Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна

Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расіі Марыю Львову-Бялову. Паведамленне пра гэта з’явілася на афіцыйным сайце суда.

Калаж з Twitter @DmytroKuleba

Калаж з Twitter @DmytroKuleba


МКС падазрае іх ва ўчыненні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэння насельніцтва, у прыватнасці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. На сайце суда адзначана, што існуюць разумныя падставы лічыць, што Пуцін нясе асабістую адказнасць за гвалтоўныя перамяшчэнні.

Расія не прызнае юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда, Масква з 2016 года не ўдзельнічае ў Рымскім статуце, які вызначае дзеянні суда. Суд, у сваю чаргу, не прызнае імунітэту кіраўнікоў дзяржаў, калі гаворка ідзе пра расследаванне ваенных злачынстваў і пераслед за іх.

Прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава напісала ў сваім тэлеграм-канале, што «рашэнні Міжнароднага крымінальнага суда для нашай краіны не маюць ніякага значэння, у тым ліку з прававога пункту гледжання».

Пастаноўка пытання Міжнародным крымінальным судом аб выдачы ордэра на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна абуральная. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

«Саму пастаноўку пытання мы лічым абуральнай і непрымальнай. Расія і шэраг іншых дзяржаў не прызнаюць юрысдыкцыі гэтага суда. Любыя яго рашэнні для РФ з пункту гледжання права з'яўляюцца нікчэмнымі», — заявіў Пяскоў.

Па матэрыялах справаздачы Conflict Observatory, з пачатку вайны расійскія ўлады вывезлі з Украіны не менш за шэсць тысяч дзяцей ва ўзросце ад чатырох месяцаў да 17 гадоў. Іх адпраўляюць у аздараўленчыя лагеры для перавыхавання, а часам — вайсковай падрыхтоўкі.

Паводле даных лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя (Yale HRL), украінскія дзеці ўтрымліваюцца ў 43 установах па ўсёй Расіі. Іх трымаюць у аздараўленчых лагерах, якія ў асноўным размешчаны ў Крыме, Маскве, Казані і Екацярынбургу. Таксама ёсць лагеры ў Сібіры і на Далёкім Усходзе.

Эксперты Yale HRL выявілі два аб'екты, звязаныя з дэпартацыяй дзяцей-сірот: псіхіятрычную бальніцу і сямейны цэнтр. Пры гэтым частку дзяцей ужо ўсынавілі расійскія сем'і.

«Большасць лагераў займаліся прарасійскай дзейнасцю па перавыхаванні, а некаторыя лагеры праводзілі ваенную падрыхтоўку дзяцей або прыпынялі вяртанне дзяцей да бацькоў ва Украіну», — гаворыцца ў справаздачы.

Адзначаецца, што перад вывазам дзяцей у Расію ў многіх бацькоў не пыталіся дазволу або атрымлівалі яго пад ціскам. Таксама ва ўкраінскіх сем'яў няма інфармацыі аб сённяшнім месцазнаходжанні сваіх дзяцей.

Гэтую праграму каардынуе федэральны ўрад Расіі і залучае ў яе ўсе ўзроўні ўлады. Па даных Yale HRL, па меншай меры 12 адказных за праграму чыноўнікаў не ўключаны ў міжнародныя санкцыйныя спісы.

«Тое, што задакументавана ў гэтым дакладзе, з'яўляецца відавочным парушэннем 4-й Жэнеўскай канвенцыі», — прыводзіць «Reuters» словы даследчыка Натаніэля Рэйманда.