Ва Украіне збілі кітайскі дрон. Гэта сенсацыя?
З’явілася інфармацыя, што УСУ збілі беспілотны лятальны апарат кітайскай вытворчасці Mugin-5. На фоне апошніх скандалаў, звязаных з паведамленнямі амерыканскай выведкі аб намерах Кітаю прадаць Расіі беспілотнікі для вайны ва Украіне, гэтая навіна выклікала ажыятаж.
muginuav.en.made-in-china.com/
Некаторыя паспяшаліся зрабіць выснову, што Кітай уціхую дапамагае расійцам. Ды яшчэ і суправадзіўшы гэта заявамі, што і сумненняў аніякіх не можа быць, што з кітайскага боку ідзе ваенная падтрымка расійскай «спецыяльнай аперацыі».
Аўтары такіх заяў спрабуюць утварыць у аўдыторыі перакананне, што Кітай займаўся пастаўкамі зброі ў Расію даўно, а цяпер таму з’явіліся цвёрдыя і неабвержныя доказы. Але ці адпавядае гэта рэчаіснасці, і ці Кітай сапраўды пайшоў на ваенную падтрымку Расіі, проціпаставіўшы сябе Заходняму свету? І ці сапраўды за спінай Расіі цяпер высіцца магутная постаць аднаго з сусветных лідараў, які не дасць сваёй саюзніцы прайграць у вайне?
Замежныя дроны для Расіі
У лютым гэтага года ў СМІ прайшла хваля публікацыяў, датычных імаверных паставак кітайскіх беспілотнікаў у Расію. Тады гаворка ішла пра перамовы, якія быццам вядуць расійскія вайскоўцы з прадстаўнікамі фірмы Xi'an Bingo Intelligent Aviation Technology, якая займаецца ў Кітаі вытворчасцю дронаў. Быццам прадметам перамоваў была замова на вытворчасць 100 беспілотнікаў ZT-180 з далейшай пастаўкай іх расійскай арміі ў красавіку 2023-га.
Гэтыя дроны-камікадзэ могуць несці боегалоўку вагой ад 35 да 50 кг і, па меркаванні заходніх СМІ, маглі б выкарыстоўвацца для ўдараў у тым ліку па цэлях у Кіеве. З тых жа публікацыяў выцякала, што кітайскія ZT-180 мусілі замяніць іранскія «шахеды». Заўважым, што Іран пасля гучных абвінавачанняў у пастаўках дронаў Расіі зрабіў усё магчымае, каб адхрысціцца ад гэтых паставак. Першапачаткова яны адмаўлялі сам факт, але ў лістападзе мінулага году ўсё ж прызналі, што пастаўкі мелі месца, але выключна «за месяцы да пачатку паўнамаштабнай вайны». Дарэчы, у тым жа месяцы амерыканская выведка казала пра дамоўленасці аб пастаўках Іранам камплектуючых, з якіх ужо ў Расіі маглі збірацца новыя дроны з некаторымі адрозненнямі ад арыгінальных «шахедаў».
Пазіцыя Ірану па адмаўленні ад факту паставак ёсць цалкам зразумелай, бо за пастаўкі лятальнай зброі Расіі любая краіна цяпер можа нарвацца на сур'ёзныя эканамічныя санкцыі. Вось каму-каму, а Ірану гэтыя санкцыі зусім не патрэбныя.
Між іншым, інфармацыя пра падрыхтоўку здзелкі з кітайскай кампаніяй падштурхнула аналітыкаў да разважанняў, што кітайскія дроны могуць быць альтэрнатывай іранскім «шахедам». Справа ў тым, што тыя самыя «шахеды» не выкарыстоўваліся расійскімі войскамі з 15 лютага. Што можа значыць, што запас «шахедаў» скончыўся, а новых паступленняў не будзе. У такой сітуацыі кітайскія дроны, якія маюць прыкладна тыя ж характарыстыкі, у тым ліку — і радыус дзеяння (меркавана — да 2 500 км), зрабіліся для іх раўнацэннай заменай. Тэарэтычна яны маглі б запускацца з расійскай, ці акупаванай украінскай, ці беларускай тэрыторыі і «з вялікай дакладнасцю» наносіць удары па цэлях, у тым ліку — па грамадзянскіх цэнтрах і іншых мірных аб'ектах.
Гэта дало б расійцам перавагу ў вайне з Украінай, што ўзмацніла б палітычныя пазіцыю Крамлю ў бліжэйшыя месяцы. Прынамсі, у вуснах некаторых заходніх аглядальнікаў стратэгія Расіі, накіраваная на вынішчэнне крытычнай інфраструктуры Украіны, выглядала досыць эфектыўнай, з вельмі абмежаванымі магчымасцямі Украіны і краін Захаду знайсці адказ на яе.
Праўда, з іншага боку, спробы расійцаў знайсці замену «шахедам» дэманстравалі, што ў Расіі існуе адчувальны дэфіцыт у сродках нанясення ўдараў па той самай інфраструктуры. Як было ўказана ў шмат якіх даследаваннях, Расія цяпер можа адчуваць істотны дэфіцыт у ракетах і снарадах. Пры гэтым магчымасці ўласнай вытворчасці задаволіць патрэбы арміі ў іх, відавочна, не могуць (як бы ні настойвалі прыхільнікі «русского мира» на адваротным). Таму і даводзіцца ёй спрабаваць знайсці вонкавыя пастаўкі. А з імі, як бачна на прыкладзе тых жа «шахедаў», узнікаюць сур'ёзныя праблемы.
Кітай перад «чырвонымі лініямі»
Вось і з кітайскімі дронамі атрымалася, падобна, тая ж гісторыя. З'яўленне інфармацыі пра магчымую расійска-кітайскую здзелку выклікала надзвычай нервовую рэакцыю ў амерыканцаў. Як гучна абвясціў дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША Джэйк Саліван, Пекін, канечне, будзе сам вырашаць, ажыццяўляць гэтыя пастаўкі, ці не. Але калі ён усё ж на гэта вырашыцца, гэта будзе яму «дорага каштаваць». Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн запэўніў, што Амерыка жорстка «адкажа», калі Кітай усё ж вырашыцца пастаўляць зброю Расіі. У тым жа духу выказаўся і галава еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. У размове з лідарам кітайскай дыпламатыі Ван І ён адзначыў, што такі крок Кітаю будзе значыць пераход праз «чырвоную лінію» ў адносінах з ЕЗ.
Для Кітаю гэтыя мэсэджы з'яўляюцца больш чым відавочнымі: у выпадку спробы неяк «пасадзейнічаць» Расіі ў справе забойстваў украінцаў ён нанясе катастрафічны ўдар па сваіх стасунках з краінамі Захаду. А гэта сапраўды можа дорага каштаваць кітайцам. Нягледзячы на палітычныя супярэчнасці, паказальнікі эканамічнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Захадам б'юць усе рэкорды.
Калі параўнаць гэта з (таксама рэкорднымі) 190 млрд долараў тавараабароту з Расіяй, дык робіцца відавочным, наколькі істотным для Кітаю з'яўляецца задача падтрымліваць добрыя стасункі з Захадам. І гэта — яшчэ без уліку заходніх інвестыцыяў у кітайскую эканоміку, без якіх яна (эканоміка) будзе адчуваць сябе не так добра, як цяпер. Плюс — кітайскія інфраструктурныя праекты ў Еўропе (тая ж партовая інфраструктура), страта якіх будзе цяжкім ударам па кітайскай эканамічнай стратэгіі. Дый няма аніякага жадання дзеля Расіі ставіць пад удар ініцыятыву «Пояс-Шлях».
Таму не дзіўна, што ўслед за іранскімі і кітайскія таварышы пачалі актыўна адхрышчвацца ад падазрэнняў у спробах перасекчы «чырвоныя лініі». Асабліва балючым будзе санкцыйны ўдар па тых кітайскіх кампаніях, якія займаюцца вытворчасцю дронаў. З іх боку і была найбольш характэрызуючая рэакцыя. У пачатку сакавіка кітайскія вытворцы дронаў DJI і Autelзабаранілі прадаваць сваю прадукцыю расійскім спажыўцам праз гандлёвую пляцоўку AliExpress. Пасля гэтага доступ расіянам да прадукцыі гэтых фірмаў быў закрыты. Набыць тавар не дапамагае нават змена IP-адрасу, бо пры замове з дастаўкай у Расію сайт адразу выдае памылку.
Афіцыйныя прадстаўнікі Пекіна, канешне, агрызаліся на амерыканскія абвінавачанні ў духу: а самі-то чаго адзін з бакоў канфлікту зброяй напампоўваеце? Але пры гэтым запэўнівалі сваіх заходніх партнёраў, што ў іх і ў думках не было анічога такога Расіі пастаўляць. Прэсавы сакратар міністэрства замежных спраў КНР Маа Нін назваў амерыканскія прэтэнзіі «распаўсюдам дэзынфармацыі».
Варта адзначыць, што амерыканцы пакуль не аспрэчваюць завярэнні кітайскага боку, што аніякіх падобных паставак не ажыццяўляецца. Нават дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення Уільям Бёрнс адзначыў, што амерыканская выведка не мае пасведчанняў «рэальных паставак лятальнага абсталявання». Верыць кітайцам прымушае і тая акалічнасць, што Кітай цяпер знайшоў вельмі прыбытковую для сябе ў плане міжнароднага аўтарытэту ролю міратворцы. А ў гэтай справе выступаць за мір, але пры гэтым пастаўляць зброю ў зону канфлікту — вельмі рызыкоўная для абранага іміджу рэч.
Дык што збілі ва Украіне?
І вось тут з'яўляецца паведамленне, што расійцы ва Украіне такі выкарыстоўваюць дроны кітайскай вытворчасці. Судзячы па фотаздымках, збіты дрон уяўляе сабой Mugin-5 Pro 5000 mm Carbon Fiber UAV Platform вытворчасці кітайскай прыватнай кампаніі Mugin UAV. На сайце кампаніі гэты тавар можна набыць за 9 490 даляраў (хоць у СМІ цана дрону пазначаецца ў 15 000). Ён моцна адрозніваецца ад іранскіх «шахедаў» і ад кітайскіх ZT-180, не маючы ні вялікага радыусу дзеяння, ні апаратуры дакладнага навядзення, з «карысным» грузам усяго ў 25 кг. Дрон, збіты ва Украіне, не меў нават відэакамеры. То-бок, ён уяўляў сабой простую беспілотную платформу, да якой быў прывязаны 20-кілаграмовы зарад з вельмі прыблізным выбарам цэлі.
Ляцеў гэты цуд варожай тэхнікі павольна і на невялікай вышыні. Так што загадзя папярэджаныя пра ягонае набліжэнне байцы УСУ без асаблівых праблемаў збілі яго з банальнага «калаша». Заўважым, зарад пры падзенні не выбухнуў, дазволіўшы без залішніх праблем высветліць краіну вытворчасці апарата і прадставіць яго замежнай прэсе.
Тут вось так і хочацца сысці ў сферу тэорыі змовы і пабачыць за ўсім гэтым (у тым ліку — за публікацыяй інфармацыі пра кітайскі беспілотнік на навінных сайтах) спробу «падставіць» кітайцаў пад раз'юшаную рэакцыю заходняга свету, ужо дастаткова «накручанага» на тэму паставак кітайскіх дронаў Расіі. Можна было б чакаць скандалу паміж Кітаем і ЗША, што павялічыла б раскол паміж гэтымі краінамі. На гэтым фоне Расія магла б, сапраўды, разлічваць на павелічэнне дапамогі ў вайне супраць Украіны. Нават на рэальныя пастаўкі баявых дронаў.
Але на скандал гэтая навіна ну аніяк не цягне. Калі б украінцы «завалілі» найноўшы ZT-180, гэта была б сапраўдная сенсацыя з сур'ёзнымі наступствамі. А старая і даволі прымітыўная «балванка» каталізатарам скандалу з'яўляцца не можа. Тым больш, што ў мінулым годзе былі паведамленні пра магчымае выкарыстанне дрона гэтага тыпу ўкраінцамі для нанясення ўдару па нафтаперапрацоўчым заводзе ў раёне Растова. Такім чынам, давядзецца прызнаць, што нядобры Кітай займаецца пастаўкамі «зброі» абодвум бакам канфлікту адначасова.
Таксама, тэарэтычна, гэта можа быць спробай нарадзіць (ці ўзмацніць) у спажыўцоў інфармацыі пачуццё, што Кітай з'яўляецца адназначным саюзнікам Расіі ў вайне супраць Украіны. Гэта, па ідэі, умацоўвае пазіцыі самой Расіі ў вачох гэтых самых спажыўцоў, а таксама дэмаралізуе ейных праціўнікаў тым фактам, што яна мае магутную падтрымку з боку аднаго з сусветных палітычных і эканамічных лідараў. Адначасова зніжаецца і аўтарытэт Кітаю як міратворцы, асабліва напярэдадні анансаванай тэлефоннай размовы паміж Сі Цзіньпінам і Зяленскім (на неабходнасці якой, дарэчы, настойваюць і лідары краін Захаду). Ускосным пацвярджэннем гэтаму можа служыць тое, што навіна шырока разышлася па ўкраінскіх СМІ, але пра яе мала прыгадванняў у расійскіх.
Калі гэта сапраўды правакацыя, дык зроблена яна досыць прымітыўна (хоць, падаецца, гэта ўжо анікога не павінна здзіўляць). І адзіны магчымы варыянт рэакцыі на такую інфармацыю — захаванне спакою пры сутыкненні з падобнымі «сенсацыйнымі» навінамі.