9 траўня. Хваравіты і сумны Лукашэнка ў Маскве, прамова Ціханоўскай

Сёння, 9 траўня, у шэрагу постсавецкіх краін святкуецца 78-я гадавіна перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аляксандр Лукашэнка ў гэты дзень быў вымушаны паехаць у Маскву, дзе разам з кіраўнікамі Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Туркменістана і Арменіі паслухаў прамову Уладзіміра Пуціна на Краснай плошчы.

Лукашэнка на парадзе ў Маскве. Скрыншот відэа «Л*стэрка»

Лукашэнка на парадзе ў Маскве. Скрыншот відэа «Л*стэрка»

Гэты візіт Лукашэнкі не анансаваўся. Яго прэс-служба коратка паведаміла пра паездку толькі ўчора вечарам, калі расійскія медыя ўжо апублікавалі відэа лукашэнкаўскага картэжа ў Маскве.

Прэс-служба чамусьці назвала візіт у сталіцу Расіі працоўным.

Выглядае, што Лукашэнку фактычна прымусілі наведаць РФ у Дзень Перамогі, бо папярэдне аб гэтым ніяк не згадвалася. Першапачаткова ў Мінску планаваўся звычайны сцэнар святочных мерапрыемстваў з ранішнім ускладаннем кветак на Плошчы Перамогі, у якім звычайна бярэ ўдзел дыктатар. Аднак незадоўга да 9 траўня фармат моцна скарэктавалі — перанеслі цырымонію з кветкамі ля Вечнага агню на вечар. Як мяркуецца, да гэтага часу Лукашэнка паспее вярнуцца ў Мінск.

Шмат хто звярнуў увагу на тое, што на фота і відэа з Краснай плошчы Лукашэнка выглядае хваравіта. Марудна перасоўваецца, выраз твару досыць хмурны. За колькі дзён да 9 траўня ён уручаў чарговыя ўзнагароды сваім прыхільнікам у сваім жа палацы ў цэнтры Мінска. Зноў жа, многія тады заўважылі праблемы з голасам Лукашэнкі, які прамаўляў цяжка і вельмі сіпла, і зрабілі здагадку, што кіраўнік рэжыма захварэў. Пасля той урачыстай цырымоніі ён на тры дні знік з публічнай прасторы.

Нягледзячы на праблемы са здароўем, не паехаць у Маскву Лукашэнка не мог. Яго залежнасць ад расійскай падтрымкі на сёння настолькі вялікая, што прымушае выконваць усе загады «старэйшага брата».

Што да прамовы Пуціна ў Маскве, то яна была, як кажуць, «ні аб чым». Звычайны набор прапагандысцкіх крамлёўскіх штампаў пра злосны Захад і Расію, якая змагаецца з сусветным «нацызмам».

«Пуцін зрабіў сур'ёзную заяўку на перамогу ў конкурсе «самы шэры выступ у гісторыі Краснай Плошчы, — адзначыў з гэтый нагоды палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. — І гэта ўсё для таго, каб заявіць пра «сапраўдную вайну» супраць РФ, падкрэсліць важнасць «традыцыйных каштоўнасцяў» і, зразумела, падзяліцца патыхаючым навізной тэзісам пра Захад, які арганізаваў «дзяржаўны пераварот» ва Украіне?».

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

У сваю чаргу з прамовай да 9 траўня выступіла Святлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, 9 мая 1945 года — гэта «не толькі Дзень памяці ў гісторыі чалавецтва», але яшчэ і «стартавая кропка, якую ўсе краіны — удзельніцы вайны выкарыстоўвалі для таго, каб больш не ваяваць, а будаваць квітнеючыя і развітыя дзяржавы».

«І толькі дыктатары выкарыстоўвалі яе для таго, каб загразнуць у крызісе і пачаць новую жахлівую вайну», — адзначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сіл.

«Мой прадзед Афанасій, які дайшоў да Берліна, быў бы ў жаху, даведаўшыся, што Дзень Перамогі з дня "ніколі больш" ператварыўся ў кашмарнае "можам паўтарыць", — падкрэсліла Святлана Ціханоўская. — Але мы — беларусы. І ў нашага народа ўсё яшчэ ёсць выбар. Які шлях развіцця нам бліжэй? Рэпрэсіі, войны, крызіс, міжнародныя ваенныя злачынствы, перапісванне гісторыі, вымыванне лепшых спецыялістаў — ці ўсё ж такі свабода, інтэграцыя ў еўрапейскую эканоміку, рост узроўню жыцця, годныя зарплаты і пенсіі, магчымасць свабодна падарожнічаць па свеце, інвестыцыі ўсяго цывілізаванага свету ў нашу краіну?».