19 дзён невядомасці. Лукашысты працягваюць хаваць Віктара Бабарыку

Месцазнаходжанне былога фаварыта прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Віктара Бабарыкі невядома ўжо 19 дзён. У ноч на 25 красавіка палітыка даставілі збітым з наваполацкай калоніі ў гарадскую бальніцу, ад той пары дакладную інфармацыю пра стан палітвязня не могуць атрымаць нават яго сваякі.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

16 траўня прэс-служба палітыка паведаміла, што ні адна ўстанова сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, уключаючы падведамныя бальніцы, «не можа ўзяць на сябе адказнасць і пацвердзіць, што Віктар знаходзіцца ў іх».

«Сёння адвакаты зноў паедуць у папраўчую калонію нумар 1 горада Наваполацка, дзе фармальна адбывае пакаранне Віктар Бабарыка, для атрымання інфармацыі. Сваякі працягнуць дамагацца асабістага прыёму ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС», — удакладнілі паплечнікі палітвязня.

13 траўня сваякі экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты былі ў СІЗА-1 на Валадарскага, але там ім сказалі, што Віктара ў іх няма. 

У той жа час аднаму з валанцёраў штаба Бабарыкі, які таксама звярнуўся ў СІЗА на Валадарскага, паведамілі, што палітык нібыта знаходзіцца ў шпіталі ў Калядзічах (Мінскі раён).

Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў ноч на 25 красавіка ў гарадскую бальніцу Наваполацка са слядамі фізічнага ўздзеяння.

Упершыню інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з'явілася ў тэлеграм-канале «Р*бочы рух». Аўтары канала пісалі, што былога банкіра прывезлі ў бальніцу ў ноч на 25 красавіка са слядамі збіцця і пнеўматораксам.

Сваякі былога кандыдата ў прэзідэнты спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, але беспаспяхова.

Пазней медыцынскі тэлеграм-канал «Белыя х*латы» паведаміў, што ў Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам. Такая інфармацыя, нібыта, паступіла ад сведак у наваполацкай бальніцы.

Яшчэ 27 красавіка ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі, што палітык знаходзіцца ў іх. Але 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі калоніі заявіў, што Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Віктар Бабарыка афіцыйна больш не лічыцца ў сваім атрадзе.

У штабе палітыка раней паведамлялі, што інфармацыі пра Віктара Бабарыку ў іх не было некалькі месяцаў.

Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, прычым па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве». Сваёй віны Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.

20 снежня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч.3 арт. 430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч.2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.