Іран не мог самастойна стварыць беспілотнікі-камікадзэ. Хтосьці дапамог?

Беспілотнік-камікадзэ «Shahed-136» мае кампаненты, якія вырабляюць толькі ў іншых краінах, заявілі ва ўкраінскай Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны.

Фота ukrinform.net

Фота ukrinform.net

Іран не меў магчымасці самастойна вырабляць беспілотнікі «Shahed-136», якія набыла Расія і цяпер выкарыстоўвае іх для нападаў на ўкраінскія гарады. Пра гэта ў аўторак, 11 кастрычніка, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў, піша korrespondent.net.

Па яго словах, украінскія спецыялісты агледзелі кампаненты збітых дронаў-камікадзэ іранскай вытворчасці і высветлілі — яны вырабленыя ў іншых краінах.

«Іранцы самастойна гэтыя рэчы збіраць не маглі. Там ёсць пэўныя кампаненты з пэўных краін. Мы цяпер разбіраемся, якім чынам яны там апынуліся, і чаму краіна, якая была пад санкцыямі, мела магчымасць купляць рэчы, якія на 100% належаць да вайскова-прамысловага комплексу», — адзначыў Аляксей Данілаў.

Украінская армія на сённяшні дзень збіла дзясяткі дронаў «Shahed-136». Аднак Іран працягвае сцвярджаць, што не прадаваў іх Расіі. Зрэшты, інфармацыя аб адпраўцы Іранам у РФ першай партыі баявых беспілотнікаў з'явілася яшчэ ў жніўні.


Як пісаў «НЧ», расійскія войскі працягваюць перакідваць на тэрыторыю Беларусі іранскія дроны-камікадзэ «Shahed-136». Па стане на 10 кастрычніка на тэрыторыю краіны было завезена 32 названых БПЛА, да 14 кастрычніка плануецца завезці яшчэ 8, паведаміла ўкраінская разведка.

А ўчора стала вядома, што беспілотнікі, якія атакавалі 10 кастрычніка ўкраінскія гарады, РФ запускала з тэрыторыі Беларусі і з Крыма.