Крыніцы: У Віктара Бабарыкі можа быць інсульт

Пра тое, што ў палітвязня і былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі мог здарыцца інсульт, «Нашай Ніве» паведаміў былы палітзняволены Валянцін Лабачоў.

Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі

Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі

Сам Валянцін даведаўся пра гэта ад сваякоў аднаго з палітвязняў.

«Віктар Бабарыка, магчыма, перанёс інсульт і ў яго прабіта лёгкае», — расказваюць вязні калоніі.

Яны не ведаюць, якая сувязь паміж інсультам і станам грудной клеткі.

Паводле інфармацыі з калоніі, Бабарыка дагэтуль не вярнуўся туды.

Сам Валянцін Лабачоў мяркуе, што калі б у Віктара Бабарыкі ўсё было добра са здароўем, то праўладныя каналы ўжо б паказалі, як ён выглядае, як гэта было з Марыяй Калеснікавай. «А тут два месяцы нічога не вядома пра чалавека. Ці значыць гэта, што ён часткова ці поўнасцю паралізаваны?» — задаецца пытаннем былы палітвязень.

«Бабарыка знаходзіцца ў Калядзічах, у Рэспубліканскім шпіталі для зняволеных», — мяркуе Валянцін Лабачоў.

Таксама Лабачову расказалі, што Ігар Лосік будзе ў бліжэйшы час пераведзены на турэмны рэжым.

«Таму што ён знаходзіцца ў ПКТ з лютага, а трымаць там могуць толькі да паўгода, з ПКТ у атрад ужо не вяртаюцца. Таму месяц-два, і ён будзе ўжо на так званай «крытай турме».

Ужо больш за месяц пра асуджанага на 14 гадоў калоніі Віктара Бабарыку нічога невядома. Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, у ноч з 24 на 25 красавіка яго шпіталізавалі ў бальніцу Наваполацка.

12 мая ад праваабаронцаў з’явілася інфармацыя, што да свайго атрада ў наваполацкай калоніі ён нібыта ўжо не прыпісаны, а пасля — пра тое, што яго нібыта перавялі ў турэмную бальніцу пры СІЗА-1 у Мінску. Пасля гэтага ніякіх звестак не паступала.

17 мая адбылося масавае затрыманне медыкаў у Цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка — акурат той, куды даставілі былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта і адкуль падпольны «Рабочы рух» атрымаў інфармацыю пра яго шпіталізацыю. Многім медыкам далі ад 10 да 15 сутак. Некаторым выпісалі штрафы.

У прыватнасці, вядома, што хірурга Міхаіла Пачкоўскага і ўролага Паўла Стальмакова арыштавалі на 15 сутак, загадчыцу аддзялення гінекалогіі Ірыну Васільеву і фельчарку хуткай дапамогі Наталлю Первянёнак — на 10 сутак, а спецыялістку УГД Алу Стальмакову аштрафавалі на 100 базавых (3700 рублёў).

Потым медыкаў звольнілі за прагулы, як паведамляў тэлеграм-канал «Белыя халаты».

Кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары 2020 года і сабраў рэкордную колькасць подпісаў выбарцаў. Сацыялагічныя даследаванні паказвалі, што ён мае самы высокі рэйтынг сярод усіх кандыдатаў. Аднак у чэрвені 2020 года лукашэнкаўцы яго арыштавалі, а Цэнтрвыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата.