«Не варта варажыць і прадбачыць хваробу дыктатара па дробных прыкметах»
Адна з ключавых тэм, якую абмяркоўваюць у Беларусі, — пагаршэнне стану здароўя Лукашэнкі. Аднак прафесійны тэлеграм-канал беларускіх медыкаў, прызнаны ў РБ «экстрэмісцкім», не раіць рабіць далёкія высновы па «карцінцы» ў тэлевізары.
Лукашэнка не змог на парадзе ў Маскве прайсці 300 метраў пешшу — ахове Пуціна давялося яго везці. На ўскладанне кветак да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе, які знаходзіцца непасрэдна каля Крамля, Лукашэнку прывезлі на электрамабілі.
Да таго ж у Маскве на парадзе ў Лукашэнкі на руцэ заўважылі кавалак тканіны, падобны на эластычны бінт. Магчыма, там застаўся катэтар пасля кропельніц альбо яго сляды.
Таксама Лукашэнка спешна вярнуўся ў Беларусь адразу пасля пуцінскага парада. Ён адмовіўся ад удзелу ў нефармальным сняданку з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і кіраўнікамі яшчэ шасці краін СНД, якія прынялі запрашэнне наведаць Маскву 9 траўня.
У Мінску Лукашэнка наведаў урачыстую цырымонію ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі, але ўпершыню не выступіў з прамовай перад прысутнымі, як у папярэднія гады. На цырымоніі зачытаў прамову кіраўнік Мінабароны Віктар Хрэнін.
Ад картэжу, які пад'ехаў да плошчы, Лукашэнка ледзь ішоў самастойна. Прынамсі, у тыя моманты, калі яго паказвала тэлевізійная камера падчас прамога эфіру.
Ці сур'ёзна ён хворы? Магчыма, Лукашэнка хутка памрэ?
«Сучаснае медыйнае поле так працуе, што людзі імкнуцца спажываць тую інфармацыю, якая ім падабаецца. Нам нашмат прасцей паверыць у тую навіну, якая нам сімпатычная. Аднак пасля гучных заяў кшталту “Лукашэнка памірае” будзе нашмат больш балюча прыняць той факт, што ён усё яшчэ жывы», — піша «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал беларускіх медыкаў.
Навіны пра пагаршэнне стану здароўя дыктатара былі і раней, зазначаюць медыкі. Аднак гэта інфармацыя трымаецца ў строгім сакрэце. Ці можам мы зрабіць высновы, чым хворы Лукашэнка па апошніх падзеях? Не.
Як выснова: не варта варажыць і прадбачыць хваробу дыктатара паводле дробных прыкмет, якія мы ўбачылі праз тэлевізар. Гэтай інфармацыі недастаткова, каб паставіць хоць бы прыблізны дыягназ.