390-ы дзень вайны. Страты Расіі ва Украіне перавысілі 165 тысяч чалавек — Генштаб УСУ

За мінулыя суткі, 19 сакавіка, украінскія абаронцы ліквідавалі 700 расійскіх вайскоўцаў. Агульныя баявыя страты асабовага складу праціўніка з 24 лютага 2022 года па 20 сакавіка 2023-га меркавана склалі 165 610 чалавек, паведамляе Генштаб Украіны.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ


Войскі РФ працягваюць весці наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі УСУ адбілі 69 атак праціўніка, эпіцэнтрам баявых дзеянняў застаецца Бахмут, паведаміў 20 сакавіка генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен. На палігонах Беларусі ідзе падрыхтоўка падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў Расіі.

Расійцы за суткі выпусцілі па Херсоне і вобласці амаль 400 снарадаў. Усяго было 86 абстрэлаў з цяжкай артылерыі і «Градаў», паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласці Аляксандр Пракудзін.

Паводле яго слоў, Херсон праціўнік атакаваў 3 разы, 13 снарадаў трапілі ў жылыя кварталы, прыватныя і шматкватэрныя дамы. «На жаль, шэсць чалавек атрымалі раненні», — дадаў кіраўнік АВА.

Тым часам эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) пішуць, што расійскі «вялікі наступ», верагодна, дасягае сваёй кульмінацыі (то-бок заканчэння), так і не прынёсшы РФ істотных перамог.

Аналітыкі сцвярджаюць, што расійцы не дасягаюць пастаўленых мэт, напрыклад, па тактычным захопе Бахмута. Акрамя таго ў іх ёсць праблемы з наступам і ў раёнах Аўдзееўкі, Данецка і Вугледара.

«Нядаўні наступ на Аўдзееўку прывёў да вялікіх страт з боку Расіі, эквівалентных роце», — адзначаюць у ISW.

Інфаграфіка: Генштаб УСУ

Інфаграфіка: Генштаб УСУ


Таксама праз неабходнасць узмацнення падраздзяленняў, якія знаходзяцца пад Вугледарам, расійцы пагаршаюць сілы наступу ў Данецкай вобласці.

«155-я брыгада марской пяхоты панесла катастрафічныя страты ў жывой сіле і тэхніцы падчас пастаянных няўдалых нападаў на Вугледар у лістападзе 2022 года і лютым 2023 года, і расійскае ваеннае кіраўніцтва, верагодна, у значнай ступені абапіраецца на рэзервовыя часткі 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі, каб кампенсаваць гэтыя страты», — адзначаюць аналітыкі.

Таксама ў раён Вугледара перамяшчаюць некаторыя часткі 8-й паветрана-дэсантнай дывізіі, якая размешчана ў раёне Крамянной Луганскай вобласці. Гэта «сведчыць аб узроўні адчаю з боку расійскага камандавання».

Падводзячы вынік, у ISW заявілі, што наступы на Бахмут, Вугледар, а таксама па лініях Аўдзееўка — Данецк і Сватава — Крамянная не прынеслі расійцам нічога, акрамя тактычных дасягненняў. Цяпер, на думку аналітыкаў, ва Украіны з'яўляецца магчымасць перахапіць ініцыятыву і пачаць контрнаступ.

Паводле назіранняў ISW, за мінулыя суткі УСУ правялі лакалізаваную контратаку на паўднёвы захад ад Бахмута.

Міністры замежных спраў краін Еўрапейскага Саюза падпішуць план паставак боепрыпасаў для Украіны на год наперад. Пра гэта ў нядзелю, 19 сакавіка, паведаміў журналіст «Радыё Св*бода» Рыкард Ёзвяк у Twitter. З ягоных слоў, падпісанне дакумента запланавана на сёння, 20 сакавіка.

«Міністры замежных спраў ЕС павінны падпісаць план паставак боепрыпасаў для Украіны — з мэтай забеспячэння Кіева 1 мільёнам артылерыйскіх снарадаў на працягу наступных 12 месяцаў», — напісаў ён.

Пры гэтым журналіст адзначыў «уражвальную дыпламатычную працу» Эстоніі, якая паклала пачатак гэтай справе.