Ці скончыць Лукашэнка беларускім «ХХ з'ездам КПСС»?
Аляксандр Лукашэнка нездарма вырашыў не ўзначальваць «Белую Русь» і нездарма казаў, што ў Беларусі не будзе «партыі ўлады». Ён называе сябе гісторыкам, але пэўна ведае толькі адзін гістарычны пастулат: «Здраджваюць толькі свае».
Цяпер прынята параўноўваць сістэму Лукашэнкі з познім сталінізмам. Вядома, пакуль у Беларусі не расстрэльваюць, але масавыя рэпрэсіі «за лайк у інтэрнэце» цалкам параўнальныя з рэпрэсіямі «за тры каласкі». Сам Лукашэнка ўжо некалькі разоў падкрэсліваў, што ягоны час на сыходзе. І гэта таксама праўда — дзядулю ўжо амаль пад 70, і, нягледзячы на ўсе дасягненні сучаснай медыцыны, узнікае ўражанне, што ён часам не вельмі адэкватны ў сваіх рашэннях.
Але яго рашэнні, сапраўды гэтак жа, як і пры Сталіне, не аспрэчваюцца.
Старэйшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін у нядаўнім інтэрв’ю заўважыў, што Лукашэнка не ўпісваецца ў сучасны свет, ён застаўся ў сваім мінулым. «Ён разумее, што ў такой сітуацыі найбліжэйшае асяроддзе — самая вялікая пагроза, чым усе лібералы разам узятыя, бо сабраў вакол сябе персанажаў з яшчэ тымі інстынктамі. А вось хто ўжо адчуе сябе больш моцным і чый апетыт на ўладу апынецца мацней — пакажа час, але прэтэндэнтаў шмат... такім чынам, паслабленне /Лукашэнкі/ стане адназначным “ваўчыным” сігналам бліжэйшаму колу. Іншых варыянтаў цяжка ўявіць: ні ўзброены напад, ні рэвалюцыя са зброяй у руках унутры краіны, хутчэй за ўсё, немагчымыя — толькі самі эліты і разбяруцца», — казаў эксперт.
Пра магчымы «бунт элітаў» не пісаў толькі лянівы, але пакуль Лукашэнку ўдалося сцэментаваць вакол сябе гэтыя самыя эліты. Некаторай «падачкай» гэтым элітам стала і інстытуцыялізацыя Усебеларускага народнага сходу, і стварэнне праўладнай партыі «Белая Русь» (праўладнай, але не «партыі ўлады» — прыкметна, што на яе ўстаноўчым з'ездзе не прысутнічала вышэйшае кіраўніцтва краіны).
Тым не менш менавіта такія стварэнні могуць паўплываць на будучыню і самога Лукашэнкі, і яго спадчыну.
Лукашэнка як Сталін. Што пасля?
Паколькі сістэма Лукашэнкі параўнальная з сістэмай «позняга Сталіна», можна ўзгадаць, што ж здарылася пасля смерці «правадыра народаў». А здарылася тады вялікая грызня за ўладу.
Варта адразу заўважыць: Мікіта Хрушчоў, які зрабіў пасля даклад аб кульце асобы Сталіна, на палітычную арэну спярша не выскачыў. Спершага падавалася, што яго «пасунулі» Георгій Малянкоў і Лаўрэнцій Берыя, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках спачатку сталінскі карны апарат, а потым і органы дзяржаўнага кіравання. Малянкоў стаў старшынёй Савета Міністраў СССР, а Берыя — МУС, аб'яднанага з Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі.
Менавіта Берыя пачаў працэс вызвалення і рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ён не мог яго не пачаць —на яго ціснула не толькі партыйнае кіраўніцтва (тады было складана знайсці хаця б аднаго партыйнага лідара, у якога не сядзелі б сваякі), але і ваенныя — Жукаў асабіста патрабаваў пераглядаў спраў тых, каго рэпрэсавалі пасля вайны.
І вось тут на сцэну выйшаў сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў, які абвінаваціў Малянкова ў тых жа рэпрэсіях, заявіўшы, што той быў найбліжэйшым паплечнікам Берыі. Малянкова тут жа знялі з пасады старшыні Савета Міністраў СССР, на яго месца прыйшоў даўні паплечнік Хрушчова Мікалай Булганін.
Чаму Хрушчоў не спыніўся на гэтых апаратных гульнях? Навошта было трэба рабіць даклад перад чальцамі КПСС аб сталінскіх рэпрэсіях і развянчання культу асобы Сталіна? На думку гісторыка У. П. Навумава, схаваць маштаб рэпрэсій, катаванняў, незаконнага асуджэння пасля рэабілітацый 1953-1955 гадоў проста не ўяўлялася магчымым. А ўся вярхушка КПСС была якраз і запэцканая ў сталінскіх злачынствах па самыя вушы.
«Мікаян адкрыта казаў пра тое, што адчувалі члены Прэзідыума ЦК. Яны баяліся адказнасці за ўчыненыя злачынствы, баяліся, што з'езд можа спытаць кожнага, якую ролю ён адыгрываў у арганізацыі масавых рэпрэсій. Адсюль — і першы матыў, якім кіраваўся Мікаян: пра рэпрэсіі лепш расказаць самім сябрам Прэзідыума і не чакаць, калі за гэта возьмецца хто-небудзь іншы… Такой інфармацыяй, лічыў Мікаян, члены прэзідыума маглі б паказаць дэлегатам з'езда, што ўсё аб сталінскіх злачынствах яны даведаліся толькі перад з'ездам, толькі ў выніку спецыяльнага вывучэння, распачатага камісіяй, якую яны стварылі. Тым самым члены Прэзідыума ЦК у нейкай ступені здымалі з сябе хоць бы частку адказнасці за крывавы тэрор 30-х. Тое, што менавіта яны самі, па сваёй ініцыятыве паставілі гэтае пытанне, павінна было адвесці ад іх магчымыя абвінавачанні», — піша Навумаў.
А Хрушчоў не толькі разлічваў сысці ад асабістай адказнасці, але «дабіць» сваіх канкурэнтаў. «Даклад Хрушчова быў надзвычай эмацыйным. Ён не шкадаваў фарбаў для Сталіна, але на самай справе цэліў у Малянкова, Кагановіча і Варашылава», — лічыць доктар гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута расійскай гісторыі РАН Рудольф Піхоя.
Ну а ўжо потым рушыла і масавая рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій, хрушчоўская «адліга», засваенне цаліны, кукуруза, стуканне чаравіком па трыбуне ААН і палёт у космас Юрыя Гагарына…
Опіум для народа
Але не толькі барацьба за ўладу вызначыла неабходнасць развянчання культу Сталіна. Да гэтага падштурхоўвала таксама і эканамічная абстаноўка СССР.
Грамадзяне СССР пасля вайны пераканаліся, што ўсе дасягненні народнай гаспадаркі СССР — пшык. Мільёны савецкіх людзей, якія прайшлі фронт, пабывалі за мяжой падчас вайны і не маглі не заўважыць, што нават ва ўмовах разрухі жыццё ў краінах Еўропы было лепш, чым у СССР, пераможцы ў вайне. Людзі змаглі ацаніць і супаставіць дасягненні заходняй цывілізацыі з савецкай рэальнасцю.
У 1953 годзе савецкае грамадства знаходзілася напярэдадні сацыяльнага выбуху. Многія мільёны людзей доўгія гады трывалі пакуты і ахвяры дзеля абяцанай партыяй «светлай будучыні», якая ўсё не наставала. І цярпенню наступала мяжа. Партыя перажывала крызіс веры, сістэма стала даваць збоі, насельніцтва выказвала незадаволенасць існуючымі парадкамі: цяжкім матэрыяльным становішчам, нізкім узроўнем жыцця, вострым жыллёвым крызісам… Новае кіраўніцтва, якое прыйшло да ўлады пасля смерці Сталіна, разумела, што ранейшымі метадамі яно не зможа ўтрымаць краіну і захаваць рэжым.
У выніку барацьбы за ўладу перамог Хрушчоў, які абвінаваціў Малянкова ў тым, што той «спрыяе развіццю буржуазных тэндэнцый у вёсцы». Але і пераможца заявіў, што цаліна павінна асвойвацца саўгасамі, у якіх працуе рабочы, які атрымлівае зарплату. Сяляне ж у калгасах тады заробкі не атрымлівалі, а працавалі за «працадні».
Таму на ўжо не жывога Сталіна можна было павесіць і правалы ў эканоміцы і сацыяльным развіцці СССР.
Што цяпер?
Зразумела, што гісторыя, як правіла, паўтараецца. І ў выніку ў Беларусі цяпер узнікаюць два (калі не больш) цэнтры сілы. Першы — гэта ўмоўны «Берыя-Малянкоў», сілавікі і ўрад (не будзем забываць, што ўрадам таксама кіруе сілавік). Умоўныя «хрушчоўцы» — гэта Усебеларускі народны сход, і (цяпер) партыя «Белая Русь». Здавалася б, у другіх няма рэальнай сілы, але прыкладна гэтак жа думалі пра КПСС і Малянкоў з Берыяй. А ў выніку аказалася, што партыйная вярхушка «схарчыла» «моцных гаспадарнікаў», якія думалі, што валодаюць рэальнай уладай.
Ну а пра правалы ў эканоміцы, у сацыяльным развіцці і казаць дадаткова не трэба. Ролю тых, хто пабачыў у часы вайны «загніваючы Захад», цяпер выконваюць «збеглыя». Варта адзначыць у гэтым плане апытанне аналітычнага цэнтра BEROC, у якім больш за палову рэспандэнтаў адказалі, што за межы з’ехаў іх хаця б адзін знаёмы.
Але стасункі не перарваліся, і таму ў Беларусі ведаюць, як насамрэч жывуць «у Еўропах».
Тое, што за рэпрэсіі адказвае не толькі адзін Лукашэнка, гэта проста відавочна. У іх замяшаныя не толькі сілавікі, але і суддзі, «ідэолагі» (ледзь не напісаў «парторгі»), чыноўнікі «вертыкалі», не кажучы ўжо пра персанал турмаў і ўвогуле сістэму «беларускага ГУЛАГу».
Беларускі «ХХ з'езд КПСС» непазбежны, пытанне толькі ў тым, у якім выглядзе ён пройдзе. Альбо ў выглядзе «хрушчоўскага» варыянту, — альбо ў выглядзе трыбунала. У любым выпадку, спадзяванні Лукашэнкі пакінуць пасля сябе «справу ўсяго жыцця» марныя. Бо нават «справа ўсяго жыцця» Сталіна развалілася, варта было яму памерці. А да развянчання культу яго асобы з моманту смерці прайшло ўсяго тры гады.
Колькі часу спатрэбіцца на падрыхтоўку дакумента аб «кульце асобы Лукашэнкі»? Ці шмат? Ці ў некага такі тэкст ужо загадзя гатовы?