Навошта рэжыму Лукашэнкі скрадзеныя ўкраінскія дзеці?

Рэжым Лукашэнкі даўно глядзіць на дзяцей як на ідэалягічных жаўнераў. Для чыноўнікаў гэта ня проста маленькія людзі, пра дабрабыт якіх мы абавязаны клапаціцца найлепшым чынам, а патэнцыйныя пасьлядоўнікі Лукашэнкі, піша Наста Захарэвіч на «Св*бодзе».

Украінскія дзеці, вывезеныя ў Расію. Ілюстрацыйнае фота. Blaževič/LRT nuotr.

Украінскія дзеці, вывезеныя ў Расію. Ілюстрацыйнае фота. Blaževič/LRT nuotr.


Для чыноўнікаў Лукашэнкі ўкраінскія дзеці — гэта людзі, якіх трэба выгадаваць ідэалягічна правільнымі адзінкамі, максымальна далёкімі ад крытычнага мысьленьня. І найлепш гэта можна зрабіць, цалкам адарваўшы дзяцей ад іх бацькоў.

У Беларусі дзецьмі заўжды шантажавалі палітычна актыўных людзей, але гэтага Лукашэнку было мала. Усё ж сем’і змагаліся, уцякалі, дабіваліся зацікаўленасьці з боку СМІ і, што самае галоўнае, працягвалі ўплываць на мысьленьне і сьветапогляд саміх дзяцей. Але вайна Расеі супраць Украіны дала ўладам Беларусі новыя магчымасьці — цяпер яны могуць гадаваць літаральна стэрыльнае ідэалягічнае войска, дэпартуючы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь.

Вядома, гэта аніякая не эвакуацыя, як тое спрабуюць падаць удзельнікі гэтых злачынстваў, а незаконны вываз дзяцей, які цяпер названы прыкметай генацыду. Эвакуяваць дзяцей могуць іх сваякі, законныя прадстаўнікі ці ўкраінскія ўлады. І робяць яны гэта ў большасьці выпадкаў не ў краіны, з тэрыторыі якіх на іх ляцяць ракеты. Вядома, выехаць з акупаваных тэрыторый можна амаль што толькі праз уласна краіну-акупанта, але для большасьці людзей яна становіцца транзытнай тэрыторыяй, адкуль яны выяжджаюць у бясьпечныя месцы.

І не, калябаранты ці завезеныя з Расеі на акупаваныя тэрыторыі людзі ня могуць станавіцца законнымі прадстаўнікамі дзяцей замест забітых бацькоў ці дырэктараў інтэрнатаў. І калі такія людзі ўдзельнічаюць у дэпартацыях дзяцей, яны робяць злачынства, за якое, хочацца верыць, ім яшчэ давядзецца адказваць перад судом.


Тое, што адбываецца цяпер, — сапраўдная катастрофа, але для рэжыму Лукашэнкі гэта проста сацыяльная палітыка мары. Гэта быццам экспэрымэнт, у межах якога дзеці — гэта маёмасьць дзяржавы. Вядома, вы можаце сказаць, што ў рэжыму Лукашэнкі хапае для гэтага экспэрымэнту і беларускіх дзяцей — у нас жа дагэтуль існуюць дзіцячыя дамы, дзе ў дзяцей няма любячых бацькоў (біялягічных ці прыёмных), а ёсьць выхавальнікі — людзі, якія мусяць адпавядаць цяперашнім патрабаваньням да супрацоўнікаў у сфэры адукацыі. Калі казаць каротка, дык гэта проста мусяць быць ідэалягічна правераныя і палітычна верныя Лукашэнку людзі, бо іншых сыстэма цяпер вельмі ўпарта пазбаўляецца.

Забітыя альбо пакалечаныя ва Ўкраіне родныя дэпартаваных у Беларусь дзяцей ніяк ня могуць замінаць уладам гадаваць малых «ідэалягічна правільнымі». Самі ж дзеці і праз свой узрост звычайна ня могуць супраціўляцца дзеяньням дарослых, а зь дзецьмі, якія перажылі вайну, усё яшчэ складаней. Спадзявацца на тое, што шмат хто зь іх зможа захаваць гістарычную памяць і нацыянальную ідэнтычнасьць, наўрад ці варта.

Па-першае, у іх будуць спрацоўваць ахоўныя функцыі псыхікі і яны будуць адаптавацца да новай рэальнасьці, каб выйсьці з сытуацыі з найменшымі стратамі. Па-другое, нават на дарослых прапаганда ўзьдзейнічае вельмі пасьпяхова, дык што гаварыць пра дзяцей.

І ўсё гэта — ідэал для рэжыму Лукашэнкі. Пляваць на дабрабыт дзяцей, на іх рэальныя інтарэсы, на іх пачуцьці ў сувязі з адрывам ад бацькоў (вывозяць жа ня толькі тых, у каго бацькоў няма). Пляваць увогуле на ўсё, акрамя ўласнага жаданьня мець яшчэ болей улады.

Зрэшты, канцэптуальна новага ў гэтым нічога няма. Гэта старая гульня, толькі стаўкі робяцца ўсё вышэйшымі.