Сі Цзіньпін у Маскве верне Пуціну аплявухі, якую Сталін даў Маа семдзесят тры гады таму

Пуціна чакае адна з самых непрыемных і зневажальных размоў у яго жыцці.

Плакад да сустрэчы Сталіна з Маа: рускі з кітайцам — браты навечна.

Плакад да сустрэчы Сталіна з Маа: рускі з кітайцам — браты навечна.

Семдзесят тры гады таму, зімой 1950-га, адбылася гістарычная сустрэча, па-мойму, адзіная, паміж Сталіным і Маа, прыгадвае ў сваім тэлеграме гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў. Цяпер з візітам-рэваншам Сі Цзіньпін прыедзе ў Маскву да Пуціна — малодшага саюзніка Кітая.

Для абодвух бакоў сустрэча, апроч іншага, была цырыманіяльнай: Сталін прымаў Маа, каб правесці размову з пазіцый «старэйшага брата», а Маа, не маючы магчымасці больш ухіляцца ад гэтай сустрэчы, імкнуўся зрабіць усё магчымае ў тых умовах, каб не выглядаць на ёй «малодшым братам».

Гэта сустрэча, замаскіраваная пад «бурлеск пралетарскага інтэрнацыяналізму», была зневажальнай для Маа: у сваім вузкім коле ён неаднаразова выказваў сваё пагардлівае стаўленне да Сталіна — і таму, што лічыў Кітай краінай з больш старажытнай культурнай традыцыяй, і таму, што Кітай проста нашмат пераўзыходзіў СССР па колькасці насельніцтва, і таму, урэшце, што ніколі не забываў крыўдаў, нанесеных Кітаю імперскай Расіяй.


Праз некалькі дзён мы станем сведкамі гістарычнай, я б нават сказаў — паваротнай — падзеі. Візіт Старшыні Сі ў Маскву будзе візітам-рэваншам, вяртаннем аплявухі, якую Сталін даў Маа семдзесят тры гады таму назад, распавядаючы яму, як трэба Маркса любіць.

Сі едзе гаварыць з Пуціным выключна з пазіцый «старэйшага брата», а Пуціну не застаецца нічога іншага, як зафіксаваць і легалізаваць публічна статус Расіі як «малодшага партнёра» Кітая. Гэтая сустрэча з'яўляецца новай гістарычнай адсечкай для Расіі, вынікам усіх турба-патрыятычных намаганняў апошняга дзесяцігоддзя. І калі Пуцін сапраўды прыедзе ў аэрапорт сустракаць Сі, гэта толькі падкрэсліць яго нікчэмна-прыніжанае становішча ў гэтым альянсе.

Расійская прапаганда вывернецца мехам унутр, каб прадставіць сустрэчу Пуціна з Сі Цзіньпінам як гістарычны прарыў і асабісты подзвіг Пуціна.

Але Пуціна насамрэч чакае адна з самых непрыемных і зневажальных размоў у яго жыцці. Гэта не з Байдэнам пальцы растапырваць. Тут усё будзе вельмі канкрэтна. Сі для пачатку пазначыць, хто ёсць ху на дадзены гістарычны момант, а потым рэалізуе вядомую формулу Бэндэра і запатрабуе ад Пуціна-Балаганава мноства дробных паслуг за кожны скормлены яму вітамін. Пералік вітамінаў можа быць шырокі: ад перадачы Кітаю тэхналогій, якія яго цікавяць, да прэферэнцый кітайскім кампаніям, якія працуюць у Расіі. У абмен Пуцін атрымае «каралі» (можа быць нават нейкую зброю, хоць гэта наўрад ці).


Ва ўсёй гэтай гісторыі ўсплыў адзін вельмі важны цывілізацыйны аспект, які не быў улічаны, калі Крэмль абвясціў татальную вайну Захаду (прыватным момантам якой з'яўляецца агрэсія супраць Украіны).

Расія як сапраўды суверэнная дзяржава — пра што Пуцін так любіць казаць — можа існаваць толькі манеўруючы паміж Захадам і Усходам. Калі яна адвязваецца ад аднаго боку, яна тут жа становіцца лёгкай здабычай іншага. Пачаўшы гэтую вайну, Пуцін парушыў геапалітычны баланс і тым самым зрабіў Расію практычна безабароннай перад разлічанай на дзесяцігоддзі мяккай экспансіяй Кітая. Фіксацыя гэтай новай рэальнасці і здарыцца ў Маскве на наступным тыдні.