У Ліцэі БДУ прайшлі масавыя чысткі выкладчыкаў

З Ліцэя БДУ, які ў 2020 годзе асудзіў гвалт сілавікоў, «сышлі» дзесяць выкладчыкаў, паведамляе «Люстэрка». Паводле інфармацыі дзвюх не звязаных паміж сабой крыніц, педагогам не працягнулі кантракты.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2_logo_1.jpg

«19 чэрвеня з Ліцэя БДУ звольнілі дзесяць выкладчыкаў», — паведаміў адзін з чытачоў выдання.

Інфармацыю аб сыходзе дзясятка настаўнікаў пацвердзіла і экс-педагог Ліцэя. Паводле яе слоў, нядаўна супрацоўнік КДБ правёў асабістую гутарку з работнікамі ўсіх кафедраў. Пасля гэтага з'явіліся спісы, з кім не працягнуць кантракт.

Паводле слоў крыніц, сярод тых, хто сышоў, ёсць выкладчык геаграфіі, гісторыі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, арткіраўнік. Паводле даных на чацвер, 22 чэрвеня, імёны гэтых настаўнікаў былі пазначаны на сайце навучальнай установы.

У прыёмнай Ліцэя БДУ, куды журналісты выдання патэлефанавалі як занепакоеныя бацькі, сказалі, што ўпершыню чуюць пра тое, што з навучальнай установы сыходзяць дзесяць выкладчыкаў. Спецыяліст удакладніла, што не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэту інфармацыю.

«Выкладчыкі, як і ўсюды — хтосьці сыходзіць, хтосьці застаецца. У кожнага ёсць свае нейкія прычыны. Хтосьці прыходзіць, хтосьці сыходзіць. Думаю, у любой установе адукацыі кадры змяняюцца. У кожнага чалавека ёсць права выбару: застацца, сысці, памяняць працу або працаваць далей», — патлумачыла сітуацыю суразмоўніца.

Паводле яе слоў, кожны год «хтосьці сыходзіць, хтосьці прыходзіць» — гэта «нармальная з'ява». Яна таксама адзначыла, што ў Ліцэі вялікі педсастаў: «Гэта не 20 чалавек і не 15. Тым больш ёсць сумяшчальнікі».

Усхваляваных бацькоў яна папрасіла не перажываць: «Дзеці не застануцца без настаўнікаў».

«Людзей з вуліцы не набіраюць, каб вучылі дзяцей. Бяруцца людзі з кваліфікацыяй <...>. Натуральна, гэта людзі, якія прыходзяць на сумоўе. З імі размаўляюць, глядзяць, наколькі яны нам падыходзяць, — сказала супрацоўніца прыёмнай. — Гэта нармальны працэс для любога калектыву. Асабліва вялікага калектыву. Паверце, у нас вялікі калектыў. Таму тут няма ніякай падставы з-за гэтага перажываць».

Нагадаем, у сакавіку 2023-га тэлеканал «Белсат» са спасылкай на свае крыніцы заяўляў, што ў навучальнай установе былі складзены тры спісы нелаяльных педагогаў. Сярод іх:

— непасрэдныя ўдзельнікі пратэстаў;

— асобы, якія данацілі грошы на розныя ініцыятывы;

— тыя, хто ў 2020 годзе ставіў подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты.

Паведамлялася, што іх плануюць звольніць па сканчэнні кантрактаў, каб не зрываць працу Ліцэя.

У снежні 2022-га ў інтэрв'ю «Нашай Ніве» экс-дырэктар Ліцэя БДУ Ігар Варакса распавёў, што з лета 2021-га, калі ён пакінуў навучальную ўстанову, паводле яго падлікаў, сышлі самастойна або былі звольнены 12 супрацоўнікаў.