«Па патрабаванні КДБ». Звольніўся адзін з кіраўнікоў індустрыяльнага парку «Вялікі камень» пад Мінскам
З кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» звольніўся першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Ігар Ляшчонак. У яго заяве адзначаецца, што гэта зроблена «па патрабаванні КДБ».
«Яшчэ адзін доказ масавых звальненняў па "спісах" з
Камітэта дзяржбяспекі, — піша тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». — 9 сакавіка з
індустрыяльнага парку «Вялікі камень» звольнены Ігар Ляшчонак. Не апошні
чалавек. Самае важнае, што звальненне ўзгаднялася з прэм’ер-міністрам Раманам
Галоўчанкам. А пра патрабаванне КДБ ён сам напісаў у сваёй заяве».
Што стала падставай для звальнення, былы топ-менеджар не
ўдакладняе. Свае палітычныя погляды падчас прэзідэнцкай кампаніі публічна ён не
агучваў.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень»
створаны ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам ад 5 чэрвеня 2012 года. Мае
статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі са спецыяльным прававым рэжымам на 50
гадоў. Знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне, агульная плошча перавышае 100
квадратных кіламетраў.
Канцэпцыя індустрыяльнага парку — стварэнне новага
«экагорада», у якім спалучаецца вытворчая, жылая, адміністрацыйная
інфраструктура.
Рэзідэнтамі з'яўляюцца прыкладна паўсотні кампаній, большая частка — з кітайскім капіталам.
Паводле «Свабоды».