«Забойца», «чорны рыэлтар». Як лукашэнкаўцы плямяць каталіцкіх святароў

У Беларусі чарговая хваля змагання з каталіцкімі святарамі. У мінулым месяцы адбыўся шэраг затрыманняў, у гэтым пачалася кампанія па дыскрэдытацыі. «Еўрарадыё» распавядае, якімі сродкамі рэжым спрабуе ачарніць прадстаўнікоў «нязручнай» канфесіі.

Той самы ксёндз-«забойца». Фота з сацсетак

Той самы ксёндз-«забойца». Фота з сацсетак

Ксёндз-«забойца»

У праўладных пабліках 15 чэрвеня з’явілася правакацыйная публікацыя пра вядомага каталіцкага святара з Мінска, які нібыта зліваў інфармацыю «экстрэмісцкім каналам». Аднак, на думку сайта Katolik.life, у тэлефоне ксяндза нічога не знайшлі, бо ўвечары таго ж дня ён быў на волі і працягваў выконваць свае абавязкі.

У пастах акрамя абвінавачанняў у «злівах» прапагандысты паставілі яму ў віну «забойства жывёл»: «А яшчэ ***** — заўзяты паляўнічы з 10-гадовым стажам насуперак кананічнай забароне на пазбаўленне жыцця. Каб забіваць, ён закупіўся зброяй на 25$, а яшчэ недарожнікам чыста для палявання. Заадно набыў і катэр».

У якасці доказаў апублікавалі некалькі яго здымкаў з сацсетак: у тым ліку з… вялікім сомам.

Пра маральны бок палявання можна спрачацца доўга, але на гэты занятак дакладна не распаўсюджваецца «кананічная забарона на пазбаўленне жыцця».

Сам святар не хаваў свайго хобі і нават калісьці казаў у інтэрв’ю з гэтай нагоды: «Але ж у жывёлы няма душы! І тое, што на паляванні мы яе забіваем, ніякага дачынення да Божых запаведзяў не мае. Ёсць, вядома, тыя, хто адчуваюць асалоду не ад самога працэсу палявання, а менавіта ад забойства — не абавязкова дзікіх звяроў, а і проста дваровых котак і сабак, назіраючы іх перадсмяротныя пакуты. Гэта хворыя людзі! Сапраўдны ж паляўнічы імкнецца выключыць пакуты звяроў і птушак, вучыцца патрапляць адразу ў патрэбнае месца».

Дый з якіх часоў беларускі рэжым стаў мець нешта супраць палявання? Магчыма, прапагандысты папросту не ведаюць, хто ў Беларусі манапаліст па аказанні гэтых крывавых паслуг.

«Чорны рыэлтар»

Паклёпніцкая публікацыя з'явілася ў прапагандысцкіх пабліках і ў адносінах да пробашча мінскай парафіі Святых Сымона і Алены. Ксяндза Уладзіслава Завальнюка паспрабавалі абвінаваціць у махінацыях з нерухомасцю.

З доказаў: ананімны ліст адной «неабыякавай парафіянкі», які яна вырашыла даслаць у прапагандысцкую непапулярную супольнасць у сацсетцы «УКантакце». У рэдакцыю выдання, дарэчы, таксама дасылалі гэту «скаргу».

Сцвярджалася, што Завальнюк упрошвае сваіх парафіян адпісваць уласныя кватэры касцёлу.

І як абвінавачанне гучыць тое, што святар «пабудаваў кватэру недзе ва Фрунзенскім раёне». Адметна, што сам святар яе наяўнасці ніколі не прыхоўваў і нават публічна заяўляў аб тым, што закладваў гэтую кватэру падчас збору грошай на званы для Чырвонага касцёла. Тады вернікам трэба было сабраць 70 тысяч еўра — дзяржструктуры ў фінансаванні не ўдзельнічалі, хоць будынак храма належыць дзяржаве.

Дыскрэдытацыя ксяндза адбываецца на фоне яго спробы вярнуць Чырвоны касцёл, які зачынены ўжо амаль 9 месяцаў, вернікам.

«Відавочна, што мэта падобных публікацый — падарваць аўтарытэт каталіцкага духавенства, давер да яго, унесці раз'яднанасць у шэрагі вернікаў. Відаць, што правакацыйныя публікацыі распаўсюдзілі па цэнтралізаваным указанні — амаль адначасова паведамленні з аднолькавым тэкстам з'явіліся на розных платформах у агульных і рэгіянальных пабліках, у выніку ахапіўшы аўдыторыю ў некалькі тысяч чалавек», тлумачыць партал Katolik.life