Забыццё каштуе дорага: Тры эпохі 9 траўня

Калі зірнуць на гісторыю 9 Мая, можна заўважыць, наколькі стаўленне да яго адлюстроўвала сітуацыю ў краіне, якая яго адзначала — што СССР, што постсавецкая Расія. Гэтае адлюстраванне было куды больш гаваркім, чым у любога іншага свята з савецкага календара. І куды больш шчырым. Такім яно застаецца і цяпер. Толькі на дадзеным этапе яно выклікае жах.

Мінску упрыгожаны да 9 траўня 2023. Ілюстрацыйная выява

Мінску упрыгожаны да 9 траўня 2023. Ілюстрацыйная выява


Савецкая эпоха: ад дзяржаўнага адмаўлення да сямейнага свята

Загад святкаваць 9 траўня як Дзень перамогі з’явіўся адразу пасля падпісання Акту аб капітуляцыі Нямеччыны. Пры гэтым дзень абвяшчаўся непрацоўным. Так было ў першыя гады пасля завяршэння вайны. Але ў снежні 1947-га нечакана было абвешчана, што 9 траўня зноў робіцца працоўным. Савецкаму народу наўзамен даваўся новы выходны — на 1 студзеня.

Логіку гэтага «размену» спрабуюць дэшыфраваць дагэтуль. З найбольш папулярных тлумачэнняў можна назваць боязь Сталіна (заўважце, Сталін увесь час чагосьці баяўся) перад вялікай папулярнасцю вайскоўцаў і асабіста маршала Жукава. Адмяняючы свята на Дзень Перамогі, ён імкнуўся зменшыць іхні ўплыў у савецкім грамадстве. А яшчэ такім чынам можна было б знізіць і ўвагу да ветэранаў і, адпаведна, зменшыць тыя сродкі, якія йшлі на іхняе забеспячэнне (асабліва — тым, хто застаўся знявечаным у выніку раненняў). Як істотны аргумент можна прыняць і тое меркаванне, што ў той час для значнай часткі савецкіх грамадзянаў гэтае свята было з надта горкімі слязьмі на вачох: боль ад страты блізкіх, ад разбурэння лёсаў, мараў, быў яшчэ надта вострым.


Я б дадаў яшчэ адзін фактар — пачатак халоднай вайны. Памяць пра сумесную перамогу не надта пісалася з узніклым жорсткім процістаяннем з былымі хаўруснікамі па кааліцыі. Перад савецкім грамадствам цяпер ставіліся задачы перамагчы імперыялістычны Захад, ды яшчэ й узброены ядзернай зброяй. Каб даць рады гэтай задачы, трэ было не святкаваць былыя сумесныя перамогі, а «распранацца і працаваць».

Не дарэмна вяртанне выходнага на 9 траўня супала з пацяпленнем адносінаў з заходнім блокам. Калі Хрушчоў зноў вярнуў свята на Дзень Перамогі, гэта было ўжо зусім іншае свята. Гэта было свята тых прадстаўнікоў «пакалення пераможцаў», які заселі на той час у высокіх партыйных кабінетах. Яны не былі сквапнымі: выстаўляючы напаказ свае подзвігі (падчас значна перабольшаныя), яны не заміналі ганарыцца сваімі подзвігамі і іншым. На тых, хто прайшоў праз вайну, пасыпаліся дажджы з медалёў і ільготаў, пашана і запрашэнні на сустрэчы з піянерамі, а таксама адмысловыя «заказы», праз якія можна было атрымаць нейкія тавары і прадукты харчавання, якія не былі агульнадаступнымі ў «шчаслівую савецкую эпоху» пустых паліцаў у крамах (што пачалося задоўга да 90-х). Праўда, тычылася гэтае «шчасце», пераважна, жыхароў сталіц саюзных рэспублік ды іншых буйных гарадоў.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Пры гэтым пачалі з’яўляцца і першыя прызнакі заняпаду. Фільмы, прысвечаныя вайне, рабіліся ўсё больш схематычнымі і «прахаднымі», усё больш узносілася роля «найвялікшага палкаводца» Сталіна, а пра ролю заходніх хаўруснікаў забылі крыху меней, чым цалкам. Усе савецкія людзі мусілі ведаць: Савецкі Саюз вёў вайну «дзеля вызвалення Еўропы дый усяго свету». А хто такія аліянты? Яны ў вайну-та ўступілі толькі ў 44-м, калі ўсё было і без гэтага зразумелым. Ды і якая такая «Другая сусветная»? У памяці народнай была замацавана выключна «Вялікая Айчынная», а ўсё астатняе — фантазіі клятых буржуяў. І на фоне ўсяго гэтага неяк губляліся за святочнымі фармальнасцямі словы зняволенага нацыстамі, а потым пакаранага смерцю Юліюса Фучыка, які імкнуўся нас папярэдзіць з-пад шыбеніцы: «Людзі, будзьце пільнымі!» Не, ну чаго там пільнаваць? Мы ж перамаглі, дык чаго цяпер страшыцца, акрамя прошукаў анекдатычнага міжнароднага імперыялізму?


І ўсё ж шмат для каго тое свята засталося ў памяці, перш за ўсё, як свята сямейнае, цэнтрам якога былі бацькі і дзяды, якія прайшлі праз вайну. І, канечне, святам першага летняга цяпла, якое пачынала прарывацца праз няўстойлівае вясновае надвор’е.
Цяпло, бацькі, дзяды, выходны дзень, добры святочны стол. Неблагі плацдарм для пранікнення зла. Асабліва, калі забыцца на папярэджанні тых, хто ведаў, пра што казаў.

Зручны падмурак легітымнасці

Адлік новага этапу адзначэння 9 траўня (ужо язык не паварочваецца назваць гэта «святкаваннем») можна пачаць з сярэдзіны 2000-х. Менавіта тады для пазначэння гэтага дзеяння ўзнікае слова «победобесие», якое настолькі трапна перадае ўнікальную ў сваёй агіднасці сутнасць таго, што адбываецца, што мае ўсе шанцы быць запазычаным іншымі мовамі, разам з словамі «спутник» і «погром».
Усё ж за часам СССР 9 траўня не было галоўным дзяржаўным святам. Для кіраўніцтва партыі і краіны галоўным святам заставалася 7 лістапада — гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менавіта ў гэты дзень па Краснай плошчы ў Маскве грукаталі салдацкія боты ды гусеніцы баявой тэхнікі — каб крамлёўскія старыя, ускараскаўшыся на трыбуну маўзалея, маглі на ўласныя вочы пабачыць, на колькі баегаловак вырас іхні абарончы патэнцыял.


Гэтаму было відавочнае тлумачэнне: сваю легітымнасць, права кіраваць дзяржавай кіраўнікі КПСС выводзілі з перамогі ў Грамадзянскай вайне. На гэтым будавалася ўся ідэалогія: бальшавікі перамаглі ворагаў рэвалюцыі і са зброяй у руках на векі вечныя заваявалі права вызначаць лёсы краіны і ейнага насельніцтва, мабілізаванага цяпер на пабудову «светлай будучыні». Перамога ў Вялікай айчыннай была, канечне, значнай падзеяй, але саступала ў іерархіі падзеям пачатку ХХ стагоддзя.
Для новага кіраўніцтва Расіі Кастрычніцкая рэвалюцыя была практычна ні аб чым. Праўда, кансалідаваць народ пад «хруст французскай булкі», зрабіўшы арыенцірам дарэвалюцыйную Расію, не асабліва атрымлівалася. «Дзень Перамогі» ў такой сітуацыі быў бяспройгрышным варыянтам, бо негатыўных асацыяцый з ім не было — толькі цяпло, успаміны пра блізкіх і трывалы пласт пра подзвіг, здзейснены народам у цяжкія гады выпрабаванняў. І, канечне, мантра пра «вызваленне ўсяго свету» сваімі — вось гэтымі самымі — рукамі.
Не толькі добрая падстава для кансалідацыі, але і надзейны падмурак для легітымацыі тых, хто не можа легітымізаваць сябе іншым чынам — праз выбары. Ператварыць святкаванне ў грымучы рытуал, зрабіць яго часткай дзяржаўнай рэлігіі, цалкам сакралізаваць яго ва ўспрыняцці людзей, прымусіць усіх выконваць аднодзеянне — насіць партрэт «дзеда» (ці хто там патрапіць пры размеркаванні арганізатарамі) і чапляць сабе на грудзі ды на астатнія месцы (акрамя афіцыйна забароненых) стужачку (хай яна і мае вельмі ўскоснае дачыненне да той падзеі, у гонар якой адбываецца свята). І, канечне, паставіць у цэнтр усяго гэтага сябе: Хто перамог? Мы перамаглі!

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі 31.10.2020. Ілюстрацыйная выява. Фота Аляксандра Зяньковіча

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі 31.10.2020. Ілюстрацыйная выява. Фота Аляксандра Зяньковіча

Можна лёгка заўважыць, што за апошнія дваццаць год 9 траўня зрабілася асноўным святам у календары Расіі. Ідуць парады (якія за савецкім часам ладзіліся толькі на юбілеі), ідуць святочныя калоны цывільных грамадзянаў, спяваюць песні, каштуюць «салдацкую кашу» з палявых кухняў, матулі з пілоткамі на галовах штурхаюць дзіцячыя калыскі, закамуфляваныя пад танкі. Хоць складаецца ўражанне, што гэта танкі прыкінуліся дзіцячымі калыскамі, каб усыпіць пільнасць і нанесці ўдар па ўсіх — і па тых, хто штурхае, і па тых, хто ў іх едзе, і па тых, хто тут зусім ні пры чым.

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі 31.10.2020. Ілюстрацыйная выява.

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі 31.10.2020. Ілюстрацыйная выява.

Пры гэтым далёка адыходзіць пытанне: а перамогу над чым, уласна, святкуем? Калі я задаваў такое пытанне тым, хто апантана святкуе, адказу не было. У лепшым выпадку, зразумела, называлі «фашызм» ды немцаў. І калі з апошнімі больш-менш зразумела, дык даць вызначэнне «фашызму» ніхто не мог. Што таксама, у сваю чаргу, зразумела. Бо нават за савецкім часам знайсці вызначэнне «фашызму» было справай нялёгкай. Тое, што было сфармулявана Дзімітравым і гучала як «палітычная плыня, якая ўзнікла ў капіталістычных краінах у перыяд агульнага крызісу капіталізму», усур’ёз успрымацца не магла. У той жа час, ужо тады — у савецкую эпоху — узнікалі смутныя падазрэнні, што існуе нешта вельмі падобнае паміж рэжымамі Гітлера і Сталіна, і што адсутнасць навуковых тлумачэнняў паняцця «фашызм» на фоне тлумачэнняў выключна ідэалагічна-палітычных не з’яўляецца нейкай выпадковасцю.

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі 31.10.2020. Ілюстрацыйная выява. Фота Аляксандра Зяньковіча

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі 31.10.2020. Ілюстрацыйная выява. Фота Аляксандра Зяньковіча

Быць пільнымі

Калі ў Італіі ў 1943-м упершыню адсунулі ад улады Мусаліні, будучы вядомы італійскі філосаф, а тады яшчэ хлопчык Умберта Эка са здзіўленнем даведаўся, як выглядае жыццё без фашызму. У далейшым на падмурку сваіх назіранняў, разважанняў і аналізу ён напісаў эсэ, у якім прывёў 14 прымет фашызму.


Гэтыя прыкметы добра вядомыя, і даўно ўжо заўважана іхняя надзвычайная блізкасць таму, што можна назіраць у цяперашняй Расіі і некаторых іншых краінах былога СССР. Пачынаючы з самага першага, які вызначаецца як культ традыцыі. Культ «победобесия» вельмі добра кладзецца на гэтую прыкмету. Асабліва ў тым аспекце, што фашызм абапіраецца на тое, што праўда ўжо існуе. Анічога новага не трэба: усё ўжо сказана і сфармулявана.
Спроба адысці ад гэтага, правесці новыя даследаванні і зрабіць новыя высновы, якія могуць супярэчыць раней прынятым, будзе разглядацца як здрада, як злачынства, як фальсіфікацыя гісторыі. Гэта — таксама прымета фашызму па Эка: нязгода ёсць здрадай. Таму любая крытыка цяперашняга «святкавання» будзе так і ўспрынята.


Істотны момант у прыметах фашызму, якія былі сфармуляваны Эка, — нацызм. Гэта, напрыклад, калі людзям даводзяць факт нараджэння ў краіне як падставу для гонару, якая пераходзіць у пачуццё перавагі над іншымі народамі. Пры гэтым тыя, каму не пашчасціла тут нарадзіцца, выводзяцца як «чужыя», ворагі. Асобнае месца займае пачуццё зайздрасці — яны багатыя, і выстаўляюць свае багацці напаказ, а мы — бедныя, затое духоўныя. І гэта нас узносіць па-над астатнімі.
А жыццё — гэта не каштоўнасць. Каштоўнасць — гэта барацьба. За што барацьба? З кім барацьба? А вось на гэта адкажа Правадыр. Фашызм не прызнае індывідуальнасць. Для яго існуе нешта, што пазначаецца «сукупнай воляй народа». Тым, хто выражае гэтую волю, і з’яўляецца Правадыр. Таму ён лепш за астатніх ведае, што трэба не нейкаму асобнаму чалавеку з ягонымі дробнымі жаданнямі, а ўсёй вялікай нацыі. А дзеля патрэбаў вялікай нацыі асобным чалавекам (нават тысячамі, мільёнамі асобных людзей) можна ахвяраваць. На мой погляд, менавіта гэта ёсць асноўным прыметамі фашызму: размяшчэнне вышэй за чалавека ў сістэме каштоўнасцяў нейкай мэты ці ідэі.

7 лістапада 2018 года ў Мінску. Фота Аляксандра Лібертада

7 лістапада 2018 года ў Мінску. Фота Аляксандра Лібертада

Якое дачыненне гэтыя прыметы маюць да святкавання Дня Перамогі? А хіба не дастаткова зірнуць на тое, што адбываецца, каб пабачыць іхнюю прысутнасць? І традыцыі, і праўда, якая ўжо сфармулявана і з якой не паспрачаешся, і вобраз «чужых», і барацьба з імі, і падаўленне індывідуальнасці. І, канечне, вобраз Правадыра. Можна дадаць яшчэ культ мужнасці, які таксама пералічаны Эка ў якасці прыкладаў фашызму: на парадах — скрозь маскуліннасць і фалічныя сымбалі, ад пісталетаў да «вясёлых «Іскандэраў».


І заўважым, на фоне тых вялікіх сумаў, якія выдзяляюцца на святкаванне, зусім занядбанымі выглядаюць тыя нешматлікія ветэраны, якія дажылі да гэтых дзён. Хоць ужо шмат было гаворана, што лепш бы выдзелілі ім хоць крыху значныя грошы, замест сотні рублёў ды пачаку якіх крупаў, ды не толькі да «Дня Перамогі», а ўвесь час. Не, для арганізатараў «победобесия» «маленькія людзі» цікавасці не выклікаюць.

Свята будучай перамогі

Дык пра што тады гэтае самае «свята», якому пляваць на тых, хто змагаўся за яго, і ў гонар якіх яно, быццам, і арганізавана? Дзіўнае пытанне! Пра Дзень Перамогі. Толькі не той дзень, які быў калісьці ці тое 8, ці тое 9 траўня 1945-га. Яно пра Дзень Перамогі ў вайне, якая яшчэ не адбылася. Але мае адбыцца абавязкова — калі неразумны свет не прыме і не выканае ўсе «законныя інтарэсы» Расіі — інтарэсы, накіраваныя на чужыя землі і чужыя гаманцы. А таксама прызнанне «велічы» Расіі. І ў выпадку такой вайны Расія абавязкова мусіць перамагчы. Бо перамагала ўжо. Увесь свет перамагала. Што? Не перамагала, а вызваляла? А якая розніца? Можам і перамагчы, і вызваліць. Галоўнае, не сумнявайцеся: «Можам паўтарыць!» А што будзе потым? Чытайце Эка. Ён апісаў прыметы. А наступствы можна павывучаць на прыкладзе гісторыі, якая мае схільнасць паўтарацца, калі ейныя ўрокі забываюцца.


А забыццё дорага каштуе. Ужо бачна, што дорага каштуе. Толькі не ўсім гэта відавочна. Ім па-ранейшаму падаецца, што 9 траўня — гэта цёплае вясновае свята, утворанае вакол бацькоў і дзядоў, святочнага стала і бяседай за ім. У такім выглядзе яно і цяпер грукаецца ў нашыя дзверы. Але гэта — пастка. За дзвярыма стаіць зусім не тое, чаго мы чакаем і чаго б мы хацелі ўбачыць. Там стаіць жудасны кадавар таго, што, падаецца, перамаглі ў 45-м. Але не перамаглі, як высвятляецца. І цяпер гэты зомбі з вялікай літарай «Z» на ўсіх магчымых месцах спрабуе прарвацца ў нашыя дамы, каб не толькі выесці наш мозг, але забраць душы.
Дзеля гэтага ён гатовы на ўсё: на зварот да нашых успамінаў, на нашае выхаванне ў павазе да перамогі над фашызмам, да нашай веры ў тое, што анічога кепскага не будзе, калі проста прайсціся з партрэтам свайго дзеда ў адным шыхце з такімі ж як вы людзьмі, што можна ў розных, але такіх блізкіх адна да адной краінах стаць на чыгуначным вакзале і праспяваць нашыя агульныя ўлюбёныя ўсімі песні.

tepl3427_logo_1.jpg

Не вядзіцеся на гэта! У зла не бывае анічога «проста». Калі даць злу хоць прасунуць нос у дзверы, калі ўстаць у ягоныя шыхты, ягоны рэсурс ужо будзе павялічаны. Тым самым яно атрымае дадатковую магчымасць спакусіць іншых. Тым большая колькасць людзей наблізіцца да «можам паўтарыць». І тым большая колькасць людзей будзе святкаваць ягоную перамогу ў будучай вайне. І не проста святкаваць — удзельнічаць. У вайне, якая ўжо ідзе.
Вось толькі перамогі гэтай не будзе. На што ўказвае ўсё той жа досвед гісторыі. Гэта аптымістычна. Песімістычна тое, што колькасць жыццяў, пакладзеных на тое, каб яна не адбылася, застаецца далёка не вядомай. Вядома толькі, што тая, мінулая перамога ўжо не будзе адзначацца 9 траўня.
Галоўнае, каб новая перамога зноў не апынулася прамежкавай.