Дарадца Ціханоўскай: Сітуацыя ў Беларусі застаецца ў міжнародным парадку дня
11 траўня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі. У ёй утрымліваецца патрабаванне вызваліць Віктара Бабарыку. Святлана Ціханоўская вітала рэзалюцыю Еўрапарламента і адзначыла, што яна пацвярджае еўрапейскую салідарнасць з народам Беларусі. «Р*дыё Рацыя» пагутырала з дарадцай Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр пра тое, якія крокі надалей могуць зрабіць беларусы замежжа і Еўропа для вызвалення палітвязняў у Беларусі.
— Прынята рэзалюцыя Еўрапарламента па правах чалавека ў Беларусі і канкрэтна па Віктары Бабарыку. Што дасць гэты дакумент? Сапраўды могуць санкцыі ўзмацніцца? Як вы ўвогуле ацэньваеце гэты дакумент і яго карыснасць?
— Гэта рэзалюцыя, як і ўсе рэзалюцыі, якія прымаюцца Еўрапарламентам (напрыклад, мы зараз чакаем рэзалюцыю Рады Еўропы наконт міграцыйных праблем, міграцыйных пытанняў беларусаў) — гэта фіксаванне на міжнародным узроўні таго становішча, тых праблем, якія ёсць.
Відавочна, канешне, што сама рэзалюцыя аўтаматычна не вырашае праблем, але яна з’яўляецца позвай на тое, каб далей рабіць нейкія дзеянні.
Я асабіста лічу, што нельга там сядзець і проста чакаць, каб на падставе такіх рэзалюцый нешта сама рабіла міжнародная супольнасць. Нам заўжды трэба на падставе гэтых рэзалюцый адвакатаваць свае інтарэсы. А як гэта робіцца? Заўсёды спасылаюцца на гэтыя дакументы і камунікуюцца з рознымі актарамі міжнароднай супольнасці для таго, каб прасіць тыя ці іншыя дзеянні.
Калі казаць пра сітуацыю з Бабарыкам, то відавочна, што гэта зварот да міжнароднай супольнасці, каб яна націснула, каб палітзняволеных адпускалі — усіх.
Тут нельга казаць, каго ў першую чаргу, каго не. Гэта павінна быць адначасова, але, канешне, нас вельмі турбуе стан здароўя многіх палітзняволеных, які пагаршаецца ў тых умовах, у якіх яны зараз знаходзяцца. То, канешне, менавіта на людзей, якія маюць праблемы са здароўем, трэба больш пільную ўвагу звяртаць і абавязкова ў самую першую чаргу выпускаць.
Але відавочна, што людзі сядзяць ні за што, за палітычны ўціск і палітычныя рэпрэсіі, таму варта, канешне, выпускаць усіх. Таму рэзалюцыі самі па сабе з’яўляюцца такім фіксаваннем на міжнародным узроўні, і гэта вельмі добры сігнал. Яны даюць зразумець, што сітуацыя ў Беларусі незакрытая, яна ўсё ж такі застаецца ў міжнародным парадку дня. Але гэта толькі маленькі крок, каб надалей з гэтым пытаннем працаваць.
— Зразумела, што Еўропа працуе так вельмі асцярожна, паступова, па нарастаючай. Але калі, напрыклад, не будзе зрухаў далей, сітуацыя застанецца такой, якую зараз назіраем. Які наступны дакумент можа прыняць Еўропа па моцы, па іерархіі?
— Канешне, крок па кроку ўсё набірае свае абароты. Таму што не так даўно мы размаўлялі, і быў прыняты чарговы Маскоўскі механізм, які даў ужо свой рэпорт, справаздачыўся аб тых парушэннях правоў чалавека, якія былі ў Беларусі.
Таксама ёсць місія Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека, мандат, які працягнуўся другі раз запар. Гэта даследаванне працягваецца. Таксама ёсць гэтая рэзалюцыя Еўрапарламента, гэта не адзіная рэзалюцыя, якая ёсць па Беларусі, што стварае такую вось кан’юнктуру.
Відавочна, што міжнародная супольнасць не такая хуткая і рэактыўная, як бы нам хацелася. Шмат суб’ектаў, якія прымаюць рашэнні. Зараз ствараюцца, на мой погляд, вельмі спрыяльныя ўмовы для таго, каб былі зроблены больш рашучыя дзеянні.
Як юрыст я б, канешне, хацела, каб былі ўжо прыняты нейкія рашэнні і рэзалюцыя. Напрыклад, аб стварэнні нейкіх спецыяльных трыбуналаў па злачынстве супраць чалавечнасці, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі. Ці, напрыклад, зараз ёсць ініцыятыва НАУ і Паўла Паўлавіча Латушкі, якую мы таксама цалкам падтрымліваем — па прыцягненні да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за перамяшчэнне дзяцей з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі. Гэта таксама можа стаць падставай, каб пачаць папярэдняе расследаванне ў міжнародным крымінальным судзе.
І таксама мы памятаем пра навіны, што выдадзены ордар на Пуціна, такія справы могуць паспрыяць, каб выдалі ордар і ў дачыненні да Лукашэнкі.