентамі, са шчырай і добрай душой, адкрытай да чужога болю, — піша Міхась Чарняўскі. — Ён выдатна маляваў, добра сьпяваў і граў на розных музычных інструментах. Меў здольнасьці да майстраваньня і вынаходніцтваў — рабіў радыёпрыймачы, змайстраваў электрамашыну, якой спрабаваў лячыць людзей, езьдзіў на самаробных роварах, у тым ліку і з маторам, мог сабраць выбуховае прыстасаваньне, для якога ў пасьляваенныя гады яшчэ хапала матэрыялу».

«У нас ёсць свая «Маладая гвардыя», якая змагаецца за Беларусь»

У школе Расціслаў Лапіцкі не хаваў сваіх прабеларускіх, антыкамуністычных поглядаў, выказваў іх наўпрост на занятках.

Гісторыя захавала ўспаміны вучаніцы школы па прозвішчы Захарэвіч аб крылатым выразе юнака-антысаветчыка:

«Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — знішчы яе».

У Міхасецку сям’я Лапіцкіх пакутавала ад голаду і галечы. У адзін дзень Расціслаў разам з маці вырашылі пайсці пешшу ў Смаргонь, ведучы за сабой карову-карміліцу. Там жылі браты маці.

«У Смаргоні Расьціслаў пайшоў у дзесятую клясу мясцовай школы. Патрыёт і тут адразу ж пачаў шукаць сяброў, каму быў бы неабыякавы лёс Бацькаўшчыны, — піша Міхась Чарняўскі. — Разгарнулася агітацыя — на школьных перапынках, вечарынах, у клюбе, дзе Расьціслаў падзарабляў ігрой на піяніне. Набралася каля паўтара дзесятка аднадумцаў. Рослы, прыгожы Лапіцкі, з вострым розумам і палкім характарам, які мог захапіць і словам, і прыкладам, стаў і тут несумненным лідэрам. І ў Смаргоні нават на ўроках юнак не хаваў сваіх перакананьняў: спрачаўся з камсамольскімі арганізатарамі, некаторымі настаўнікамі.

Аднойчы адмовіўся пісаць сачыненьне па рамане Фадзеева «Маладая гвардыя», заявіўшы, што ў іх ёсьць свая «Маладая гвардыя», толькі яна змагаецца за Беларусь».

Гісторык Уладзімір Арлоў адзначае: «У словах Расьціслава не было асаблівага перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавекаў. Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік падзарабляў, граючы на піяніне. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак...»

Расстрэл героя

Праз масавае з’яўленне гэтых самых антыкамуністычных улётак у 1949 годзе Расціслаў Лапіцкі і быў затрыманы, аднак пасля бясплённага допыту вызвалены.

Хаваючыся ад пераследу, ён вярнуўся на Мядзельшчыну — спачатку ў Міхасецк, потым ў вёску Кабыльнік. Адзін з удзельнікаў мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля Часлаў Цыбоўскі прасіў партызанаў Арміі Краёвай пераправіць Лапіцкага за мяжу, аднак Расціслаў быў на той момант надта хворым і не скарыстаўся шанцам на паратунак. Неўзабаве яго схапілі.

«Да суду ўтрымліваўся ў нядобра славутым астрогу ў Вілейцы, дзе на допытах яго жорстка катавалі. Аднаму таксама арыштаванаму вучню кабыльніцкай школы ўдалося падгледзець, як па турэмным калідоры вялі Расьціслава, зьбітага так, што ня мог сам ісьці, выглядаў на старога дзеда», — піша Міхась Чарняўскі.

Суд над удзельнікамі мядзельска-смаргонскага падполля адбыўся ўлетку 1950-га, у Маладзечне. Кіраўнік арганізацыі, 22-гадовы Лапіцкі, трымаўся гераічна і ўзяў на сябе ўсю віну.

Да таго ж Уладзімір Арлоў адзначае, што выступленне на судзе Лапіцкі выкарыстаў не для апраўданняў, а дзеля абвінавачвання камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцці храмаў.

Ваенны трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу.

Расціслаў Лапіцкі адмовіўся ад прапановы прасіць памілавання і з абурэннем прамовіў:

«Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба — можаце мяне забіваць. А я, колькі жыць буду, столькі буду вас усіх ненавідзець і буду вам шкодзіць праз увесь час!».

Малады герой быў расстраляны ў ноч на 28 кастрычніка 1950 года ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі.


Юзаф Качэрга, які ў дзень суда над падпольшчыкамі быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, апавядаў (паводле слоў Факунды Несцяровіча, што таксама вярнуўся са сталінскіх канцлагераў) пра апошнія хвіліны жыцця кіраўніка мядзельска-смаргонскага падполля так:

«Восеньскай ноччу Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча павезлі ў падвілейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факунду. А затым тут жа абвясцілі пастанову Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб яго памілаванні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расціславу. Аднак рашэння аб памілаванні не абвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл — і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму».

Нязломны ўнутраны стрыжань героя Беларусі Расціслава Лапіцкага натхняе не зварочваць са шляху да праўды і справедлівасці і сёння.