Куды завядзе 2023-ці? Чатыры сцэнары для Беларусі

Паміж нацыянальным дыялогам і метраполіяй, а можа быць, нават саюз супраць Расіі? Аналітыкі распавялі пра сцэнары змены палітычнага ландшафту ў краіне за гэты год. Аналітычны агляд «чатыры сцэнары для Беларусі да канца 2023 года» прэзентавалі Беларускі офіс Фонду Конрада Адэнаўэра і праект European Network for Belarus.

1111_3143454.jpg


З лютага па красавік 2023 года пятнаццаць даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі і Вялікабрытаніі канструявалі варыянты бліжэйшага развіцця будучыні, улічваючы актуальны парадак дня, заходнія санкцыі, становішча спраў у краіне, а таксама два ключавыя фактары: ціск Расіі на Беларусь і супраціўляльнасць Беларусі гэтаму ціску.

Аўтары агляду, зрэшты, робяць важную агаворку: задача была не прадказаць найбольш верагодны сцэнар, а агучыць іх — і быць гатовымі да самых нечаканых паваротаў. «Салідарнасць» паглядзела, якімі яны могуць быць.


«Расійскі пратэктарат»

Гэты сцэнар магчымы, адзначаюць эксперты, калі ціск РФ узмацніцца, а ўстойлівасць Беларусі да яго знізіцца.

У якасці кампенсацыі за паражэнне на полі бою Расія, цалкам імаверна, наважыцца анексаваць хоць бы Беларусь пад выглядам усё больш глыбокай інтэграцыі і выканання праграм Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка, як і пэўная частка грамадства, вымушаны будзе з гэтым змірыцца — а нязгодная большасць наўрад ці зможа пераламаць сітуацыю. З прычыны неаслабных рэпрэсій і адсутнасці альтэрнатывы беларусы працягнуць пакідаць краіну.

Такі сцэнар развіцця падзей, бадай, найменш пажаданы як для беларусаў у Беларусі, так і для кіраўніка, які намінальна можа быць пераабраны ва УНС і застацца на пасадзе «губернатара ўсяе Беларусі», але фактычна саступіць Маскве ўсе свае паўнамоцтвы — ваенныя, эканамічныя, знешнепалітычныя і гэтак далей.

На дыпламатычных адносінах з Украінай і дыялогу з Захадам можна паставіць тоўсты крыж.


«Суверэнітэт па змоўчанні»

Калі і ціск, і супраціў яму будуць дастаткова нізкімі, кіраўнік Беларусі цалкам сабе шчасна перажыве няўдалую спробу крамлёўскага перавароту — і краіна захавае суверэнітэт дзякуючы паслабленню з боку самой Расіі.

Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і медыя захаваюцца датуль, пакуль ва ўлад не з'явіцца стымул для гандлю з Захадам.

У гэтым сцэнары, на думку аналітыкаў, верагодна з'яўленне «чорнага лебедзя» — малапрадказальных падзей, якія могуць змяніць правілы гульні.

Напрыклад, такой птушкай разладу можа стаць спроба РФ змяніць уладу ў Мінску (яе, як мяркуюць аналітыкі, мы можам убачыць ужо ўвосень). Калі такая спроба акажацца няўдалай, Лукашэнка не толькі захавае ўладу, але нават павысіць сваю легітымнасць, вярнуўшы Беларусі бяз'ядзерны статус і спасылаючыся на тое, што ўсё гэта было пад ціскам Крамля.

У гэтым варыянце дэмакратычным сілам, якія знаходзяцца за мяжой, будзе вельмі складана захаваць, а тым больш павялічыць падтрымку Еўропы — шматлікім палітыкам цалкам хопіць змяншэння напружанасці ў рэгіёне і суверэнітэту Беларусі, а не яе дэмакратызацыі.


«Вялікі BY-алог»

Ціск з боку Расіі памяншаецца, а супраціўляльнасць яму, наадварот, расце — у такім выпадку Лукашэнка можа рызыкнуць адкрыта выступіць супраць «старэйшага брата», адмовіўшыся адпраўляць беларускае войска ва Украіну. Далей аналітыкі выбудавалі ланцужок падзей, у якім Крэмль адхіліць Лукашэнку ад улады і возьме кантроль над войскам РБ, але замест чаканых перамог атрымае новыя паражэнні, абстрэлы вайсковых аб'ектаў у Беларусі — і, як вынік, палітычныя ўзрушэнні ў абедзвюх краінах.

Затое тут з'яўляецца акно магчымасцей для беларусаў: гібель многіх вайскоўцаў здольна ўскалыхнуць новую хвалю антываенных пратэстаў, і на гэтай аб'яднаўчай платформе цвяроза думаючая частка палітычных эліт можа ўступіць у нацыянальны дыялог з грамадствам.

Сярод пазітыўных перспектыў — размарозка стасункаў з Захадам, выпуск палітвязняў і скасаванне або паслабленне часткі санкцый. Новыя прэзідэнцкія выбары ў гэтым сцэнары могуць быць падрыхтаваны ўжо да канца 2023 года.

Але ёсць і развілкі, у якіх падзеі могуць пайсці не так, як хацелася б. Сярод магчымых «чорных лебедзяў» — замена Масквой Лукашэнкі на прарасійскіх палітыкаў, якія падтрымаюць уступленне беларускага войска ў вайну (сцэнар «палацавага перавароту» і адстаўкі праз нібыта хваробу кіраўніка вельмі нагадвае падзеі апошніх тыдняў).

Таксама паваротнымі кропкамі могуць стаць ваенныя поспехі Украіны, асабліва ў Крыме, што паспрыяе расколу ў расійскіх элітах і хваляванням «глыбіннага народа», а таксама прыходу да ўлады ў Беларусі прагматыкаў, якія скарыстаюцца занятасцю Расіі на фронце, каб пачаць нацыянальны дыялог і ўсё ж захаваць суверэнітэт.


«Саюз супраць Расіі»

Чацвёрты сцэнар прадугледжвае ўзмацненне ціску Расіі, але разам з тым і рост супраціву Беларусі. Да чаго гэта прывядзе?

Калі Крэмль напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі паспрабуе ўзмацніць свой уплыў за кошт фінансавай падтрымкі палітычных структур і рэгіёнаў і, у ідэале, замяніць кіраўніка марыянеткавым прэзідэнтам да 2025 года, Лукашэнку нічога не застанецца, як публічна дыстанцыявацца ад Расіі і перасунуць крэсла бліжэй да Захаду.

З мэтай захавання ўлады, мяркуюць аналітыкі, кіраўнік пойдзе на дыялог з заходнімі краінамі, а пад іх ціскам — на вызваленне часткі палітвязняў і нават на перамовы з дэмакратычнымі сіламі (у аптымістычнай версіі сцэнара перамовы запланаваны на 2024 год).

Аднак, тут у падзеі могуць умяшацца сілавыя структуры: калі іх адданасць Лукашэнку сапраўды вялікая, то «крамлёўская змова» можа быць раскрыта ў пачатку лета, задоўга да яе ажыццяўлення.

Яшчэ адзін «чорны лебедзь» — імавернасць надзвычайнага здарэння або «дыверсіі» з чалавечымі ахвярамі пры будаўніцтве сховішча расійскай ядзернай зброі, што таксама дасць Лукашэнку магчымасць адмовіцца ад яе размяшчэння і дыстанцыявацца ад Расіі.


Што ў выніку?

Як бачым, у большасці сцэнарыяў аналітыкі мяркуюць, што захаванне незалежнасці, паслабленне санкцый і аднаўленне эканомікі Беларусі, а таксама аднаўленне дыялогу з ЕС і ЗША немагчымы без пачатку нацыянальнага дыялогу і новых выбараў.

А вось імкненне ўлад закансерваваць сітуацыю і захаваць статус-кво, падкрэслівае, у прыватнасці, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, непазбежна прывядзе да нарастання залежнасці ад Расіі і страты суверэнітэту.