Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Як стваралася «вітрына сацыялізму»

Праз амаль чатыры з паловай месяцы пасля ўтварэння ў Заходніх зонах акупацыі Федэратыўнай Рэспублікі Германіі 7 кастрычніка 1949 года на тэрыторыі савецкай акупацыйнай зоны прадстаўнікі нямецкіх сацыял-дэмакратаў і камуністаў абвясцілі аб стварэнні Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Пачалася гісторыя падзеленай Германіі.

Сцяг Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Крыніца: wikipedia.org

Сцяг Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Крыніца: wikipedia.org


Канфлікт паміж дзяржавамі-пераможцамі

Ужо пасля заканчэння Другой сусветнай вайны неўзабаве абвастрылася напружанасць паміж заходнімі дзяржавамі і Савецкім Саюзам. Хоць афіцыйна яны падзялялі агульную мэту пабудовы дэмакратычнай пасляваеннай нямецкай дзяржавы, іх ідэі і мэты на самой справе моцна адрозніваліся. Сама позна ў канцы 1947 года, на нарадзе міністраў замежных спраў чатырох дзяржаў-пераможцаў у Лондане, стала ясна, што яны не змогуць дасягнуць кансэнсусу па германскім пытанні. Брытанцы і амерыканцы настойвалі на стварэнні агульнай дэмакратычнай нямецкай дзяржавы з усіх зон акупацыі. Супраць выступіла Францыя, якая гістарычна баялася моцнай Германіі. СССР фармальна падтрымліваў ідэю германскага адзінства, але хацеў атрымаць кантроль над вугальнымі шахтамі Рурскага басейна і бачыў у Германіі магчымы плацдарм для прасоўвання свайго ўплыву ў Заходняй Еўропе.

Карта-схема падзелу Германіі пасля Другой сусветнай вайны. Светла-бэжавая вобласць была перададзена Польшчы, а частка краіны — Усходняя Прусія і Кёнігсберг — былі анексаваны СССР як Калінінградская вобласць. Крыніца: wwii.space

Карта-схема падзелу Германіі пасля Другой сусветнай вайны. Светла-бэжавая вобласць была перададзена Польшчы, а частка краіны — Усходняя Прусія і Кёнігсберг — былі анексаваны СССР як Калінінградская вобласць. Крыніца: wwii.space


Для рэалізацыі гэтых мэт праз аб’яднанне Сацыял-дэмакратычнай і Камуністычнай партый 21 красавіка 1946 года была ўтворана Сацыялістычная адзіная партыя Германіі (САПГ). Трэба зазначыць, што партыя стваралася звычайнымі для бальшавікоў гвалтоўнымі метадамі. Савецкае вайсковае кіраўніцтва зоны акупацыі настойвала на неабходнасці хуткага аб’яднання СДПГ і камуністаў. Але гэта ідэя спачатку не знаходзіла падтрымкі сярод сацыял-дэмакратаў. 31 сакавіка 1946 года адбылося папярэдняе галасаванне сярод сябраў СДПГ па гэтым пытанні. На пытанне «Вы за неадкладнае аб'яднанне абедзвюх працоўных партый?» больш за 80 адсоткаў тых, хто галасаваў, адказалі адмоўна. Але, выкарыстоўваючы гвалт і запалохванне, савецкія вайскоўцы ўсё ж такі здолелі прымусіць кіраўніцтва СДПГ пайсці на злучэнне сваёй партыі з ідэалагічна далёкай ёй КПГ.

Сцяг Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі. Крыніца: wikipedia.org

Сцяг Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі. Крыніца: wikipedia.org


6 снежня 1947 года ў Берліне прайшоў Першы ўсегерманскі народны кангрэс, на які кіраўніцтва САПГ запрасіла прадстаўнікоў розных партый і масавых арганізацый з усіх зон акупацыі. Але права выбіраць дэлегатаў кангрэса функцыянеры САПГ пакінулі толькі за сабой, ніякіх папярэдніх выбараў дэлегацый не было. Асноўная маса ўдзельнікаў кангрэса (больш чым 2000) прыбылі з савецкай зоны акупацыі, але пры гэтым прысутнічалі 650 дэлегатаў з Заходняй Германіі. Асноўным патрабаваннем кангрэса стала папулісцкае патрабаванне заключэння мірнай дамовы і спынення акупацыі краіны.


Нараджэнне ГДР

На Другім усегерманскім народным кангрэсе, што адбыўся ў сакавіку 1948 года, быў абраны Першы нямецкі народны савет, які складаўся з 300 прадстаўнікоў савецкай зоны акупацыі і яшчэ сотні чалавек з Захаду. Заходнія немцы былі патрэбны для таго, каб падкрэсліць нібыта агульнагерманскае паходжанне савета. На тым жа кангрэсе было заяўлена аб адмаўленні ў прыняцці для Усходняй Германіі плана Маршала — праграмы эканамічнага развіцця, якую фінансавалі ЗША на карысць пасляваеннай Еўропы, што ў будучыні моцна адбілася на эканамічным развіцці Усходу. Канстытуцыйны камітэт Народнага савета, які ўзначальваў былы сябра СДПГ, а цяпер чалец САПГ Отта Гротэваль, на працягу наступных некалькіх месяцаў распрацаваў праект «Канстытуцыі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі», які мусіў быць вынесены на абмеркаванне ў сярэдзіне кастрычніка.

У гэты час у Заходняй частцы Германіі абвяшчаецца аб правядзенні грашовай рэформы, старыя рэйхсмаркі мусілі быць зменены на новыя грошы. Гэты ўчынак эканамічна адрываў Заходнюю Германію ад Савецкай зоны акупацыі і ставіў крыж на планах СССР па прасоўванні сацыялістычных ідэй на Захад. Раззлаваны Сталін загадаў пачаць блакаду Заходняга Берліна, які знаходзіўся пад кантролем саюзнікаў, але з усіх бакоў быў абкружаны савецкай зонай. Усходняя частка горада таксама заставалася пад савецкім кантролем.

Сектары падзеленага Берліна. Крыніца: wwii.space

Сектары падзеленага Берліна. Крыніца: wwii.space


Заходнімі саюзнікамі быў арганізаваны паветраны мост, па якім амерыканская і брытанская транспартныя авіяцыі забяспечвалі насельніцтва горада ўсім неабходным.

Калідоры паветранага моста. Крыніца: wwii.space

Калідоры паветранага моста. Крыніца: wwii.space


У гісторыю самалёты, што дастаўлялі прадукты ў блакадны Берлін, увайшлі як «разынкавыя бамбавікі». Такую назву яны атрымалі пасля таго, як па ўласнай ініцыятыве амерыканскія экіпажы перад пасадкай у Тэмпельхофе сталі скідаць берлінскім дзецям невялікія пакеты з прысмакамі на самаробных маленькіх парашуціках.

Блакада працягвалася амаль год, але ўрэшце саветы былі вымушаны яе зняць.

Берлінцы назіраюць за пасадкай «разынкавага бамбавіка». 1948 год. Крыніца: wikipedia.org

Берлінцы назіраюць за пасадкай «разынкавага бамбавіка». 1948 год. Крыніца: wikipedia.org


Трэці Народны кангрэс быў скліканы і правёў свае пасяджэнні 28 і 29 траўня 1949 года, праз некалькі дзён пасля таго, як у Федэратыўнай Рэспубліцы быў падпісаны і абнародаваны свой Асноўны закон. Прапанаваны праект канстытуцыі быў прыняты 30 траўня толькі з адным голасам супраць. Там жа быў абраны Другі нямецкі народны савет. 7 кастрычніка 1949 года на сваім пасяджэнні ён утварае Народную палату — будучы парламент і фармальна вярхоўны дзяржаўны орган краіны.

На гэтай жа цырымоніі ў былым Міністэрстве авіяцыі Рэйха Народная палата афіцыйна абвясціла аб прыняцці «Канстытуцыі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі». На словах яна прытрымлівалася адзінства Германіі, гарантавала асноўныя правы і «ўсеагульныя, роўныя, прамыя і таемныя выбары». Аднак пры гэтым шматлікія палажэнні замацоўвалі ў канстытуцыі перавагу сацыялістычнага строю ў эканоміцы і вядучую ролю САПГ у кіраўніцтве краінай. 11 кастрычніка Народная палата разам з Палатай зямель (парламент у ГДР спачатку быў двухпалатным) абірае прэзідэнтам краіны камуніста Вільгельма Піка, чалавека з вельмі неадназначнай біяграфіяй. Пост прэм'ер-міністра заняў Отта Гротэваль. Гэта дата традыцыйна лічыцца днём заснавання ГДР.

У канчатковым выніку ў новаўтворанай дзяржаве ўвасобіўся кіруючы прынцып, сфармуляваны іншым вядомым нямецкім камуністычным дзеячам, Генеральным сакратаром ЦК САПГ Вальтэрам Ульбрыхтам яшчэ ў 1945 годзе: «Усё павінна выглядаць дэмакратычна, але мы павінны ўсё трымаць пад кантролем!».

Вільгельм Пік, Отта Гротэваль і Вальтэр Ульбрыхт. Крыніца: wikimedia.org

Вільгельм Пік, Отта Гротэваль і Вальтэр Ульбрыхт. Крыніца: wikimedia.org


Падзел Германіі

У пачатку 1950-х гадоў савецкіх салдат на межах паміж дзвюма нямецкімі дзяржавамі паступова замянілі часткі мясцовай народнай паліцыі. Памежны кантроль станавіўся ўсё больш жорсткім. Калі раней можна было патрапіць на «той бок», напрыклад, за бутэлькай шнапсу, то цяпер гэта стала практычна немагчыма. 26 траўня Савет Міністраў ГДР прыняў «Пастанову аб мерах на дэмаркацыйнай лініі» паміж ГДР і «заходнімі акупацыйнымі зонамі Германіі». Прадугледжвалася стварэнне паласы адчужэння шырынёй пяць кіламетраў. Палітычна нядобранадзейныя людзі былі гвалтоўна пераселены з памежных раёнаў у рамках акцыі, ініцыяванай Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі ГДР, больш вядомым як Штазі.

Мноства ўсходніх немцаў былі вымушаны пакінуць свае дамы і былі перапраўлены ва ўнутраныя раёны краіны. Тыя, каму было дазволена застацца, цяпер заўсёды павінны былі ідэнтыфікаваць сябе, калі яны жадалі пакінуць зону абмежаванага доступу. Праезд паміж савецкай зонай і іншымі зонамі акупацыі стаў магчымы толькі па спецыяльным міжзонавым пропуску, магчымасць атрымаць які мелі далёка не ўсе. У выніку многія людзі былі раптоўна разлучаны са сваякамі. Мара аб аб'яднанай нямецкай дзяржаве цалкам зышла ў нібыт.

У ліпені 1952 года ў краіне адбылася агульнадзяржаўная рэформа самакіравання. Пяць існуючых зямель ГДР былі скасаваны і заменены 14 акругамі, якія цяпер не мелі аніякага прадстаўніцтва. Хутка за непатрэбнасцю будзе распушчана і верхняя палата ГДРаўскага парламента — Палата зямель. Гэтай рэформай кіраўніцтва «дэмакратычнай» рэспублікі ліквідавала ўсе рэшткі мясцовага федэралізму і самастойнасці. У тым жа годзе будзе праведзена нацыяналізацыя большай часткі прадпрыемстваў і пачнецца стварэнне сельскагаспадарчых кааператываў на вёсцы.

Дзяржаўная мяжа паміж ГДР і ФРГ. Крыніца: wikimedia.org

Дзяржаўная мяжа паміж ГДР і ФРГ. Крыніца: wikimedia.org


Але гэта не змагло спыніць міграцыю ўсходніх немцаў на захад. У адным толькі Берліне кожны год у заходнюю частку горада перабягалі тысячы і дзясяткі тысяч чалавек. Тады кіраўніцтва ГДР, па ўзгадненні з кіраўнікамі Савецкага Саюза, пайшло на крок адчаю, які ганебнай плямай ляжа на гісторыю Усходняй Германіі. 13 жніўня 1961 года пачалося будаўніцтва Берлінскай сцяны, якая амаль на 30 гадоў падзеліць германскую сталіцу на дзве паловы і стане прычынай шматлікіх смерцяў.

Выгляд сцяны з боку Заходняга Берліна. Крыніца: wikimedia.org

Выгляд сцяны з боку Заходняга Берліна. Крыніца: wikimedia.org


Такім чынам, краіна, якая на словах заўжды імкнулася да аб’яднання ўсёй тэрыторыі Германіі ў адзіную дзяржаву, на справе максімальна адгарадзілася ад сваіх братоў на захадзе, намагаючыся спыніць нават мінімальныя стасункі сваіх грамадзян з Захадам. ГДР паступова пераўтварылася ў закансерваваную таталітарную дыктатуру, дзе дэмакратыя засталася толькі ў гучнай назве. Але, калі ўжо казаць праўду, сапраўдная дэмакратыя там і не магла скласціся. Хоць побач з САПГ заўсёды былі і іншыя партыі, яны ігралі толькі падпарадкаваную ролю. Сацыялістычная адзіная партыя Германіі заўжды і да самага свайго канца імкнулася цалкам кантраляваць любыя зрухі ў краіне. Яе вядучая роля ў кіраўніцтве ўсходнегерманскай дзяржавай і грамадствам ніколі не падлягала нават маленькаму сумневу. За гэтым пільна сачыла ўсё тое ж усюдыіснае Штазі. Народ жа ў ГДР, як і ў іншых «народных» і «дэмакратычных» рэспубліках сацыялістычнага лагеру, меў права заставацца толькі маўклівым назіральнікам.