Карбалевіч: Здароўе Лукашэнкі становіцца палітычнай праблемай

Крызіс са здароўем у Лукашэнкі здарыўся якраз у момант свята, якое ў Беларусі і Расіі лічыцца сакральным. Спроба схаваць сапраўдны стан Лукашэнкі робіцца даволі няўклюдна і мае адваротны эфект.

На плошчы Перамогі замест Аляксандра Лукашэнкі з прамовай выступіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Мінск, 9 траўня

На плошчы Перамогі замест Аляксандра Лукашэнкі з прамовай выступіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Мінск, 9 траўня

Галоўная выснова са святкавання Дня Перамогі, якую зрабіла беларуская грамадскасць, назіраючы за Лукашэнкам 9 траўня, палягае ў тым, што кіраўнік Беларусі мае вялікія праблемы са здароўем. І гэта ўжо не толькі ягоныя асабістыя праблемы, піша на «Св*бодзе» Валерый Карбалевіч.

У папярэднія гады незалежныя медыя звычайна абмяркоўвалі змест выступу Лукашэнкі 9 траўня. Але гэтым разам, упершыню за 29 гадоў свайго кіравання, Лукашэнка фізічна не змог выступіць з прамовай на плошчы Перамогі. Замест яго «па ягоным даручэнні» выступіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Лукашэнка ўпершыню за ўсе гады ва ўладзе не выступіў з прамовай на Дзень Перамогі ў Менску.

Па выніках паездкі на парад у Маскву назіральнікі зрабілі выснову, што ў Лукашэнкі праблемы з нагамі: ён не можа нармальна хадзіць, асабліва калі трэба паднімацца альбо спускацца па лесвіцы. Не паказалі, як ён спускаецца з трапа. Ад Краснай плошчы да магілы Невядомага салдата ў Аляксандраўскім садзе яго (адзінага з лідараў краін СНД) перавезлі на электракары для ветэранаў.

А вечаровае святкаванне ў Мінску паказала, што Лукашэнка не можа і нармальна гаварыць. Такое вось атрымалася свята.

Думаю, падобныя сітуацыі, калі ў Лукашэнкі здараліся праблемы са здароўем, былі і раней. Але іх удавался хаваць. Можна было зрабіць так, што ён не з’яўляецца на публіцы, ці паказаць яго ў патрэбным ракурсе.

А цяпер так супала, што крызіс са здароўем здарыўся якраз у момант свята, якое ў Беларусі і Расіі лічыцца сакральным. Таму хочаш не хочаш, але Лукашэнка на Дзень Перамогі павінен быў з’явіцца на публіцы. Бо ягоная адсутнасць выклікала б яшчэ большыя пытанні. Напрыклад, ягоны няўдзел у парадзе ў Маскве мог бы разглядацца як палітычны дэмарш, амаль скандал.


Аднак скандал (альбо, кажучы па-іншаму, надзвычайная сітуацыя) усё роўна здарыўся. Нават у дэмакратычных краінах здароўе першай асобы з’яўляецца прадметам асаблівай увагі грамадскасці, медыя. Але там ёсць важнае адрозненне ад дыктатарскіх дзяржаў. Па-першае, пры дэмакратыях пытанне здароўя прэзідэнтаў ці прэм’ераў не ўтойваюць ад грамадскасці, публікуюць адпаведныя медычныя дакументы. Па-другое, там усім зразумела, што будзе, калі з лідарам нешта здарыцца: каму пераходзіць улада, якія працэдуры прадугледжаны на выпадак нейкіх непрадбачаных падзеяў — усё падрабязна апісана.

Зусім іншая сітуацыя ў дыктатарскіх краінах, рэжымах асабістай улады, дзе ўся палітычная сістэма завязаная на аднаго чалавека. І калі з гэтым чалавекам нешта здараецца, то сістэма ўступае ў перыяд крызісу.

Беларусь дае вельмі дакладную ілюстрацыю, як сістэма ўпадае ў ступар, калі здараецца нешта непрадбачанае, надзвычайнае. Можна прыгадаць, як дзяржаўныя медыя рэагавалі на смерць міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ці на дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах.

Так і цяпер. Спроба неяк схаваць стан здароўя Лукашэнкі робіцца даволі няўклюдна. БТ на YouTube анансавала ягоны поўны выступ. А калі ён не адбыўся, то разгубіліся. «Поўную прамову» замянілі на «ўскладанне кветак з удзелам Лукашэнкі». Выступ Віктара Хрэніна адбыўся, паводле афіцыйнай версіі, «па даручэнні» Лукашэнкі. Фармулёўка трохі дзіўная, мусіць, прыдуманая ў апошні момант.

Папраўдзе, спроба зрабіць тэму здароўя Лукашэнкі дзяржаўнай таямніцай прыносіць адваротны эфект. Бо чуткі заўсёды будуць перабольшваць сапраўдны маштаб хваробы. Тут важны нават не столькі рэальны стан здароўя, колькі ўяўленне пра гэты стан ягонага атачэння ды і проста абываталяў.

У любым выпадку тэма здароўя Лукашэнкі цяпер становіцца важнай палітычнай праблемай Беларусі. Яна будзе актыўна абмяркоўвацца не толькі ў асяроддзі наменклатуры, палітызаванай публікі, але і сярод абываталяў. Людзям старэйшага пакалення гэтая сітуацыя трохі нагадвае часы «дарагога Леаніда Ілліча Брэжнева».

Тут яшчэ важна тое, што шмат гадоў Лукашэнка сам ствараў вобраз «спартыўнага прэзідэнта», які рэгулярна трэніруецца, перамагае на ўсіх спаборніцтвах (хакей, лыжы і інш.), коле дровы, косіць траву. І якраз на гэтым тле цяперашні вонкавы фізічны стан з’яўляецца моцным кантрастам з папярэдне створаным вобразам.

У любым выпадку, дрэннае здароўе ўладара ў персаналісцкім рэжыме — гэта прыкмета ягонай слабасці. І Беларусь тут не выключэнне.