Вайна, якую ад нас схавалі. Другая сусветная як набор міфаў

Пакаленні за пакаленнямі беларусы становяцца сведкамі афіцыйных падрыхтовак да святкавання Дня Перамогі. Дзяржаўныя людзі развешваюць сцягі на цэнтральных і не вельмі вуліцах гарадоў, прымацоўваюць плакаты на вокны крамаў і аптэк, усталёўваюць маштабныя канструкцыі для звароту да народу таго, хто лічыць сябе яго правадыром.

stalin_gitler.jpg


Напрацягу дзесяцігоддзяў не спыняецца агрэсіўная праца па ўмацаванні ў свядомасці маленькіх і дарослых грамадзянаў штампаў з тае вайны праз школьныя падручнікі, тэлебачанне і мастацкія вобразы ў кіно і літаратуры. Дзяржава прыкладае шмат намаганняў для таго, каб прадаць нам Другую сусветную як трыумф камуністычнага рэжыму, у гонар якога штогод варта запускаць усё больш яскравыя салюты. Ці шмат у гэтым праўды? Нямым адказам з’яўлялася нежаданне нашых старэйшых сваякоў, якія прайшлі праз пекла вайны, распавядаць пра яе.

Мы паспрабавалі акрэсліць некаторыя міфы, што выкарыстоўвае рэжым цягам дзесяцігоддзяў, каб стварыць адзін вялікі міф пра тую знішчальную вайну.

Міф 1. Калі пачалася вайна?

Нас падманваюць нават, падавалася б, у самым простым і дакладным — даце пачатку вайны. 22 чэрвеня 1941 роўна ў 4 раніцы немцы пачалі наступ — і краіна саветаў была вымушана даваць адказ. Гэта ўпісваецца ў крыважэрны наратыў: «Расія не пачынае войнаў, яна іх сканчвае». 23 жніўня 1939 два дыктатары — Іосіф і Адольф — заключылі дамову аб ненападзенні з патаемнымі пратаколамі аб перафарматаванні Еўропы. У доўгую шуфлядку гэта не адклалі, і ўжо праз некалькі дзён, 1 верасня Гітлер нападае на Польшчу. А 17 верасня нападае на Польшчу Сталін — са свайго боку, і разам яны знішчаюць польскую дзяржаўнасць. Гэта было пачаткам Другой сусветнай. 22 верасня 1939 савецкія і нямецкія войскі адзначылі заваёву Польшчы сумесным ваенным парадам у Брэсце.


У хуткім часе Сталін праводзіць акупацыю краінаў Балтыі і Бесарабіі, а таксама пачынае ганебную і прайграную вайну супраць Фінляндыі. Сачыце за рукамі — усё гэта паспела адбыцца да 22 чэрвеня 1941. Вялікая айчынная вайна і злачынныя ўчынкі камуністычнага рэжыму з 1939 не складваліся ў адзін ідэалагічны пазл, таму прасцей было зрабіць выгляд, што сумесных спраў з Гітлерам не мелася. Вялікая айчынная ў галовах прапагандыстаў — подзвіг савецкага народу пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі. І недзе там на перыферыі боўталіся так званыя саюзнікі, якія не айчынныя, таму і ў вайне як бы і не асабліва ўдзельнічалі і на вынік яе не ўплывалі.

Сумесны адпачынак нямецкіх і савецкіх вайскоўцаў у 1939

Сумесны адпачынак нямецкіх і савецкіх вайскоўцаў у 1939

Міф 2. Усеабдымны і ўсенародны партызанскі супраціў

Беларусь партызанская, Партызанскі праспект, бясконцыя мастацкія творы пра партызанаў. Здаецца, усё складваецца ў зразумелы малюнак — пачалася вайна і беларусы пайшлі ў лясы змагацца з немцамі. Але на самой справе ўсё было інакш. Заходняя частка нашай краіны была акупавана камуністамі 17 верасня 1939, да пачатку нападу Германіі не прайшло і 2 гадоў. За гэты час савецкі рэжым паспеў паказаць свае даброты ў забойствах і высылках, і беларусы пачалі ствараць фармаванні для змагання як з фашыстамі, так і з камуністамі. Прапаганда пачала распаўсюджваць міф аб тоеснасці народных узброеных рухаў на тэрыторыях, прысабечаных Саюзам, з фашысцкімі, бо ўсе, хто выступалі супраць савецкага рэжыму, аўтаматычна запісвалася ў здраднікі. Паводле гістарычных дакументаў мы ведаем, што часта партызаншчына акрамя вайсковых дзеянняў уключала ў сябе і рабаванні, згвалтаванні і забойствы мірных людзей.

Партызанскі атрад

Партызанскі атрад

Супраць усенароднай партызаншчыны сведчыць і ўласна колькасць партызанаў. Згодна з афіцыйнымі данымі, найбольшую колькасць чырвоныя партызаны мелі ў другой палове 1943 — каля 150 тысячаў чалавек пры насельніцтве ў 9 мільёнаў, ці каля 1,5%. Да параўнання, Армія Краёва — партызанскае антыкамуністычнае фармаванне на тэрыторыі Польшчы і Беларусі — складалася з каля 380 тысячаў чалавек.

Міф 3. Перамога была магчымай без дапамогі саюзнікаў

Лэнд–ліз — слова, якое ўпершыню з часоў Другой сусветнай вайны зараз гучыць не як назва параграфа з падручніка, а як рэальны фактар, што зможа перакуліць сітуацыю на вайне ва Украіне.

Лэнд–ліз — гэта дзяржаўны Акт, прыняты ў ЗША ў 1941, аб перадачы ўзбраенняў, нафты, прадуктаў харчавання, медыкаментаў у краіны–саюзніцы па антыгітлераўскай кааліцыі.

Легендарны пісталет-кулямёт Томпсана на ўзбраенні савецкіх вайскоўцаў

Легендарны пісталет-кулямёт Томпсана на ўзбраенні савецкіх вайскоўцаў

Па гэтай праграме была аказаная дапамога на 50 мільярдаў долараў (каля 680 мільярдаў па сённяшніх коштах). Больш за 5 частку атрымаў СССР. Краіна зажытачных саветаў атрымала 400 тысяч джыпаў і грузавых машын (на базе якіх былі зробленыя сістэмы залпавага агню «Кацюша»), 7000 танкаў, 5000 іншай бронетэхнікі, 11000 самалётаў, 2,6 млн тон нафтапрадуктаў, 4,5 тон харчовых прадуктаў, у тым ліку цукар, мука, тушонка, соль. Акрамя гэтага былі перададзеныя 2000 паравозаў, 10000 вагонаў. Вялікабрытанія сярод іншых відаў паставак перадала больш за 5000 танкаў. У вядомым танкавым баі пад Масквой у снежні 1941 больш за 40% танкаў, якія выкарыстоўвала Чырвоная армія, былі брытанскімі.

1b6d305s_960.jpg

Што да суадносінаў створаных у СССР і пастаўленых па лэнд–лізу адзінак вайсковай тэхнікі і чыгуначнага транспарту — прывядзем некалькі прыкладаў: пастаўленая па лэнд–лізу бронетэхніка складала каля 20%, самалёты — каля 12%, лакаматывы — 240%. Пастаўлены саюзнікамі порах складаў больш за 50%. Такім чынам кожная другая савецкая куля, што ляцела ў фашыстаў, была англасаксонскай.

1651599099_2.jpg

У 1943 у краіне саветаў распачаўся магутны харчовы крызіс. Улады не мелі ніякай магчымасці пракарміць сваю шматмільённую армію, якой у хуткім часе пагражаў бы канец праз голад. Да самага канца вайны армія атрымлівала неабходнае харчаванне непасрэдна дзякуючы лэнд–лізу. Харчовай прадукцыяй, якую паставілі ЗША, армія з 10 мільёнаў чалавек магла карыстацца напрацягу 3 гадоў.

Але ў школе і з ТБ гэтага вы, на жаль, не пачуеце.

rian_585233.hr_pic905_895x505_90132.jpg

Міф 4. Чырвоная армія не здзяйсняла вайсковых злачынстваў

Насамрэч быў неабходны яшчэ адзін трыбунал — у адносінах да камуністычных злачынцаў. Паводле звестак нямецкага федэральнага архіву, больш за 120 тысячаў мірных жыхароў былі знішчаныя чырвонай арміяй у нямецкіх вёсках, а 380 тысячаў нямецкіх палонных вайскоўцаў загінулі ў канцлагерах і вязніцах. Падчас арганізаваных дэпартацый было знішчана больш за 250 тысячаў мірных людзей. Да 1990 чырвоныя камісары адмаўлялі сваю датычнасць да масавых расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні, пад Смаленскам. Каля 22 тысячаў палонных вайскоўцаў былі забітыя ў 1940, акурат пасля акупацыі Польшчы Гітлерам і Сталіным. Немагчыма падлічыць і масавыя згвалтаванні, здзейсненыя савецкімі вызваліцелямі.

Берлін 1945. Савецкія вайскоўцы і нямецкая жанчына

Берлін 1945. Савецкія вайскоўцы і нямецкая жанчына

Берлін 1945. Савецкі вайсковец, ровар, жанчына

Берлін 1945. Савецкі вайсковец, ровар, жанчына

Міф 5. Дата святкавання Дня Перамогі

У Беларусі прынята адзначаць Дзень Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі 9 траўня. У большасці краінаў свету гэтую падзею адзначаюць 8 траўня, але падпісанне «Акта аб безумоўнай капітуляцыі нямецкіх узброеных сілаў» адбылося ўвогуле 7 траўня. Адкуль такія разбежкі? Віною гэтаму таксама Сталін.

Пасля смерці Гітлера новым кіраўніком Германіі 2 траўня стаў адмірал Карл Дзёніц. Менавіта ён быў адказны за падпісанне дакументаў пра капітуляцыю на заходнім і ўсходнім франтах. 6 траўня ў штаб Галоўнага камандавання саюзных сілаў у Рэймсе былі выкліканыя дэлегацыі нямецкага кіраўніцтва  пад старшынствам генерала Ёдля, і Чырвонай арміі пад старшынствам генерала Суслапарава. У Рэймсе была выпрацаваная працэдура падпісання «Акта аб капітуляцыі». Суслапараў сустрэўся з кіраўніком войскаў саюзнікаў генералам Дуайтам Эйзенхаўэрам (будучым прэзідэнтам ЗША ў 1953-1961). Эйзенхаўэр папрасіў даслаць у Маскву тэкст акта і атрымаць дазвол на падпісанне, якое было прызначана на 7 траўня, 2:41 начы. Суслапараў перадаў тэлеграму, але на момант падпісання адказу з Масквы не было, і ён прыняў рашэнне падпісаць «Акт аб капітуляцыі». Пасля гэтага была атрыманая тэлеграма Сталіна з забаронай падпісваць капітуляцыю. Ён быў разлаваны тым, што месцам падпісання быў прызначаны Рэймс, дзе знаходзіўся штаб Саюзнікаў, а не Берлін, захоплены чырвонымі.

У сваю чаргу ўвесь час, пачынаючы з 2 траўня, кіраўнік Германіі Дзёніц імкнуўся перасунуць як мага больш сваіх вайскоўцаў на захад, разумеючы паводзіны і натуру чырвонай арміі. У выніку перамоваў Сталіна і Эйзенхаўэра працэдуру вырашылі паўтарыць у берлінскім прадмесці. Тэкст «Акта аб капітуляцыі» застаўся амаль ідэнтычным, з невялікімі ўдакладненнямі. З савецкага боку яго падпісаў маршал Жукаў. Другі «Акт» набыў моц а 23.01 8 траўня па цэнтральнаеўрапейскім часе.

Такім чынам ідэя святкавання не 8, а 9 траўня па «маскоўскім часе» не менш дзіўная за ідэю святкаваць надыход Новага года ў Менску а 13.00 31 снежня, калі гэтая падзея адзначаецца ў дзяржаве Карыбаці ў Акіяніі.

Падпісанне «Акта аб капітуляцыі» 7 траўня 1945

Падпісанне «Акта аб капітуляцыі» 7 траўня 1945

Праўда пра жахлівую вайну нашмат больш карысная за стварэнне міфаў і цэлага пантэону герояў. Бразгатанне тэхнікай і ботамі па плошчах падчас параду ў гонар перамогі ў вайне вядзе да новай вайны — нам давялося гэта засведчыць. Усходні лозунг «Можам паўтарыць» выглядае людажэрскай недарэчнасцю ў параўнанні з лозунгам заходнім — «Ніколі зноў».

Ніколі зноў, каб нельга было паўтарыць.

9 траўня ўзгадайце сваіх памерлых і скалечаных у Другой Сусветнай вайне сваякоў. Не вайне!

Адмірал Дзёніц (крайні злева ў другім шэрагу) на трыбунале ў Нюрнбергу

Адмірал Дзёніц (крайні злева ў другім шэрагу) на трыбунале ў Нюрнбергу