«Вы іх усё роўна не забераце. Гэта дзеці Расіі будуць». Украінскія дзеці пра «адпачынак» у расійскіх лагерах

Ва Украіну вярнуліся 17 дзяцей, якіх акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласці яшчэ ў кастрычніку мінулага года адправілі «на адпачынак» у дзіцячыя лагеры на тэрыторыі анексаванага Крыма. Абяцалі, што дзеці з'ездзяць туды на дзесяць дзён, але ў выніку яны правялі там паўгода.

Украінскія дзеці, вывезеныя ў Расію. Ілюстрацыйнае фота. Blaževič/LRT nuotr.

Украінскія дзеці, вывезеныя ў Расію. Ілюстрацыйнае фота. Blaževič/LRT nuotr.

Карэспандэнт «The Insider» паразмаўляла з дзецьмі, якія вярнуліся, і іх бацькамі ў Кіеве. Па словах 16-гадовага Віталя, у лагеры «Мара» ў Еўпаторыі дзяцей, якія выступалі за Украіну, білі жалезнай палкай.
«Біў жалезнай палкай Астахаў, які за бяспеку адказвае. Царом там сябе ўявіў. Ён казаў: "Вы з Украіны, каму вы патрэбныя? Мы вас адвязём у інтэрнат, вы там пасядзіце і ўсё зразумееце“. Адну дзяўчынку ўдарылі па спіне, і там прама сіняк такі быў палоскай.
Мы сядзелі тады ў зале і нехта крыкнуў "Слава Украіне!", а хтосьці адказаў "Героям слава!". Іх забралі, але я не ведаю, што з імі было. Ён яшчэ сцяг Украіны спаліў, галоўны гэты па бяспецы. Яны знайшлі ў дзяўчынкі маленькі сцяг украінскі на палачцы. Яна сказала, што ёй гэта мама і тата прывезлі з Кіева. Яна паставіла яго ў шкляначку, а потым павесіла на шторы. Гэты заходзіць, зрывае і гарлапаніць матам: “Вы хахлы хворыя! Вы ў Расіі, тут ніколі Украіны нідзе не будзе, яна згарыць проста. Пайшлі, будзеце глядзець, як Украіна гарыць". Падпаліў сцяг запальнічкай, і ён згарэў».
Чалавек з прозвішчам Астахаў з Еўпаторыі ёсць у базе даных «Міратворца», але датэлефанавацца да яго «The Insider» не ўдалося.
Віталь распавёў, што яны з сяброўкай збягалі на два дні з лагера:
«Мы тады сказалі “Слава Украіне!“ — і ўцяклі на два дні. Мы прыйшлі ў гатэль у Еўпаторыі, дзяўчынцы мама скінула 600 рублёў, і знялі пакой аднамесны, на падлозе спалі. Мы купілі ежу, паелі. Там у цэнтры быў Вечны агонь і рускі сцяг вісіць. Сяброўка мая падышла і патушыла яго нагой. І там стаяла бабка, якая таксама за Украіну, і сказала нам: “Я ўжо восем гадоў чакаю Украіну“».
Потым іх знайшлі супрацоўнікі паліцыі і вярнулі ў лагер. Там дзяцей пачалі запалохваць, што яны ніколі не вернуцца ва Украіну, а замест гэтага іх аддадуць у прыёмныя сем'і, таму што бацькі нібыта ад іх адмовіліся.
«З намі гутаркі праводзілі ў духу "Вы што, хворыя? Украіна згарыць! Вы дадому дакладна не вернецеся, а калі і вернецеся, то толькі з праблемамі!". Казалі, што адвязуць нас у Пскоў у інтэрнат. Мы ім казалі: “Ад нас бацькі не адмаўляліся, вы нас ніяк не адвезяце нікуды". На што яны: “Ад вас адмовіліся“. Мая мама патэлефанавала дырэктару лагера і сказала: "Вы што верзяце? Я такога не казала! Навошта вы дзецям хлусіце?" Яны ёй адказалі: "Вы іх усё роўна не забераце. Гэта дзеці Расіі будуць"».
Віталь кажа, што з лагера «Мара» ўсіх дзяцей перавялі ў лагер «Дружба», і там умовы былі яшчэ горшыя: пасцельнай бялізны не было, толькі брудны матрац і падушка, а за непадпарадкаванне іх замыкалі ў падвале на некалькі гадзін.
«Нас прымушалі спяваць гімн Расіі, трымаць расійскі сцяг, падымаць яго на флагшток, але мы гэтага не рабілі. Скідалі тэкст гімна і казалі: “Вучыце, заўтра будзеце распавядаць". Але потым неяк забыліся пра гэта. У падвале трымалі. Казалі: "Вы за Украіну, і вы непатрэбныя!" Дзяўчынку адну трымалі чатыры гадзіны. Усіх па-рознаму. Прымушалі нас у калідорах прыбіраць, бо прыбіральшчыцы не прыбіралі. Пасцельнай бялізны не было, толькі падушка і матрац нейкі брудны. Гэта не ў падвалах, а ў пакоях. Мы самі купілі лямпачку і ўкруцілі, каб святло хоць было. Разетак у пакоі таксама не было. Я ім казаў [аб дрэнных умовах], а яны мне: “Ты з Украіны, спі на чым хочаш“».
Спачатку дзяцей не адпускалі дадому, тлумачачы гэта меркаваннямі бяспекі, а затым заявілі, што яны проста не вернуцца. Калі ўсё ж удалося дамовіцца аб вяртанні дзяцей, Расія запатрабавала, каб бацькі забіралі іх асабіста. «Ім казалі: “Калі хочаце, прыязджайце самі і забірайце сваіх дзяцей, калі яны вам патрэбныя".​ Але выйшла так, калі дэакупавалі гэтыя раёны, што паміж мамамі і гэтымі дзецьмі апынулася лінія фронту: прыехаць яны не маглі», — распавядала ў інтэрв'ю «Настоящему времени» ў снежні мінулага года каардынатар Save Ukraine Міраслава Харчанка.
«Легенда была такая, што яны паехалі ў лагер на два тыдні. Спачатку яны паехалі на два тыдні, потым дзіця мне патэлефанавала і сказала, што падаўжаюць. 4 лістапада яны павінны былі вяртацца, але Крымскі мост разбамбілі, — распавяла карэспандэнту «The Insider» мама адной з дзяўчынак. — У лістападзе нашы прыйшлі ў Херсон, і мы ў іх пыталіся, як забраць дзіця. Мы былі вымушаны выехаць з Херсона з валанцёрамі з Хмяльніцкай вобласці, і там праз паліцыю інспектар па дзецях дала нам нумар тэлефона валанцёра Каці. Мы паехалі праз Расійскую Федэрацыю. У нядзелю я ехала ў Кіеў, а ў панядзелак увечары мы ўжо выехалі ў Польшчу, потым у Беларусь, Расію і Крым, а потым назад».
«Чакалі 6,5 месяцаў з моманту ад'езду. Звярнуліся ў Save Ukraine, падалі заяўку, жонка патэлефанавала і сказалі, што трэба пачакаць, таму што дзяцей вельмі шмат, але пытанне паволі вырашаецца. Патэлефанаваў валанцёр тыдзень таму і сказаў, што ёсць чалавек, які можа забраць. Напісалі даверанасць на жанчыну, якая ехала ў Еўпаторыю за сваім дзіцем. Прыехалі, забралі і цягам двух дзён прывезлі. Учора мы прыехалі з Херсона, нас сустрэлі, пасялілі ў гасцініцу, а раніцай прыехалі забіраць дзяцей. Мы ўвесь гэты час жылі ў Херсоне», — распавядае тата іншага дзіцяці.
Не ўсе дзеці сутыкнуліся ў лагерах з жорсткім абыходжаннем, але ўсе кажуць пра дрэнныя ўмовы і няякасную ежу.
«Я спачатку заехаў у першы лагер — «Дружба». Там умовы былі вельмі дрэнныя — шэсць разетак на паверх, а жыве на паверсе 50 чалавек. Дзве ванныя і дзве прыбіральні для хлопчыкаў і па дзве для дзяўчынак, — распавёў Улад з Херсона. — Прыбіралі там досыць рэдка. Ежа горшая за сярэднюю, такое сабе».

Украінскія дзеці ў расійскім палоне. Ілюстрацыйнае фота. ЕРА

Украінскія дзеці ў расійскім палоне. Ілюстрацыйнае фота. ЕРА

Па словах Улада, у лагеры былі ўрокі па расійскай праграме. Прымушалі стоячы слухаць гімн РФ на зарадцы. Потым іх перасялілі ў лагер «Прамяністы». «Там усё нашмат лепш было — выдатныя пакоі, ванныя, туалет у кожным пакоі, пяць разетак мінімум, кармленне нашмат лепшае. Былі нейкія гурткі, футбол, валейбол і гэтак далей», — кажа хлопчык.
У даследаванні лабараторыі Ельскага ўніверсітэта гаварылася, што для ўкраінскіх дзяцей цяпер дзейнічаюць больш за 40 лагераў у Сібіры, на ўзбярэжжы Чорнага мора, у цэнтральных рэгіёнах, на Урале і ў анексаваным Крыме. Паводле звестак аўтараў справаздачы, у лагерах дзецям распавядаюць пра «традыцыйныя каштоўнасці», выкладаюць гісторыю паводле «расійскіх стандартаў», вучаць стральбе і абыходжанні з тэхнікай. Сцвярджалася, што некаторыя лагеры, у тым ліку ў Крыме і Чачні, праводзяць для дзяцей «курс маладога байца».
У канцы снежня стала вядома, што адміністрацыі дзіцячых лагераў у Крыме не адпускаюць херсонскіх дзяцей дадому. Паведамлялася, што яшчэ больш за 100 дзяцей не вярнуліся ў Балаклею з іншага лагера.
На сайце дзяржаўнага партала «Дзеці вайны» гаворыцца пра знікненне 16 226 дзяцей. Вярнуць на радзіму, па даных сайта, пакуль удалося 308.
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай, заявіўшы, што яны нясуць адказнасць за прымусовы вываз дзяцей з Украіны.