Асобная думка. Горкае шампанскае траўня

Як жа зусім няшмат трэба, каб падвысіць попыт на шампанскае, і не толькі ў шматпакутнай Беларусі. Некалькі дзён не было бачна «правадыра», і СМІ ўзбудзіліся, сацсеткі пачалі абмеркаванні, якое шампанскае лепей пасуе, а шматлікія эксперты заняліся ўлюбёнай справай — будаваннем прагнозаў. А ўсё таму, што зусім ужо немалады чалавек з’явіўся на публіцы ў не вельмі добрым стане і потым знік з інфапрасторы.

Час адкаркоўваць шампанскае яшчэ не прыйшоў? Ілюстрацыйная выява

Час адкаркоўваць шампанскае яшчэ не прыйшоў? Ілюстрацыйная выява


Любы чалавек ва ўзросце каля 70 гадоў мае захворванні. Хто больш, хто менш, але выключэнняў няма. А захворванні маюць дрэнную звычку абвастрацца, і чалавек, як бы ён ні стараўся, проста не мае фізічных сіл штосьці рабіць і з’яўляцца перад аб’ектывамі. Кожны з нас бываў у такім стане, але чамусьці мы адмаўляем магчымасць з’яўлення такога стану ў іншага чалавека, якім фізічна з’яўляецца нават і той, якога нельга аспрэчваць.
Канешне, можна запярэчыць: «Ну як так? Можна ж проста сказаць, што "першая асоба" прыхварэла і зараз актыўна лечыцца!» А ці шмат такіх афіцыйных заяў вы чулі раней? Я не прыгадваю аніводнай! Абсалютна непрафесійна пабудаваны імідж непераборлівага і дужага волата ўжо не першы раз грае дурны жарт са сваімі стваральнікамі. У святочны лубок, якім з’яўляецца «Пул Першага», ужо даўно ніхто не верыць нават сярод ярых прыхільнікаў дзеючай улады. Ну вось праца ў іх такая за неблагія грошы — казаць, што «ўсё добра!»
Асабіста ў мяне большую занепакоенасць выклікае той факт, што вядомае прозвішча зноў склала і працягвае складаць даволі вялікую частку інфапавесткі незалежных СМІ. Нават контрнаступ, які ўсё ніяк не пачнецца, адышоў на другі, а то і на трэці план. Адсутнасць фота «першага» ў афіцыйнай прэсе хутка змянілася такой жа, калі не большай, колькасцю ў незалежнай.

«Дзе ён? Куды падзеўся? Які яго стан? Што там за бінт тырчаў з-пад пінжака?»

Захварэў, паклалі ў лякарню, лечаць. Ці камусьці, акрамя дасведчаных лекараў, апублічванне дыягназу штосьці можа сказаць? Ну, з'явіцца чарговая серыя кароткіх каментароў з парай-тройкай вядомых імёнаў з медыцынскага асяроддзя, але ж, мне здаецца, гэта будзе больш чарговы сеанс «лячэння па фотаздымку», бо аніводны лекар, які паважае сябе, не стане даваць нейкіх сур’ёзных прагнозаў без вывучэння гісторыі хваробы. Практычны вынік апублічвання дыягназу ў сучасных умовах — нулявы. Сучасная медыцына робіць цуды, а ў гэтым выпадку задзейнічаны лепшыя лекары з тых, хто застаўся, і, падаецца мне, не толькі мясцовыя.

« А што рабіць, калі...? А хто прыйдзе да ўлады?»

Вось тут розныя эксперты ўжо разгуляліся! Варыянтаў — трохі больш, чым вельмі шмат. Ад вулічных баёў да імгненнага ўваходжання ў РФ. Нават і С. Ціханоўская абвясціла пра гатоўнасць штосьці прадстаўляць і правесці новыя выбары. Неяк я прапусціў навіну пра вяртанне спадарыні Ціханоўскай у Беларусь. А можа, яна шчыра спадзяецца, што адразу «пасля як...» да яе будуць звяртацца з падобнымі прапановамі зусім разгубленыя Качанава ці Галоўчанка? Ні зараз, ні потым аніякія рэальныя сцэнары не будуць агучаны таму, што народу там адводзіцца адзіная роля — спачатку ў слязах пахаваць аднаго правадыра, а потым з імгненна высахлымі вачыма пляскаць у ладкі і вітаць новага. Любая актыўнасць будзе падаўляцца самым жорсткім чынам, якім за апошнія гады ўжо прызвычаіліся дзейнічаць пэўныя структуры. Перашкодзіць гэтаму можа толькі арганізаваны супраціў не толькі ў Мінску, але, як мінімум, у буйных гарадах Беларусі. Ці ёсць такі, ці рыхтуюцца людзі да менавіта такога сцэнару — таксама, зразумела, ніхто адкрыта казаць не будзе. Ніякія замежжы і палкі ваяроў тут нікому і ніяк не дапамогуць, бо сваіх спраў у іх болей чым досыць. РФ таксама чарговы 2020-ты ў Беларусі зусім не патрэбны — з той жа нагоды.


Ці варта чакаць моманту сыходу правадыра і адкаркоўваць шампанскае ў той час, калі ў турмах пакутуюць і будуць яшчэ пакутаваць нявызначаны час тысячы палітвязняў — кожны павінен вырашыць сам. Вельмі сумнеўна, што сыход аднаго, няхай і галоўнага, чалавека непазбежна будзе азначаць развал усёй сістэмы. Не для таго і не так яна будавалася, каб разбурыцца ад хлапкоў нават тысяч коркаў з бутэлек шампанскага. Там таксама рыхтуюцца да барацьбы за сваё існаванне.