Дроны DJI і Autel стала нельга купіць на AliExpress з Беларусі

Карыстальнікі з Беларусі больш не могуць замовіць дроны найбольш вядомых вытворцаў DJI і Autel на найбуйнейшай гандлёвай пляцоўцы AliExpress. Напярэдадні іх прапажу заўважылі ў Расіі, але, як пераканалася «Л*стэрка», у Беларусі сітуацыя такая ж.

Фота DJI

Фота DJI

Беларусы і расійцы часцей за ўсё куплялі квадракоптары менавіта на AliExpress — там яны значна таннейшыя, чым у прадаўцоў унутры краіны. Але 2 сакавіка расійскі тэлеграм-канал Mash заўважыў, што на кітайскай пляцоўцы замовіць дроны стала немагчыма. Пры спробе аформіць заказ выбівае памылку і надпіс: «Такой старонкі няма».

Журналісты праверылі і пераканаліся, што на рускамоўнай версіі пляцоўкі, AliExpress.ru, дроны DJI нават не выдаюцца пры пошуку, па назве кампаніі можна адшукаць толькі аксесуары. Вядома, гэтыя дроны можна без праблем знайсці на версіях сайта для іншых краін. Аднак калі карыстальнік з Беларусі хоча аформіць заказ і выбірае краінай дастаўкі Беларусь, з'яўляецца паведамленне, што такой старонкі не існуе, то-бок замовіць тавар немагчыма.

Беларускія і расійскія карыстальнікі ўсё яшчэ могуць купіць на AliExpress дроны іншых, менш вядомых кітайскіх марак.

Праблема ўжо шырока абмяркоўваецца ў супольнасцях «дронаводаў» у Беларусі і Расіі. Карыстальнікі пакідаюць пра гэта каментары на старонках кампаніі DJI ў сацсетках.

Мабыць, ініцыятыва блакавання продажаў зыходзіць ад саміх вытворцаў. Яшчэ раней прыкладанні DJI, якія патрэбныя для выкарыстання дронаў, зніклі з AppStore і Google Play у Расіі. Калі адзін з расійскіх карыстальнікаў задаў пра гэта пытанне ў падтрымку кампаніі, там адказалі наступнае: «Са шкадаваннем паведамляем вам, што DJI не прадае ніякія свае прадукты ў рэгіёне Расіі і не можа даць вам якія-небудзь паслугі (і мы не займаемся пасляпродажным абслугоўваннем для якой-небудзь ваеннай дзейнасці)».

У Беларусі дадаткі таксама недаступныя ўжо даволі даўно. У тых, хто ўсталяваў прыкладанне раней, яны працуюць, але купіць у іх камплектуючыя для робата немагчыма.

Падобна на тое, што шляхам блакавання продажаў на самай папулярнай пляцоўцы вытворца дронаў проста рэалізаваў раней абвешчаныя абмежаванні. Яшчэ ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку вайны, у DJI заявілі, што не падтрымліваюць выкарыстанне іх прадуктаў у дзейнасці, якая наносіць шкоду жыццю, правам і інтарэсам людзей, і выконваюць санкцыі. У красавіку ў кампаніі наўпрост сказалі, што супраць выкарыстання іх дронаў у вайсковых мэтах, не ўносілі і не будуць уносіць мадыфікацый, якія дазволяць прымацоўваць да дронаў боепрыпасы.

«Нашы дыстрыб'ютары і іншыя партнёры абавязваюцца выконваць гэтыя прынцыпы пры продажы і выкарыстанні нашай прадукцыі. Яны пагадзіліся не прадаваць прадукты DJI кліентам, якія відавочна плануюць выкарыстоўваць іх у ваенных мэтах, або дапамагаць мадыфікаваць нашы прадукты для выкарыстання ў ваенных мэтах», — гаварылася ў заяве.

Праз некалькі дзён DJI абвясціла, што прыпыняе ўсю дзейнасць і ў Расіі, і ва Украіне для «пераацэнкі адпаведнасці патрабаванням розных юрысдыкцый». У лістападзе кампанія паўтарыла сваю пазіцыю аб выключна мірным выкарыстанні іх дронаў.

Тым не менш купіць дроны DJI ў Расіі да пачатку сакавіка не было праблемай. Як сказаў у каментары РБК афіцыйны дыстрыб'ютар DJI ў РФ, іх прадукцыя магла пастаўляцца ў Расію праз паралельны імпарт. Афіцыйных паставак дронаў DJI ў Расію няма з красавіка 2021 года, падкрэсліў ён.

Нагадаем, менавіта з ужываннем дронаў DJI FPV была праведзеная дыверсія на аэрадроме «Мачулішчы» пад Мінскам 26 лютага. Як сцвярджае B*POL, беларускія партызаны з дапамогай дронаў даставілі выбухоўку да расійскага самалёта ДРЛА А-50 і пашкодзілі яго абсталяванне.