«Змова рэптылоідаў». У чым сэнс прысутнасці Лукашэнкі на парадзе ў Маскве
На будучым трыбунале ў Гаазе (ці дзе яшчэ), прысвечанаму нападу Расіі на Украіну, Аляксандр Лукашэнка будзе апраўдвацца фразай: «А што я мог зрабіць?». Прынамсі, будзе падаваць свой саўдзел у вайне як вымушаны крок, зроблены пад ціскам «старэйшага хаўрусніка». Падаецца, у гэтым можа быць логіка яго з’яўлення на парадзе ў Маскве 9 траўня 2023 года.

Скрыншот з трансляцыі. Крыніца: Twitter
Не па сваёй волі
Лукашэнка з’явіўся там цалкам нечакана і, можна меркаваць, вымушана. Па-першае, дзеля яго прысутнасці ў сталіцы Расіі прыйшлося тэрмінова перакройваць планы адзначэння Дня Перамогі ў Мінску: ускладанне кветак з яго ўдзелам перанеслі з раніцы на вечар, калі ён прыляціць з Масквы. Відавочна, што такая карэкціроўка была раптоўнай, і да апошняга дня беларускі кіраўнік не збіраўся да Пуціна на Чырвоную Плошчу.
Па-другое, на кадрах з параду бачна, як кепска выглядае «самы надзейны хаўруснік» Уладзіміра Пуціна. Назіральнікі (у прыватнасці Аляксандр Фрыдман) зазначаюць, што апошнім часам былі чуткі, што ў Лукашэнкі кепска са здароўем. Апошнім разам яго паказвалі 5 траўня, і ён выглядаў не вельмі добра — хваравіта; на выхадных яго ўвогуле не было ў публічнай прасторы, ва ўсіх афіцыйных мерапрыемствах удзельнічалі Вальфовіч, Хрэнін, Качанава, а прамову за Лукашэнку зрабіў Галоўчанка.
Прысутнасць на парадзе такога Лукашэнкі зноў падымае пытанні пра ягоную самастойнасць і суб’ектнасць. Калі ён змушана паехаў у Маскву — нягледзячы на свае справы, парушаючы расклад уласных мерапрыемстваў, і да таго ж, маючы праблемы са здароўем — значыць, яго «вельмі і вельмі папрасілі». Якімі аргументамі яго пераканалі прысутнічаць на расійскім парадзе — невядома. Але думкі пра тое, як Пуцін націснуў на свайго хаўрусніка, і чаму кіраўнік нібыта суверэннай дзяржавы зрываецца з месца «па першым шчаўчку пальцаў», нікуды не схаваеш.

Хто пісаў прамову Пуціну?
Ёсць яшчэ адна дзіўная рэч, якая здарылася на Чырвонай Плошчы ў Маскве. А менавіта прамова Пуціна. Канечне, часткова мы пачулі ад расійскага кіраўніка тое, што мы павінны былі ад яго пачуць: тое, што супраць Расіі развязаная вайна, што Расія, нібыта, дала адпор «міжнароднаму тэрарызму», што Расія забяспечвае сваю бяспеку, а таксама мае намер «абараніць жыхароў Данбаса» (пра іншыя акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, якія, між іншым, нібыта былі ўключаныя ў склад РФ на так званых «рэферэндумах», Пуцін сціпла прамаўчаў).
Але былі і іншыя дзве заўважныя рэчы.
Пуцін, канечне, абрынуўся з крытыкай на Захад. «Заходнія глабалісцкія эліты па-ранейшаму паўтараюць аб сваёй выключнасці, нацкоўваюць людзей і расколваюць грамадствы, правакуюць крывавыя канфлікты і перавароты, сеюць нянавісць, русафобію, агрэсіўны нацыяналізм, знішчаюць і сямейныя, традыцыйныя каштоўнасці, якія робяць чалавека чалавекам. І ўсё для таго, каб і далей дыктаваць, навязваць народам сваю волю, свае правы, правілы, а па сутнасці, сістэму рабавання, гвалту і падаўлення», — прамовіў Пуцін.
Раней у Пуціна «Захад» быў больш персаніфікаваны, і выяўляўся ў ЗША і ЕС. Цяпер для яго гэта — нават не абстрактны «Захад», а нейкія нявызначаныя «заходнія глабалісцкія эліты». Прыкладна так, як Лукашэнка называе сваіх апанентаў «лялькаводамі», аб’яўляе варожым той самы «Захад», пры гэтым не канкрэтызуючы, хто гэта і навошта ім небагатая краіна Беларусь, якую нявызначаныя «яны» спрабуюць у яго адабраць, як дзіцячую цацку.
І зусім нехарактэрны ад Пуціна пасаж: «Для нас, для Расіі няма недружалюбных, варожых народаў ні на Захадзе, ні на Усходзе. Як і абсалютная большасць людзей на планеце, мы хочам бачыць будучыню мірнай, свабоднай і стабільнай».
Такое ўражанне, што прамову Пуціну на 9 траўня пісалі беларускія спічрайтары. Альбо, калі ўжо паглыбляцца ў «тэорыі змовы», то тая самая «глабалісцкая» «змова рэптылоідаў» захапіла ўладу і «лялькаводзіць» не на Захадзе, а на Усходзе. І што прамовы і для Лукашэнкі, і для Пуціна пачалі пісаць адныя й тыя ж людзі (альбо не людзі, калі мы кажам пра рэптылоідаў).

Скрыншот з bdg.by
Пошук апраўданняў
Відавочна, што сваім з’яўленнем на парадзе 9 траўня 2023 года ў Маскве Лукашэнка зноў прадэманстраваў сваю несамастойнасць. І ў гэтым плане, — асабліва напярэдадні чаканага ўкраінскага контрнаступу, — ёсць і пэўны станоўчы момант для Лукашэнкі.
Калі ў будучыні дзе-небудзь у Гаазе ці Бучы адбудзецца трыбунал за напад на Украіну, Аляксандр Лукашэнка будзе апраўдвацца фразай: «А што я мог зрабіць?». Маўляў, ён дзейнічаў у інтарэсах суверэннай Беларусі, і каб ён не пагадзіўся ўлезьці ў хаўрус з Масквой, лёс Украіны напаткаў бы Беларусь. Прычым у дыктатарскай Беларусі не мелася б аніводнага шанцу аказаць такі супраціў, якая аказала Расіі Украіна. Таму што (зноў жа, з-за дыктатуры) у яе не было ані адпаведнай стрымліваючай зброі, ані заходніх саюзнікаў, якія б стварылі кааліцыю ў яе падтрымку.
У тым, што вайна скончыцца шчасна для Расіі (і, адпаведна, для Беларусі), ужо ні ў каго веры няма (калі, канечне, Украіна не накасячыць крытычна са сваім контрнаступам). І потым непазбежна прыйдзецца адказваць за саўдзел у вайне перад сусветнай супольнасцю.
Ці будзе прыняты аргумент «а што я мог зрабіць» — канечне, сумніўна, але зменшага такі аргумент у Лукашэнкі ўжо ёсць.
Праўда, гледзячы на постаць беларускага кіраўніка ў Маскве, на ягоны знешні выгляд, нават узнікаюць сумневы, што ён да таго трыбуналу дажыве. Асабліва калі Пуцін прымусіць яго катацца ў такім стане ў Маскву яшчэ пару-тройку разоў.