Святлана Ціханоўская: «Я гатова браць на сябе адказнасць і быць вашым голасам, каб правесці сумленныя выбары»

Дэмакратычная лідарка Беларусі на фоне чутак пра дрэнны стан здароўя Лукашэнкі выказалася пра тое, у якой сітуацыі можа аказацца краіна пасля смерці альбо сыходу яе аўтарытарнага кіраўніка і якія небяспекі яна бачыць у гэтым выпадку.

Фота: Flickr Ціханоўскай

Фота: Flickr Ціханоўскай


— Ведаеце, за 28 гадоў у многіх беларусаў у галаве хоць раз праскоквала думка: а што будзе, калі Лукашэнка ўсё? І, вядома, на розум адразу прыходзіць думка пра шампанскае і свята для ўсёй краіны.

Але, насамрэч, адразу пасля святкавання для нашай краіны надыдзе цяжкі час. Калі ўсёй нацыі трэба будзе сур'ёзна напружыцца, каб пачаць адбудоўваць усё тое, што было разбурана за гэтыя гады, а галоўнае — не дапусціць прыходу іншага дыктатара або расійскага стаўленіка і захаваць незалежнасць.

Сярод яго «эліты» пачнецца самая сапраўдная барацьба. Ні пра якое адзінстве сярод іх у гэты перыяд думаць не варта. Ужо цяпер існуе напружанне паміж рознымі па настроі і адносінах да рэпрэсій «галінамі» рэжымнай улады. Але самая іх вялікая праблема ў тым, што яны гадамі спадзяваліся на Лукашэнку. Сваім становішчам яны абавязаны яму. Калі яго не стане, увесь уплыў гэтай «эліты» будзе вельмі малым — а амбіцыі велізарнымі.

Сёння ў іх яшчэ ёсць магчымасць сказаць, што гэта Лукашэнка вінаваты ў рэпрэсіях, смярцях і незаконным захопе ўлады. Але потым гэтай магчымасці ўжо не будзе.

У гэты момант сапраўдная ўлада і голас павінны належаць беларускаму народу. Таму што менавіта тады будзе вырашацца яго лёс і лёс усёй краіны. І менавіта ў гэты момант павінны адбыцца перамовы і прызначыцца новыя выбары — каб вырашыць палітычны крызіс і нарастаючы раскол у краіне.

У дэмакратычных сіл ужо распрацавана стратэгія пераходнага перыяду. Калі мы скончым яе абмеркаванне, будзе пушчана ў доступ публічная версія.

Я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў і беларусак і сказаць: я гатова браць на сябе адказнасць і быць вашым голасам у гэты цяжкі час, каб правесці сумленныя выбары і не дапусціць хаосу і прыходу да ўлады новага дыктатара.