Пазбаўленне надбавак, праверкі. З БНТУ пачалі сыходзіць выкладчыкі — што яны кажуць пра звальненне

Падчас пратэстнай актыўнасці 2020 года ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце кіпелі жарсці. Спачатку выкладчыкі паўдзельнічалі ў відэазвароце, выступіўшы супраць гвалту, затым, літаральна праз некалькі дзён, ВНУ адлічыў больш за 50 студэнтаў, заўважаных на акцыях пратэсту. У пачатку снежня супрацоўнікі БНТУ апублікавалі свае разліковыя лісты, каб паказаць, як дзяржава цэніць іх працу. Пасля таго артыкула ніякага ціску на выкладчыкаў не было. Але на гэтым гісторыя не скончылася: праз некалькі месяцаў падтрымка студэнтаў і непрыманне лініі ўлады ўсё ж такі адгукнуліся.

bntu_20201030_k_001_l2a3252.jpg

За студзень-люты з універсітэта сышлі па пагадненні бакоў некалькі чалавек — tut.by дакладна вядома пра пяць прозвішчаў. Двое пагадзіліся пагаварыць пра тое, што стала апошняй кропляй, пра праблемы вышэйшай адукацыі і кадравы голад, у які не верыць кіраўніцтва.

«Супраціўляцца можна, калі закон працуе. А што, калі яго няма?»

Юрый Гумінскі выкладаў у БНТУ з 2015 года на кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці».

Дысцыпліны — «Арганізацыя вытворчасці і кіраванне прадпрыемствам»,«Галіновая экалогія»,«Печы ліцейных цэхаў», «Інфарматыка». Толькі ў 2019-м быў прызнаны найлепшым куратарам года 1 курса ў БНТУ, прывёз з міжнароднай выставы залаты медаль за найлепшы экалагічны праект, узнагароджаны Ганаровай граматай БНТУ.

Мае дзве вышэйшыя адукацыі, ведае польскую і англійскую мовы. Зараз праходзіць бясплатныя курсы ад EPAM па QA-тэставанні. Былі прапановы пайсці працаваць ў іншае ВНУ і ў Акадэмію навук. Але звязваць сябе з Міністэрствам адукацыі больш не хоча. Пасля высялення з арэнднага жылля ў Мінску пераехаў да бацькоў у іншы горад.

У 2011 годзе Юрый Гумінскі атрымаў дыплом на кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці», потым адразу ж паступіў у магістратуру (крыху пазней — і ў аспірантуру) і застаўся працаваць у родным універсітэце.

— У лістападзе 2018 года мне далі пасаду старэйшага выкладчыка, а праз тыдзень мяне паклікалі працаваць старэйшым куратарам факультэта. Гэта, можна сказаць, як другі намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, — тлумачыць Юрый. — Нягледзячы на страшную назву, у мае абавязкі ўваходзілі арганізацыя розных мерапрыемстваў і дапамога студэнтам у іх правядзенні, курыраванне іншых куратараў факультэта, а таксама прафілактыка правапарушэнняў. Ну, і на той момант, натуральна, валанцёрскі рух на Еўрапейскіх гульнях, якія прайшлі ў Мінску.

Усё гэта практычна не перашкаджала Юрыю выконваць сваю асноўную працу выкладчыка, але было прыемным бонусам — і да зарплаты, і да самарэалізацыі. Толькі з мая 2020-га выконваць абавязкі старэйшага куратара факультэта ў суразмоўцы ўжо не атрымлівалася. Адыгралі ролю два фактары:

— Па-першае, стаўленне кіраўніцтва універсітэта да праблемы COVID-19. Па-другое, прымусовы збор подпісаў за «адзінага кандыдата». Калі мяне ўгаворвалі быць «зборшчыкам подпісаў на факультэце» , я катэгарычна адмовіўся. Гэта толькі з асноўнага. Агульны абсурд прымаемых рашэнняў стаў прычынай, чаму я больш не мог працаваць у дэканаце.

Яшчэ ў пачатку чэрвеня 2020-га Юрый прыйшоў да дэкана і папрасіў з верасня вызваліць яго ад гэтай пасады куратара факультэта. На тым і дамовіліся. З 24 жніўня ў мужчыны пачаўся адпачынак. Але ўжо 14 верасня (за месяц да канца) Юрыя раптам адклікалі на працу:

— Першае, што я даведаўся: мяне не дапусцілі да курыравання маіх дзвюх навучальных груп. У 2019 годзе за курыраванне адной з іх я атрымаў званне «Лепшы Куратар БНТУ», а ў 2020-м яна ж стала найлепшай на факультэце і ўдзельнічала ў конкурсе «Лепшая вучэбная група БНТУ 2020». Мне заявілі, што «работнікаў БНТУ з такімі поглядамі, як у цябе, шмат, але ты больш за ўсіх засвяціўся». Чым менавіта я засвяціўся, агучана не было: ці то выступам на мітынгах у падтрымку Ціханоўскай у Глыбокім, Наваполацку і Віцебску (Юрый у вольны час грае ў музычным гурце «M. T. M») , ці то хтосьці заўважыў нібыта мяне на акцыях пратэсту, ці то яшчэ што. Мне не растлумачылі.

Яшчэ праз паўгадзіны Юрый даведаўся, што ў яго «забралі» 0,25 стаўкі працы па сумяшчальніцтве: рашэннем рэктара яго 200 гадзін выкладання дасталіся аднаму з прарэктараў.

— У гэты ж дзень у мяне была яшчэ адна асабістая гутарка з дэканам, які сапраўды папрасіў мяне «на занятках не праводзіць ніякіх палітычных размоў са студэнтамі», — успамінае Юрый. — Такі вясёлы і насычаны атрымаўся панядзелак — першы працоўны дзень пасля непрацяглага адпачынку.

Ад сваіх поглядаў выкладчык не адступіўся — у кастрычніку зняўся ў відэазвароце выкладчыкаў.

А ў лістападзе Юрыя «раптам» пазбавілі надбавак за «высокія дасягненні ў працы» за лістапад і снежань.

— Аргументавалі тым, што мы выступілі ў звароце ад БНТУ, але нам ніхто не дазваляў. Маўляў, парушаная службовая інструкцыя. Які пункт — не пазначылі. Я падаў заяву ў камісію па вырашэнні працоўных спрэчак БНТУ, каб абскардзіць гэты загад. На пасяджэнні, якое прайшло 4 студзеня, вырашылі наступнае: так, у загадзе не пазначана, што я парушыў, але, па-добраму, там павінна быць гэта напісана, так што інструкцыю я ўсё роўна парушыў. Да таго ж, адзначылі: у дакуменце сказана, што я магу весці лекцыі, праводзіць семінары, удзельнічаць у навуковых канферэнцыях, але не сказана, што я магу ўдзельнічаць у відэазваротах. Гэта значыць забаронена ўсё, што не дазволена.

Нязгодны з такім вынікам, Юрый 21 студзеня звярнуўся ў суд. Іскавую заяву яму дапамог скласці адзін з незалежных прафсаюзаў. Да гэтага яго дадаткова падвёў, паводле яго слоў, ціск з боку кіраўніцтва.

— Ужо з 17-18 студзеня намякалі: магу «трапіць» канкрэтна. У той жа час быў суд, дзе адлічаны студэнт, у якога я вёў, спрабаваў аднавіць справядлівасць. Ведаю, на пасяджэнні пыталіся, ці не заклікаў яго канкрэтна я да супрацьпраўных дзеянняў. У дзень, калі я аднёс пазоў у суд, прыйшла праверка з чатырох чалавек: глядзелі, што ў мяне на стале, што ў працоўным кампутары. Натуральна, нічога не знайшлі, была толькі пара заўваг па афармленні ведамасцей. Пазней падобныя праверкі праводзіліся ледзь не кожны дзень, а часам і па два разы на дзень. Думаю, яны звязаны з прыходам новага дырэктара «па бяспецы» Захарэвіча.

Першае слуханне па надбаўках прызначылі на 12 лютага, другое — на 17 лютага. Справу Юрый прайграў. Гэта не першы падобны выпадак: яшчэ адна выкладчыца таксама падавала пазоў і таксама засталася ні з чым.

— Калі лістапад-снежань яшчэ можна было перажыць, то са студзеня, як звычайна, усталявалі новыя надбаўкі на ўвесь год наперад — да снежня 2021-га. Зрабілі так, каб я не чапляўся: грошы мне сапраўды налічылі па ўсіх магчымых пунктах, але ў мінімальным памеры. І так па ўсіх надбаўках. Раней я атрымліваў пад 900 рублёў «бруднымі», а калі быў старэйшым куратарам факультэта — і пад 1500 выходзіла, але з новым разлікам стала 640-650, — кажа выкладчык.

Жыць на гэтыя грошы нават з улікам арэнднай кватэры складана: толькі палова сыходзіла на яе плату, інтэрнэт, камунальныя плацяжы і падобныя выдаткі. Рэшты, на думку Юрыя, хапала б толькі на ежу.

— Заробак — гэта толькі частка прычын майго рашэння сысці. Другая — агульная атмасфера ў універсітэце. Ці мала што? Вось літаральна ўчора ў вас навіну чытаў, што кагосьці судзілі за «намер да непадпарадкавання». Супраціўляцца можна, калі закон працуе. А калі яго няма... Прысесці за тое, што ў мяне была аватарка «Я/МЫ Мікіта Прышчэпчык» у падтрымку майго адлічанага студэнта? На думку некаторых, гэта ўжо заклік да беспарадкаў. Трэцяе: было непрыемна, што людзі, з якімі мы бок аб бок правучыліся і прапрацавалі значны час і знаёмыя амаль 15 гадоў, складалі супраць мяне акты, пісалі дакладныя і выступалі супраць мяне на судзе. Пры гэтым раней я прыкрываў іх спіны па працы, а цяпер... Гэта жудасна.

А другой гадзіне дня 17 лютага Юрый аднёс заяву на звальненне дэкану. А 10-й раніцы наступнага дня ўжо ляжаў гатовы загад на звальненне. Ніякай рэакцыі ад дэкана не было: заяву выкладчыка ён проста прыняў, а забіраць яе ўжо трэба было ў раздзеле кадраў.

— Раней яно ўсё чаму цярпелася? Напрыклад, калі былі выбары ў мясцовыя органы ўлады, я прама сказаў, што не буду хадзіць і прымушаць галасаваць датэрмінова, — кажа Юры. — Нам спускаліся толькі «рэкамендацыі»: маўляў, адпусціце з заняткаў дзеля гэтага, паходзіце па інтэрнатах і пагаворыце... Прамых «абявязалавак» прымушаць не было. Прынамсі, на нашым факультэце.

Свой сыход выкладчык называе правільным рашэннем.

— Пасля выступу на мітынгах Ціханоўскай я паглядзеў, колькі людзей на іх прыходзіць, зразумеў: тое, чым я займаўся (праца старэйшым куратарам), — ганебная справа. Хоць і нічога дрэннага не здзяйсняў, але ўсё роўна былі моманты ў працы, якімі ганарыцца складана. Аднак я заўсёды стараўся рабіць так, каб студэнтам было цікава слухаць мой матэрыял. Быццам бы атрымлівалася. Калі бачыш, што яны пачынаюць нешта разумець па дысцыпліне, гэта ж прыемна.

Юрый думае, што маладыя выкладчыкі працуюць дзеля ідэі: ва ўніверсітэт дакладна ніхто не ідзе за вялікай зарплатай і нават не за статусам.

— Гэта раней, у СССР, інжынер быў годны чалавек, а калі ты яшчэ выкладчык у тэхнічнай галіне, то павага зашкальвала. Цяпер такога няма. Наадварот: «Пф, выкладчык? "Касіў" ад арміі, ці што?» Але я лічу, гэта важная прафесія — перадаваць веды з аднаго пакалення ў іншае. На гэтым і на ахове здароўя грунтуецца развіццё і, я б нават сказаў, выжыванне чалавецтва.

«Пакідаць студэнтаў цяжка, але разумееш, што ў гэтым балоце затрымаўся»

akademija_iskusstv_20200901_bur_004_photo_2020_09_01_13_20_08.jpg

Аляксандр Шыбека выкладаў у БНТУ з 2011 года на кафедры «Цеплагазазабеспячэнне і вентыляцыя».

Дысцыпліны — «Газазабеспячэнне», «Будаўнічая цеплафізіка», «Цеплазабеспячэнне і вентыляцыя». Мае кваліфікацыю інжынера-будаўніка.

У бліжэйшы час збіраецца заняцца пошукам працы. З'язджаць з Беларусі не збіраецца і лічыць сваю спецыяльнасць запатрабаванай, нягледзячы ні на што.

Аляксандр Шыбека ніколі асабліва не меў кантактаў з кіраўніцтвам. «Надта малая велічыня ў іх вачах», — тлумачыць выкладчык. Да таго ж, да 2020 года яго ніколі не прымушалі рабіць нічога, звязанага з палітыкай: ведалі, што ён усё роўна адмовіцца. Але атмасфера стала напальвацца яшчэ задоўга да выбараў — пачалося ўсё з каронавіруса.

— Падчас першай хвалі каронавіруса ў мінулым годзе быў загад куратарам, у тым ліку і мне, правесці са студэнтамі размовы з мэтай выяўлення тых, хто падбухторвае ды пераводу на дыстанцыйную форму навучання, — успамінае выкладчык. — Я пайшоў да студэнтаў, куратарам якіх з'яўляўся, і сказаў, што даносіць на іх не буду, хоць ведаў тых, хто пісаў і збіраў подпісы.

На думку Аляксандра, універсітэт — заўсёды праўладнае месца, бо гэта дзяржаўная ўстанова адукацыі з прызначаным кіраўніцтвам. Але самае першае па-сапраўднаму дрэннае ўражанне ў выкладчыка склалася першага верасня. У той дзень АМАП прысутнічаў на звычайнай лінейцы ў Дзень ведаў:

— Тады я і зразумеў, што ўсе запэўніванні пра апалітычнасць і дапамогу тым, хто пацярпеў на мірных акцыях пратэсту, — хлусня. Тыя калегі, з якімі абмяркоўвалі сітуацыю ва ўніверсітэце, не надта добра ўспрымалі ўсё тое, што адбываецца. Але за ўсіх казаць не буду.

Ціску персанальна на сябе Аляксандр не адчуў. Нават пасля таго, як паказаў журналістам свой разліковы рахунак. Паводле слоў выкладчыка, загадчык кафедры проста сказаў яму «не залазіць ва ўсё гэта». Рэакцыі ад вышэйстаячага кіраўніцтва не было. Быццам бы сітуацыя пачала супакойвацца.

Але, як кажа сам выкладчык, сталі развівацца «цікавыя падзеі». 26 лютага на кафедру прыйшла праверка і канфіскавала часопіс, дзе выкладчыкі ставілі подпіс, прыходзячы на працу і сыходзячы з яе. Таксама забралі індывідуальныя графікі працы, якія яны абавязаныя складаць штотыдзень:

— Па выніках гэтай праверкі мяне адзінага з кафедры абавязалі напісаць тлумачальныя па выкананні работ: спачатку з 1 па 27 лютага 2021 года, а потым з 1 верасня 2020-га да 30 студзеня 2021 года. Як мне растлумачыў дэкан, у сувязі «з тым, што часта паказана месца выканання работ па месцы жыхарства, але не стаіць адзнака загадчыка кафедры пра выкананне работ».

Першую тлумачальную Аляксандр прадаставіў 3 сакавіка, другую — 4-га. У той жа дзень ён разам з дэканам факультэта быў выкліканы да першага прарэктара. Першае пытанне, якое Аляксандр пачуў, гучала так: «Чаму вы вырашылі не хадзіць на працу?»

— Выслухаўшы тыраду пра тое, што я не пісаў заявы на выкананне службовых абавязкаў па-за межамі БНТУ, таму не было загаду на змяненне характару працы, з прычыны гэтага я атрымаў грошы за працу незаслужана. Але аніводнага разу з верасня я не чуў у свой бок ад кіраўніцтва, што нельга рыхтавацца да заняткаў ці пісаць вучэбныя дапаможнікі дома, — кажа выкладчык. — Нават аднойчы на пасяджэнні кафедры пахвалілі, што ўсё робіцца як трэба. Да таго ж, на кафедры няма нармальнай тэхнікі для напісання і пошуку інфармацыі.

Пасля гэтага выпадку Аляксандр у той жа дзень напісаў заяву на звальненне з 1 красавіка. У аўторак, 9 сакавіка, загадчык кафедры і дэкан выклікалі выкладчыка на размову:

— Перад гэтым, наколькі я ведаю, у іх быў першы прарэктар. Кіраўніцтва ласкава «папрасіла» перапісаць заяву на 11 сакавіка, што я і зрабіў. Дэкан асабіста аднёс яе ў рэктарат, а загадчык сказаў, што мае пары замененыя. Прыбраў сваё працоўнае месца, забраў неабходныя паперы і пайшоў дадому. Варта адзначыць, што падчас ўсёй эпапеі я не пачуў ад дэкана аніводнага кепскага слова ў свой адрас, за што яму ўдзячны.

Выкладчык прызнае: ён прынцыповы і патрабавальны. Таму не ўсе студэнты засмуціліся з-за яго сыходу.

Што тычыцца акцый пратэсту, Аляксандр Шыбека адзначае: былі такія студэнты, якія ўдзельнічалі з той мэтай, што, калі іх адлічаць за непаспяховасць, яны паедуць вучыцца за мяжу пад выглядам змагароў за свабоду. А вось да тых, хто ўдзельнічаў не з карыслівых прычын, выкладчык ставіўся з павагай:

— На мой погляд, студэнта трэба адлічваць за кепскія веды, а не за тое, што ён робіць у невучэбны час. Да таго ж, не па палітычных матывах. Адзінае, што мяне турбуе і за што я вельмі перажываю, — гэта што будзе з тымі людзьмі, якія выбралі мяне ў якасці кіраўніка дыпломнага праекта. Кожнаму было выдадзена заданне, адзін нават зрабіў 30% праекта. Я прасіў, каб мне іх пакінулі на ўмовах пагадзіннай аплаты, але зразумела, што пасля таго, як гэты артыкул будзе апублікаваны, гэта не здзейсніцца, — лічыць Аляксандр. — Насамрэч выкладчык працуе не для ўсіх. Тых, хто хоча і можа вучыцца, няшмат. Выкладчыкі пра гэта кажуць між сабой, але не выносяць на суд грамадскасці. З патоку (62 студэнты), у якім я выкладаў, нармальна можна працаваць з трацінай, палову трэба прымушаць, а астатнія: пусці — павалюся. Але дзеля першай траціны і працуеш. Пакідаць іх цяжка, але разумееш, што ў гэтым балоце захраснеш.

Блізкія Аляксандра лічаць, што звальняцца трэба было яшчэ раней. Ён сам вяртацца ў БНТУ не збіраецца, але з некаторымі, ужо былымі, калегамі сувязь падтрымлівае. Тое ж датычыцца і студэнтаў, у якіх ён быў кіраўніком дыпломнай працы. Галоўная ж праблема сучасных беларускіх ВНУ, на думку Аляксандра, заключаецца нават не ў палітыцы:

— Як чалавек, які працаваў у прыёмнай камісіі, магу сказаць, што праблемы ў нас дзве: спачатку набраць абітурыентаў, а пасля іх выпусціць. Колькасць устаноў вышэйшай адукацыі нашмат перавышае патрэбы дзяржавы. Але ў кожнай ёсць працоўныя месцы для кіраўніцтва, бухгалтэрыі, іншых службаў. Непатрэбнае марнатраўства. Якасць адукацыі насамрэч падае, бо не ўсе выкладчыкі ставяцца з руплівасцю да працы.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі кіраўніцтва ўніверсітэта, лічыць выкладчык, кадравага голаду не бачыць:

— Рэктарат лічыць, што кожны можа замяніць выкладчыка. Але каб пачаць нармальна выкладаць (па маладых ведаю), трэба не год і не два, таму ўмоўны Ваня-піларамшчык не будзе добрай заменай, нягледзячы на ўсе заслугі перад дзяржавай. А наконт змянення сістэмы адукацыі можна прывесці біблейскі тэкст: ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя.

007_20200228_bntu_bas_dsc7308.jpg

А што кажуць у БНТУ?

Мы папрасілі каментар з нагоды сітуацыі, якая склалася, у прэс-службы БНТУ. Першы прарэктар Георгій Вяршына адзначыў, што звольніцца па ўласным жаданні — справа кожнага, і каментаваць тое, што адбылося ён адмаўляецца.