4, 5, 8, 9 траўня. Як капітулявала Нямеччына і як адзначаюць гэтую падзею цяпер
Бадай, няма ў сучаснай гісторыі падзеі, якая б выклікала столькі розначытанняў і трактовак, як завяршэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Гэта тычыцца і даты, і назвы. Дзень Перамогі? Дзень перамогі ў Еўропе? Дзень вызвалення? Дзень прымірэння? Дзень памяці?
Складанасці падпісання. Пачатак капітуляцыі: 4, 5, 6 траўня. Ці 29 красавіка?
Розначытанні пачаліся яшчэ на этапе прыняцця безумоўнай капітуляцыі нямецкімі войскамі. Ішоў гэты працэс паступова — у розныя дні на розных тэатрах баявых дзеянняў. Першымі капітулявалі войскі Нямеччыны ў Італіі. Яшчэ 29 красавіка ў найшыкоўнейшым каралеўскім палацы ў Казэрце — апошнім шэдэўры еўрапейскага барока падобных маштабаў — адбылося падпісанне фармальнай дамовы ад спыненні супраціву нямецкай групы арміяў С і італійскіх саюзнікаў гітлераўскай Нямеччыны. Не ў апошнюю чаргу гэтая падзея паскорыла самагубства Гітлера і крах усяго Райху.
Пасля смерці лідара нацыстаў пасаду райхспрэзідэнта, то-бок, лідара дзяржавы, заняў адмірал Карл Дзёніц. Калі ён і меў нейкія спадзяванні на заключэнне сепаратнага міру з заходнімі аліянтамі, дык гэтыя спадзяванні адразу разбіліся аб халодны ігнор з боку апошніх: сварыцца з Дзядзькам Джо, як клікалі тады Сталіна, у той момант ніхто не жадаў. Таму адзінае, што засталося Дзёніцу, гэта ліхаманкава перакідваць на захад аддзелы і злучэнні вермахту і СС, а таксама цывільных бежанцаў, каб яны маглі здавацца ў палон амерыканцам і брытанцам, але не Саветам.
4 траўня — з бласлаўлення Дзёніца — капітулявалі нямецкія войскі ў Нідэрландах, Бельгіі і на паўночным захадзе самой Нямеччыны. У дзеянне іхняя капітуляцыя ўступала 5 траўня. Тады ж — 5 траўня — капітулявалі войскі ў Паўднёва-Заходняй Нямеччыне і Баварыі. Як і ў выпадку з паўночным рэгіёнам, капітуляцыя набывала сілу на наступны дзень — 6 траўня.
Пры гэтым Дзёніц усімі сіламі адцягваў падобныя падзеі на ўсходзе. Ягоны разлік быў ранейшым: як мага больш мірных жыхароў і, па магчымасці, вайскоўцаў, мусілі паспець трапіць у заходнія рэгіёны, акупаваныя амерыканцамі і брытанцамі. Аднача камандаванне экспедыцыйных сілаў у Еўропе не жадала зацягваць працэс. 6 траўня Дзёніцу было паведамлена, што Эйзенхаўэр, які камандаваў сіламі аліянтаў у Еўропе, не жадае больш дапускаць «асобных» капітуляцыяў (праўда, 7 траўня скарыстацца такой магчымасцю паспела групоўка нямецкіх войскаў у Аўстрыі і Багеміі і Маравіі, якая здалася 71-й пяхотнай дывізіі ЗША). У той жа дзень прадстаўнікі камандавання вермахту былі выкліканы ў штаб-кватэру Экспедыцыйных сілаў дзеля падпісання акту аб безумоўнай капітуляцыі. Цырымонія была прызначанай на палову трэцяй гадзіны ночы 7 траўня.
Прадстаўнік Дзёніца, глава аператыўнага штабу вярхоўнага камандавання вермахту генерал-палкоўнік Альфрэд Ёдль у апошні раз паспрабаваў адцягнуць непазбежнае. На гэта ён атрымаў жорсткі адказ Эйзенхаўэра: калі Нямеччына не капітулюе, брытанскія і амерыканскія баявыя лініі будуць зачынены для нямецкіх войкаў, жадаючых здацца ў палон заходнім аліянтам.
Што больш слушна — Рэймс ці Карлсхорст?
Генерал-палкоўнік Альфрэд Ёдль падпісвае акт аб капітуляцыі ў Рэймсе
7 траўня а 02:41 у будынку «тэхнічнага і сучаснага каледжа» (цяпер — школа імя Рузвельта), дзе і месцілася штаб-кватэра, той жа Ёдль падпісаў акт аб безумоўнай капітуляцыі. У адпаведнасці з ім, усе баявыя дзеянні мусілі спыніцца і нямецкія войскі мусілі скласці зброю, пачынаючы з 23:01 8 траўня. З боку заходніх аліянтаў ён быў падпісаны начальнікам штаба Экспедыцыйных сілаў амерыканскім генералам Уолтарам Смітам (Эйзенхаўэр адмовіўся падпісваць, бо ранг Ёдля быў ніжэйшым за ягоны). З савецкага боку подпіс пад актам паставіў начальнік савецкай вайсковай місіі ў Францыі генерал-маёр Іван Суслапараў. Французскі прадстаўнік — Франсуа Сэвез — паставіў свой подпіс у якасці сведкі.
Суслапараў да апошняга чакаў адказу з Масквы — падпісваць акт ці не. Масква ўпарта маўчала. Таму Суслапараву давялося дзейнічаць на ўласны страх. Толькі праз шэсць гадзін з Масквы прыйшоў катэгарычны загад: Акт не падпісваць. Сталін страшыўся, што гэты Акт, падпісаны ў штаб-кватэры аліянтаў і па іхняй ініцыятыве, неяк перакрэслівае ўсе дасягненні СССР і ягоных узброеных сілаў. Таму патрабаванне Масквы было жорсткім: Акт — перападпісаць! І зрабіць гэта ў Берліне, на тэрыторыі, занятай савецкімі войскамі.
Заходнія аліянты лёгка на гэта пагадзіліся. Як пагадзіліся яны і на тыя змены (не надта значныя), якія былі ўнесены ў тэкст Акту па патрабаванні савецкага боку. Праблемы ўзніклі з арыфметыкай подпісаў. Планавалася, што ад немцаў капітуляцыю падпіша галоўнакамандуючы фельдмаршал Вільгельм Кэйтэль, ад савецкага боку — маршал Жукаў і ад аліянтаў — намеснік Эйзенхаўэра (ён зноў не пагадзіўся падпісваць уласнаручна, бо цяпер Жукаў быў ніжэйшым за яго па пасадзе) галоўны маршал авіяцыі брытанец Артур Тэдэр. Але тут узнік дэ Голь з патрабаваннем, каб пад Актам стаяў подпіс і французскага боку. З гэтым быў катэгарычна не згодны бок савецкі: надта шмат «заходніх» подпісаў тады б апынулася пад Актам.
У выніку Акт з боку антыгітлераўскай кааліцыі быў прыняты Жукавым і Тэдэрам, а амерыканскі генерал авіяцыі Карл Спац і французскі генерал Жан дэ Лэтр дэ Тасіньі паставілі свае подпісы ў якасці сведкаў. Пры гэтым варта адзначыць, ні Кэйтэль, ні які-небудзь іншы прадстаўнік нямецкага боку не прамаўлялі з нагоды прысутнасці подпісу француза здзіўленай фразы: «Мы што, і ім прайгралі?!» Гэта, хутчэй за ўсё, пазнейшы фэйк.
Калі завяршылася вайна
Існуе яшчэ адна недакладнасць, якая даволі трывала трымаецца ў літаратуры. Яна тычыцца «паўторнага» падпісання Акту ў Карлсхорсце. Згодна з агульнапрынятай версіяй, падпісанне адбылося а 22:43 па цэнтральнаеўрапейскім часе, а ўступіць у дзеянне Акт мусіў у той жа час, які быў пазначаны ў Рэймсе — а 23:01 8 траўня. Такім чынам, «перападпісаннне» не ўносіла аніякіх зменаў у графік. Але праз разборкі з тым, чые подпісы будуць стаяць пад Актам, цырымонія ў Карлсхорсце зацягнулася да першай гадзіны ночы 9 траўня, калі подпісы і былі пастаўлены. Такім чынам, калі ўжо зусім строга падыходзіць да пытання, немцы падпісалі капітуляцыю 9-га. Але «афіцыйнай» датай засталося 8 траўня.
Паблажлівасць заходніх аліянтаў да капрызаў Масквы мае даволі простае тлумачэнне. У той час, як вайна ў Еўропе завяршалася, у раёне Ціхага акіяну працягвалі ісці цяжкія баі паміж тымі ж аліянтамі і войскамі Японскай імперыі. Супраціў японцаў, нягледзячы на нястачу рэсурсаў, быў шалёны, і амерыканцы з жахам падлічвалі, колькі жыццяў будзе каштаваць ім аперацыя па захопу асноўных чатырох выспаў Японскага архіпелагу. Каб спрасціць задачу і знізіць страты, ім патрэбна было ўступленне ў вайну супраць Японіі Савецкага Саюза. Сталін цудоўна ведаў істотнасць сваёй пазіцыі па гэтым пытанні, таму мог маніпуляваць саюзнікамі. У пэўных рамках, канечне.
З пераносам даты падпісання звязана яшчэ адна падзея. У Рэймс, на «першую» капітуляцыю былі запрошаны з паўтара тузіна журналістаў, каб паведаміць пра яе ў СМІ. Але пры гэтым была дамоўленасць: інфармацыя пра падпісанне пойдзе ў друк толькі тады, калі на гэта будзе дазвол з боку аб’яднанага штабу. Праз патрабаванні Масквы правесці новую цырымонію штаб папрасіў журналістаў не паведамляць свету, што вайна скончылася, да сярэдзіны наступнага дня — 8 траўня. Усе паставіліся да гэтага «з разуменнем». Акрамя главы прадстаўніцтва Associated Press Эда Кэнэдзі. Ён па штабным тэлефоне, да якога меў доступ, прадыктаваў паведамленне ў сваю рэдакцыю, і АР зрабілася першым інфармацыйным агенцтвам, якое абвясціла пра канец вайны.
Гэтым учынкам Кэнэдзі выклікаў злобу і нянавісць не толькі з боку вайскоўцаў, якія з ганьбай выгналі яго з штабу і забаранілі любыя кантакты з ім, але і з боку сваіх калегаў, якіх ён «абышоў» у перадачы сенсацыйнай навіны. Кэнэдзі быў звольнены з АР і быў вымушаны працаваць у невялікіх мясцовых выданнях у ЗША. У 1963-м ён загінуў пад коламі аўтамабіля. Да канца жыцця ён сцвярджаў, што ягоны ўчынак быў прадыктаваны жаданнем як мага хутчэй узрадаваць людзей добрай навіной, а таксама тым, што «людзі мусяць ведаць». Яго так і клічуць падчас: «чалавек, які падарыў людзям дадатковыя 24 гадзіны шчасця». Выпадак з Кэнэдзі выклікаў і працягвае выклікаць дыскусіі наконт свабоды прэсы і журналісцкай этыкі. У 2012-м кіраўніцтва АР прынесла свае выбачэнні сям’і журналіста за тое, што ў 1945-м рэдакцыя ў дачыненні да яго паступіла «найгоршым чынам».
Святкаванне ў Еўропе…
Як і ў гісторыі з падпісаннем Акту аб капітуляцыі, так і з адзначэннем гэтай даты еднасці не назіраецца. І трактуюць яго па-рознаму. У адрозненне ад Расіі і Беларусі, дзе святкаванне Перамогі перайшло ў «победобесие» з праслаўленнем і прасоўваннем сучаснай версіі фашызму, большасць краін Еўропы не адзначаюць гэтыя даты як «Дзень перамогі». У асноўным для іх гэтыя святы звязаныя з такімі паняццямі як памяць, вызваленне, прымірэнне. І кожная краіна абірае сама, у які дзень ёй святкаваць.
Італія 25 красавіка адзначае Дзень вызвалення, які з’яўляецца нацыянальным святам. А Нідэрланды Дзень вызвалення святкуюць 5 траўня. Напярэдадні, 4 траўня, адзначаецца Дзень памяці ахвяраў вайны. Яны прымеркаваныя да датаў капітуляцыі нямецкіх войскаў на тэрыторыі краіны. У гэтым годзе глава ўплывовай Аграрнай партыі Каралін ван дэр Пляс адмовілася слухаць выступленне Зяленскага ў парламенце Нідэрландаў. Абгрунтавала яна сваё рашэнне тым, што Зяленскі здзейсніў свой візіт у краіну ў «нязручны час». А менавіта — 4 траўня, калі Нідэрланды, па словах ван дэр Пляс, мусяць прыгадваць тых, чые жыцці ўнесла вайна.
Суседняя з Нідэрландамі Бельгія разглядае завяршэнне Другой сусветнай у Еўропе ў спалучэнні з завяршэннем Першай сусветнай, якая на гэтую краіну пакінула большы ўплыў. Таму ўрачыстасці адбываюцца ў лістападзе. А вось 9 траўня адзначаецца Дзень Еўропы. Але гэтае свята прымеркавана не да завяршэння вайны, а да Дэкларацыі Шумана, якая была прынятай 9 траўня 1950-га, і з якой пачалося будаўніцтва аб’яднанай Еўропы.
У галоўных саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі — Брытаніі і ЗША — няма святаў нацыянальнага ўзроўню, якія былі б прысвечаны капітуляцыі Нямеччыны і завяршэнню вайны ў Еўропе. Пазбаўляюць нацыянальнага статусу гэтыя святы і ў краінах былога сацыялістычнага лагеру. Калі ГДР адзначала 8 траўня як Дзень вызвалення, дык у сучаснай Нямеччыне яно адзначаецца на рэгіянальным узроўні. У Берліне яно адзначаецца 8 траўня як дзень памяці супраціву нацысцкаму рэжыму.
…І ў свеце
За межамі Еўропы гэтае свята, зразумела, не мае вялкіай папулярнасці. Хоць у Бразіліі існуе свята, непасрэдна звязанае з вайной у Еўропе. 22 красавіка 1945-га лётчыкі бразільскага экспедыцыйнага корпусу ў Італіі нанеслі значныя страты нямецкім войскам, не згубіўшы пры гэтым аніводнага свайго самалёта. Цяпер 22 красавіка адзначаецца ў Бразіліі як Дзень вайсковай авіяцыі. Дарэчы, бразільцы зрабілі істотны ўнёсак у справу перамогі. Менавіта яны ўзялі ў палон 148-ю дывізію вермахта амаль у поўным складзе, чым істотна наблізілі завяршэнне вайны ў Італіі. За подзвігі ў Еўропе іх на радзіме чакала сапраўды «сталінская» падзяка. Тагачасны прэзідэнт (і дыктатар) краіны Жэтулію Варгас страшыўся высокай папулярнасці вайскоўцаў, таму выдаў указ аб расфармаванні корпусу яшчэ ў Італіі, загадаўшы ягоным байцам вяртацца ў Бразілію самастойна і забараніўшы пры гэтым насіць вайсковую уніформу і ўзнагароды.
Сваё стаўленне да 9 траўня і ў краінах Усходняй Азіі. Для Кітая гэта ніколі не было істотнай падзеяй. Зразумела, яму бліжэй 2 верасня — дата перамогі над Японіяй. Кітайцы лічаць (і небеспадстаўна), што менавіта з агрэсіі супраць іхняй краіны ў 1937-м і пачалася Другая сусветная. Таму і дата ейнага завяршэння куды больш істотная, чым дата завяршэння на адным з тэатраў баявых дзеянняў. Ды і да самой гэтай падзеі ў гісторыі КНР бывалі розныя стаўленні. Напрыклад, у свой час Маа Цзэдун нават казаў, што для ягонай краіны вайна з Японіяй была дабром, намякаючы, што менавіта яна прывяла, у выніку, да перамогі камуністаў і ўтварэння КНР.
Паўночныя карэйцы таксама не надта зацікаўлены ў гэтым свяце. Ідэалогія чучхэ, якая грунтуецца на апірышчы на ўласныя сілы, увогуле не дапускае думкі, што недзе нешта істотнае можа існаваць па-за межамі іхняй краіны і без іхняга ўдзелу. Характэрнай ілюстрацыяй з’яўляецца адмова Кім Чэн Ына ўдзельнічаць у Маскве ва ўрачыстасцях, прысвечаных гадавіне Перамогі, што адбываліся ў Маскве ў 2015-м. Ён, як тлумачылі знаўцы, не жадаў прысутнічаць там, дзе не ён быў галоўнай і цэнтравой фігурай.
У цэлым, чым далей у часе ад нас тыя падзеі, тым менш увагі будзе ім надавацца. Магчыма, свята застанецца недзе ў выглядзе рэканструкцыяў, парадаў аматараў гісторыі ці іншых урачыстых мерапрыемстваў. Урэшце, захоўваюць дагэтуль жыхары Арлеана традыцыю шанаваць вызваленне горада ад аблогі 1428-1429 гадоў пад час Стогадовай вайны. Тады войскі пад кіраўніцтвам Жаны д’Арк адагналі англічанаў, чым выратавалі Францыю ад знішчэння. Адбылося гэта 8 траўня, таму цяпер гараджане адзначаюць разам і гадавіну завяршэння аблогі, і Дзень перамогі ў Еўропе падчас Другой сусветнай.
А пакуль урачыстасці будуць набываць усё больш форму памятных мерапрыемстваў, прычым без удзелу дзяржавы. Напрыклад, як гэта адбылося некалькі год таму ў амстэрдамскім аэрапрорце Скіпхол, калі на дзве хвіліны на ягонай тэрыторыі быў спынены рух усіх людзей, машын, самалётаў. Акцыя атрымалася велічная і ўражлівая. Дарэчы, яшчэ ў 60-х у Маскве адбылося нешта падобнае. На некаторы час 9 траўня ўсе святлафоры былі пераключаны на чырвонае святло. Каб горад спыніўся і прыгадаў. Прыкладна ў той жа час з’явіўся і знакаміты выраз: «Ніколі зноў!». Які і цяпер вядзе змаганне з сымбалям фашыстоўскага рэваншу: «Можем повторить!» Хто ў гэтым змаганні пераможа, залежыць у тым ліку і ад нас.