Кныровіч: кожны грамадзянін Беларусі плаціць 45$ у год, каб пагасіць даўгі перад Кітаем

Аказалася, што Беларусь — гэта тупік. Калі ў 2010 годзе заробак у Кітаі быў крыху ніжэйшым, чым у Беларусі, то сёння, паводле розных ацэнак, заробак у КНР вышэйшы за наш у 1,5–2 разы.

_kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg

Бізнесовец і эканаміст Аляксандр Кныровіч — пра тое, што звязвае цяпер Беларусь і Кітай і чым падобныя і адрозныя іх эканомікі.

Аляксандр Кныровіч адзначае: за апошнія 30 гадоў гандаль паміж Кітаем і Беларуссю вырас з практычна нулявога да планкі амаль 6 млрд долараў на год. КНР з'яўляецца другім па памеры гандлёвым партнёрам Беларусі, аднак ёсць адна немалаважная дэталь.

— У 2022 годзе гандлёвае сальда, гэта значыць розніца паміж экспартам і імпартам паміж нашымі краінамі склалася ў 2,5 млрд долараў. Гэта значыць, мы купілі ў Кітая на 2,5 млрд больш, чым прадалі яму ж, — кажа эксперт у новым відэа на сваім канале. — У першую чаргу мы прадаём Кітаю калій на суму каля мільярда долараў.

Далей дабіваем прадуктамі і дрэваапрацоўкай. З Кітая да нас ідзе тэхнічны імпарт (машыны, абсталяванне, запчасткі), а таксама розны шырспажыў: цацкі, бытавая тэхніка, адзенне і абутак. Усё, дзе напісана «made in China», і фарміруе адмоўнае сальда ў 2,5 мільярды долараў.

Што яшчэ звязвае Беларусь і Кітай? Кныровіч успамінае пра інвестыцыі, індустрыяльны парк «Вялікі камень» і праект «Пояс і шлях».

— У 2010 годзе было заяўлена, што Кітай прадаставіць Беларусі інвестыцыі на 16 млрд долараў. За гэтыя грошы збіраліся мадэрнізаваць ці пабудаваць 90 вытворчасцей. Але 16 млрд долараў не здарылася: па маіх ацэнках, мы паспелі выдаткаваць дзесьці 6—7 мільярдаў. Яны былі накіраваны на цэментную галіну, дрэваапрацоўку, Светлагорскі ЦКК, «беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю».

Усё гэта павінна было пачаць працаваць і прыносіць прыбытак, вяртаць даўгі і даваць дзяржаве падаткі. У выніку — не атрымалася, прычым нідзе. Усе гэтыя мадэрнізаваныя прадпрыемствы просяць грошай у дзяржавы.

Так, наш цэментны завод у Касцюковічах цяпер не можа расплаціцца з «Беларусбанкам».


Хто ж плаціць даўгі Кітаю? Вы. З бюджэту траціцца 300—400 мільёнаў у год, каб пагасіць тыя самыя крэдытныя лініі, гэта значыць 45$ з кожнага грамадзяніна Беларусі.

Тут ёсць яшчэ адна непрыемнасць — мадэрнізацыя была праведзена ўжо досыць даўно: абсталяванне хоць бы раз у 10 гадоў варта абнаўляць — яно зношваецца, мяняюцца тэхналогіі. Гэта значыць, нас чакае новы цыкл інвестыцый, а дакладней — закапванне народных грошай у тыя ж самыя прадпрыемствы. Будзе вельмі смешна, калі ўсё тое ж самае будзе зноў адбывацца за кітайскія грошы.

Гаворачы аб індустрыяльным парку «Вялікі камень», Кныровіч успамінае, як у 2015 годзе Лукашэнка заяўляў, што ў яго будзе інвеставана 30 млрд долараў, колькасць яго супрацоўнікаў будзе 120 тысяч чалавек, а экспарт з продажаў — 50 млрд долараў.

— 50 млрд долараў — трымайцеся за крэслы, гэта яшчэ адна эканоміка Рэспублікі Беларусь! У выніку за восем гадоў у парку было зарэгістравана крыху больш за 100 кампаній, колькасць супрацоўнікаў — 2000 чалавек, а экспартная выручка — 90 мільёнаў долараў. Гэта менш, чым дае наша цукровая галіна, і ў разы менш, чым зарабляе адзін завод «БелДжы». Вось такі ў нас насамрэч індустрыяльны парк.

Аказалася, што Беларусь — гэта тупік. Можна нешта вырабіць, але, каб прадаваць на Захад, трэба праходзіць тыя ж самыя працэдуры, калі б усё гэта ехала з Кітая. А калі прадаваць у Расію, пытанне, навошта вырабляць у Беларусі, таму што ў Расіі ўласных індустрыяльных паркаў больш за 300.

Яшчэ адзін вектар супрацоўніцтва, дадае эксперт, гэта тое, што Беларусь з'яўляецца часткай вялікага транзітнага маршруту з Кітая ў Еўропу па сушы.


— Гэта частка праекта «Пояс і шлях». І для Кітая важна захоўваць гэты маршрут, таму што асноўнымі гандлёвымі партнёрамі для яго з'яўляюцца ЗША і Заходняя Еўропа. Калі паглядзець на карту, можна ўбачыць, што маршрут не адзін — астатнія даўжэйшыя і цяжэйшыя, але, тым не менш, яны ёсць.

Цяпер крыху пра тое, што агульнага і рознага ў Беларусі і Кітая. У Кітаі рост ВУП на працягу 10 гадоў у сярэднім быў каля 7%, нягледзячы на пандэмію каронавіруса і вайну паміж Расіяй і Украінай. У выпадку з Беларуссю — у 2010 годзе рост быў 7%, у 2011 — 5%, а потым як адрэзала — усё каля нуля.

Калі мы паглядзім на структуру эканомікі Кітая, то акажацца, што там доля малога і сярэдняга бізнесу складае ўжо 60%. А доля новых працоўных месцаў, якія стварае прыватны бізнес — 75%. Гэта значыць, Кітай рухаецца ў прама процілеглым кірунку ад сацыялізму і камунізму і ад таго месца, дзе знаходзіцца Беларусь.

І калі Лукашэнка лічыць, што аснова эканомікі — вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы, то Кітай лічыць, што гэта малы і сярэдні бізнес, якому трэба ўсяляк дапамагаць і падтрымліваць, не мучачы яго адміністрацыйнымі кантрольнымі працэдурамі, робіць выснову Кныровіч.

— Вось такая розніца паміж дзвюма краінамі, хоць абедзве лічаць сябе фактычна сацыялістычнымі. У выніку, калі ў 2010 годзе заробак у Кітаі быў крыху ніжэйшым, чым у Беларусі, то сёння, паводле розных ацэнак, заробак у КНР вышэйшы за наш у 1,5—2 разы, — падсумоўвае ён.