«У Кітая ёсць падставы падтрымліваць Лукашэнку, але няма прычын сур'ёзна ўкладвацца ў краіну»

У той час, як беларускі кіраўнік наведвае Пекін, эксперты задаюцца пытаннем пра вынікі гэтага візіту. Старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй, дыпламат Павел Мацкевіч у сваім тэлеграм-канале разважае, што Лукашэнка можа прапанаваць Кітаю, і што можа атрымаць наўзамен.

_pekin___kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg


Першы варыянт адказу выдаў сам Лукашэнка летась на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Самаркандзе на палях саміту ШАС. Цытую: «Такі немалы і надзейны сябар у Еўропе, як Беларусь, заўсёды будзе карысны не толькі для Шанхайскай арганізацыі, але і для КНР».

Клапаціцца пра кітайскія справы ў Еўропе Лукашэнка можа з такім жа поспехам як пра свае — гэта значыць з ніякім. Магчыма, сітуацыя яшчэ зменіцца ў лепшы бок, але не так радыкальна, каб Лукашэнка мог стаць запатрабаваным лабістам Кітая ў калідорах еўрапейскай улады.

У Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Беларусь і Лукашэнка сапраўды могуць аказацца карыснымі Кітаю — асабліва ў святле будучага сёлета афармлення паўнавартаснага сяброўства. Патэнцыйна на гэтай пляцоўцы Лукашэнка можа выступаць не толькі за кітайскую, але і расійскую, і індыйскую каманду, абменьваючы голас Беларусі на што-небудзь патрэбнае і карыснае для сябе і краіны. Як пашанцуе.


Лукашэнка, несумненна, можа таксама паспяхова гуляць ролю кітайскага інфарматара на постсавецкіх пляцоўках, цікавых Пекіну. У ЕАЭС і АДКБ, напрыклад. У гэтай сувязі можна ўспомніць званок Сі Цзіньпіна Лукашэнку ў студзені мінулага года, фармальна прымеркаваны да юбілею дыпадносін, у якім Лукашэнка «праінфармаваў калегу аб дзейнасці міратворчых сіл АДКБ у Казахстане і аб выніках пазачарговага пасяджэння СКБ АДКБ».

Лукашэнка папросту можа папрацаваць вачыма і вушамі таварыша Сі ў Маскве, куды борт нумар 1 лётае як па раскладзе амаль як рэйсавы самалёт. Ніхто так часта і так блізка не кантактуе з Пуціным, як Лукашэнка. Пры гэтым, як мне здаецца, Сі — другі пасля Пуціна лідар замежнай дзяржавы, з кім Лукашэнка кантактуе часцей за ўсё, калі ўлічыць сустрэчы, перапіску і стэлефаноўкі.

Гандаль з Беларуссю не можа адыгрываць вялікай ролі для Кітая. Некалькі мільярдаў долараў экспартна-імпартных аперацый з Беларуссю — толькі сляза кітайскага знешняга гандлю, якая дасягнула ў 2022 годзе планкі ў 3,6 трлн долараў, калі браць экспарт, і 2,7 трлн, калі казаць пра імпарт.

Эканамічная падаплёка пакуль другасная ў адносінах да палітычнай, але яна мае патэнцыял. Індустрыяльны парк «Вялікі камень» не змог стаць варотамі ў Еўропу, але вайна падмітусіла іншыя магчымасці. Гэтая бляклая праз санкцыі жамчужына «Шаўковага шляху» можа стаць для кітайскіх кампаній каналам для трапляння ў праграмы імпартазамяшчэння ў Расіі.

Інтарэсы Кітая ў Беларусі, звязаныя з глабальным праектам «Адзін пояс, адзін шлях», адыгрываюць ролю для Пекіна, але яны верагодна, пакуль пастаўленыя на паўзу. Аднаўленне стасункаў з ЕС, якое рана ці позна адбудзецца (пры Лукашэнку або пасля яго), дазволіць да іх вярнуцца. Кітай можа і ўмее чакаць.

Значэнне Беларусі ў гэтым праекце не варта пераацэньваць. Наша краіна толькі адна з гіганцкага спісу ўдзельнікаў. На сакавік мінулага года Кітай падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» са 148 краінамі, уклаўшы ў яе звыш аднаго трыльёна долараў.


У кнізе Грэхама Алісана «Асуджаныя ваяваць», прысвечанай супрацьстаянню ЗША і Кітая, гэты праект, першапачаткова ацэньваўся ў 1,4 трлн долараў, параўноўваецца па кошце з 12 планамі Маршала. Між тым, Кітай ужо абвясціў аб намеры інвеставаць сукупна да 4 трыльёнаў долараў. І, мабыць, гэта яшчэ не мяжа.

Усе гэтыя «маршалы», зразумела, пойдуць міма Беларусі — У Кітая ёсць падставы падтрымліваць Лукашэнку, але няма прычын сур'ёзна ўкладвацца ў краіну, якая страціла сваю галоўную адметнасць — транзітную прывабнасць.