Беларусь, якая чакае. Вялікая Берасцейская Вандроўка. Частка 2 (ФОТА)

Пасля невялікага адпачынку працягваем нашу вандроўку па Берасцейшчыне. Гэты край багаты на цікавосткі, але месцазнаходжанне іх прымушае пракладаць дзённы маршрут, які больш падобны на шлях нецвярозай змяі. Нічога, мы звыклыя і не да такога. Едзем далей!

_belarus_bjaroza_kljasztar_kartezijancy_2025_fota_novy_czas__1_.jpg

Раніца другога дня вандроўкі сустракае нас сонцам і блакітным небасхілам, што пасля ўчорашніх залеваў не можа не радаваць і спараджае надзею на хаця б невялікую літасць ад нябёсаў. Хуценька грузімся ў транспарт і ляцім да аднаго з самых буйных манаскіх кляштароў часоў ВКЛ. Так, сённяшні дзень мы пачынаем з Бярозы, дзе месцяцца руіны кляштару манахаў-картэзіянцаў. Гісторыя гэтага незвычайнага месца пачынаецца з 1646 году, калі тагачасны ўладальнік Бярозы Казімір Леў Сапега атрымаў ліст з мястэчка Картузы ля Гданьску ад манахаў ордэна картэзіянцаў з запытам аб дазволе на будаўніцтва кляштару на гэтай зямлі. Дазвол быў атрыманы, і ўжо праз два гады пачалася праца, якая доўжылася 40 год.

Манастыр займаў больш за 6 гектараў, на якіх месціліся жылыя пабудовы, касцёл, бібліятэка, аранжарэі, шпіталь і шмат чаго яшчэ. Казімір Леў Сапега не дажыў да заканчэння будоўлі і быў пахаваны на тэрыторыі манастыра. На пачатак ХІХ стагоддзя Бярозаўскі манастыр валодаў дзвюма цаглянымі заводамі, пяццю млынамі, броварамі, лесапілкамі, на яго працавалі болей за 2,5 тысячі сялян. Што тычыцца саміх манахаў, то ўмовы ў картэзіянцаў былі вельмі суровымі — адмова ад знешніх кантактаў, аскеза, адзінота і малітвы. Манаскія келлі мелі невялікія дворыкі і агароды, на малітвы манахі хадзілі па спецыяльных падземных пераходах, а па нядзелях ім дазвалялася выходзіць у агульны сад і трошкі паразмаўляць — у астатні час гэта і любыя іншыя зносіны былі забаронены. 

Манастыр неаднаразова быў пашкоджаны падчас шматлікіх войнаў таго часу, а больш за ўсё падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў. Цікава, што тады ў манастыры бывалі і шведскі кароль Карл ХІІ, і расійскі цар Пётр І. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Бяроза аказалася ў складзе Расіі, і пасля актыўнага ўдзелу манахаў ў паўстанні 1830-1831 гадоў расійскія ўлады закрылі манастыр. У 1866 годзе дзеля будавання казармаў на цэглу быў разабраны касцёл і некаторыя іншыя пабудовы. Гэтыя казармы дагэтуль называюць «Чырвонымі», бо вельмі якасная цэгла манастыру мела менаівта такі колер. Вялікі пажар 1915 году канчаткова дабіў манастыр і ён павольна руйнуецца дагэтуль.

Як ні шкада, але час развітвацца і выпраўляцца ў вёску Сігневічы да касцёлу Найсвяцейшай Дзевы Марыі. З назвай гэта храму рэгулярна ўзнікае блытаніна — ён згадваецца і як касцёл Апекі Маці Божай Ружанцовай, і як Пакроўскі касцёл, і нават як Пакроўская царква. У сярэдзіне XVI стагоддзя ў Сігневічах па фундацыі Фларыяна і Ганны Рудагоўскіх быў пабудаваны драўляны касцёл, на змену якому ў 1785 годзе з’явіўся мураваны храм. А вось пасля рэстаўрацыі ў 1848 годзе яго з нейкай нагоды пачалі называць Пакроўскай царквой, хаця па дакументах Сігневіцкая рымска-каталічная парафія працягвала існаваць, і сюды ў 1866 годзе было перавезена ўсе начыненне Бярозаўскага касцёла пасля ягонага закрыцця.

Падчас Першай сусветнай вайны касцёл быў разрабаваны ды спалены расійскімі войскамі. Парафіяне ў 1922 годзе яго аднавілі, але ў 1949 годзе савецкія ўлады палічылі, што храм лепей падыходзіць для складу мінеральных угнаенняў. На момант вяртання касцёла вернікам у 1989 годзе дах касцёла ўжо быў знішчаны, а на сценах, прапітаных угнаеннямі, раслі дрэвы. Тым не менш, за два гады касцёл усім мірам аднавілі і рэкансэкравалі. Нам пашчасціла трапіць унутр і мы запрашаем вас разам з намі.

Хмары канчаткова знішчылі надзею на прыемны сонечны дзень, але настрой нам так проста не сапсуеш, і мы ўжо ў Старых Пясках ля былой сядзібы Пуслоўскіх і Заходняй брамы. Чакалася чагосьці больш узнёслага і масіўнага, але наш фатограф нагадаў, што больш вядомая Паўночная брама троху далей — мы проста заехалі з іншага боку. А сціплы будынак сядзібы не больш чым перабудаваная стайня, куды перабраліся жыхары палаца пасля пажару 1843 году. Палац так і не аднавілі, але ж рэшткі брамы і сядзібнага парку засталіся. 

Вось і тая самая прыгожая Паўночная брама! Нягледзячы на тое, што нашчадкі Францішка Пуслоўскага адмовіліся аднаўляць палац, брама і сёння выглядае  запамінальна, а яе знешняе падабенства на Косаўскі замак не пакідае шанцаў пераблытаць прозвішча былога ўладальніка тутэйшых месцаў. 

Праз Паўночную браму рушым на поўнач да вёскі Сялец на спатканне з касцёлам Святога Аляксея. Гісторыя касцёла ў Сяльцы даволі драматычная і пачынаецца яна дзесьці з сярэдзіны XV стагоддзя і драўлянага храму Святога Лаўрэнція, які ў 1519 годзе быў заменены на новы па фундацыі Боны Сфорца. Пасля паўстання 1863 году касцёл быў зачынены ўладамі і неўзабаве ўвогуле зруйнаваны дзеля будаўніцтва Успенскай царквы. Каталіцкія набажэнствы адбываліся ў маленькай каплічцы на могілках, а вернікі слалі новыя і новыя звароты аб дазволе на будаўніцтва новага храму. Станоўча пытанне вырашылася толькі з асабістай згоды цара Мікалая І, які быў вельмі ўсхваляваны нарадженнем цэсарэвіча Аляксея і ўхваліў будаўніцтва храму ў ягоны гонар. Праект быў гатовы на пачатку 1906 году, а неагатычны касцёл прыняў першых вернікаў у 1912 годзе. На жаль, сёння касцёл Святога Аляксея не мае сталага пробашча, і мы абмежаваліся толькі традыцыйным шпацырам вакол храму. 

Сялец правадзіў нас хмарамі, наўздагон дадаў яшчэ і дробнага дожджыку, але расчараванне і дрэнны настрой мы даўно дзесьці забылі і ўпэўнена працягваем нашую вандроўку. Пакуль мы едзем на Пружаншчыну, раз-пораз фатограф спыняе наш экіпаж ці ўвогуле камандуе куды завярнуць «на хвілінку, бо там нешта цікавае». Цікавае — старая прыдарожная каплічка ці закінуты фальварак ды і шэрыя пейзажы таксама ствараюць нейкі непаўторны вайб «сучаснага беларускага лета».

Такім вось мокрым чынам мы дабраліся да наступнай нашай кропкі — вёскі Шарашова. Тут адразу некалькі цікавостак і першая з іх, канешне, касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Першы драўляны касцёл з’явіўся ў Шарашове ў 1539 годзе па фундацыі той жа Боны Сфорца і прастаяў каля двух стагоддзяў, пакуль не загінуў у пажары. Наступны драўляны храм паўтарыў лёс свайго продка, і ў 1841 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла ў Шарашове. Сродкі на яго збіраліся сярод вернікаў, шмат ахвяравалі і мясцовыя шляхціцы Кернажыцкія. Дзяржава ж, мякка, кажучы, не падтрымлівала будоўлю касцёла, і праца была скончана толькі ў 1848 годзе кансэкраваннем храму ў гонар Найсвяцейшай Тройцы.

Ну а далей знаёмая гісторыя — арышт святара ў 1948 годзе, пераўтварэнне ў сховішча, разрабаванне. Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя ўмовы, цягам 40 гадоў мясцовыя жыхары ўпарта збіраліся на набажэнствы ля сценаў былой святыні і, хутчэй за ўсё, гэта дапамагло ў яе вяртанні. Адным з першых касцёлаў на Беларусі, якія былі зноў перададзены вернікам, стаў шарашоўскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Адбылося гэта ў 1988 годзе. Згадзіцеся, лічбы «4» і «8» граюць нейкую таямнічую і містычную ролю ў гісторыі гэтага храму. А пакуль хаваемся ад моцнага дажджу і глядзім на ўнутранае аздабленне касцёла.

Недалёка ад касцёла ў самым цэнтры Шарашова месціцца яшчэ адна ўнікальная цікавостка — драўляная званіца. Яна была пабудаваная ў 1799 годзе побач са Свята-Прачысценскай царквой, якая была старэйшая амаль на 40 год. Адной з адметнасцей гэтай царквы было тое, што яна была цалкам драўляная без выкарыстання аніводнага цвіка. У Свята-Прэчысценскай царкве стагоддзямі захоўваўся рэдкі беларускі культурны артэфакт — рукапіснае Шарашоўскае Евангелле, створанае ў XV-XVI стагоддзях. Таксама пры царкве мелася вядомая іканапісная школа. Што ж магло здарыцца з такім каштоўным помнікам? Царква перажыла вогнішча войнаў, непагадзь стагоддзяў, а вось перажыць савецкіх «крэпкіх хазяйственнікаў» не атрымалася. Яе наўпрост разабралі на бярвенні і вывезлі ў Пружаны, дзе паставілі некалькі жылых дамкоў. Шарашоўскае Евангелле, як і ікону мясцовай іканапіснай школы «Шарашоўскія Святыя», вывезлі ў сталічны мастацкі музей, дзе яны знаходзяцца і сёння. Можа дзеля гэтага і было ўсё зроблена? А на месцы старой царквы хуценька пабудавалі дом быту...

Дзень не гумовы, таму спяшаемся далей! Вёска Лінова і сядзібна-палацавы комплекс Трэмбіцкіх сустракае нас насцярожанай цішынёй, кроплямі дажджу на векавых дрэвах і нечаканым бюстам правадыра міравога пралетарыяту. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай гэтыя землі адышлі расійскаму генералу Румянцаву, і ён хутка іх распрадаў. Лінова выкупіў кобрынскі лоўчы Вінцэнт Трэмбіцкі, які пабудаваў тут невялікую аднапавярховую сядзібу. Нашчадкі паступова пашыралі плошчу дому, і свой канчатковы выгляд ён набыў на пачатку ХХ стагоддзя з дапамогай польскага архітэктара Луба. Гэта быў прыгожы двухпавярховы палац даўжынёй больш за 100 метраў і вялікім балконам з калонамі. Усё скончылася ў 1939 годзе, калі сядзібу ў Трэмбіцкіх канфіскавалі, і пасля Другой сусветнай вайны зрабілі з яе і бровара побач крухмальны завод. На пачатку 2000-х завод закрыўся, і сядзіба хутка прыйшла ў заняпад.

Вельмі маляўніча-гістарычна глядзіцца абшарпаны бюст Леніна на фоне занядбанага палаца. Падаецца, што правадыр пакінуў за плячыма невядома на што разбуранае мінулае і драпежна выглядвае наступную мэту ў будучым. А пад нагамі храбусціць нікому не цікавае цяперашняе. Фатографу гэты сюр вельмі спадабаўся...

Ізноў дробны дождж, свінцовыя хмары ды іншыя прыемнасці сучаснага беларускага лецейка на Палессі. Падаецца, што ліпень усур’ёз разважае, каму аддаць перавагу пасля свайго зыходу — жніўню ці адразу кастрычніку. Мы, канешне, за звычайны ход часу, але сумневы ёсць. І толькі фатографу гэта ўсё, здаецца, падабаецца.

І вось нават у гэтай шэрасці і безнадзейнасці ёсць месца для цудаў. Я не ведаю, хто як, але я ўжо, падаецца, сто гадоў не бачыў табун коней у полі. Так, звычайны табун у звычайным полі. Гэта так проста і так захапляльна, што я не маю слоў перадаць. А вось фатограф можа! Ён таксама настолькі захапіўся гэтым простым і ў той жа час рэдкім відовішчам, што яго літаральна за каўнер прыйшлося зацягваць у машыну. А коні пайшлі па сваіх справах далей. 

Такім прыемным чынам падышоў да завяршэння наш другі дзень Вялікай Берасцейскай вандроўкі і трэба спяшацца на месца начоўкі. Хутка працягнем, далёка не адыходзьце. І, канешне: бывайце здаровы — пішыце замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.