225-ты дзень вайны на мапах. Лінія фронту падчас Першай і Другой Сусветных і расейска-ўкраінскай войнаў
Войны адбываюцца па-рознаму. Мы паглядзелі на становішча Беларусі ў папярэднія дзьве Сусьветныя на 225-ты дзень. Якія тэрыторыі атрымалася ў ворага захапіць за пазначаны час? Як гэта параўноўваецца з вайной, якую разьвязала Расея на нашых вачах? Што гэта кажа пра абарончыя здольнасьці УСУ?

1916 год. Бліндаж ля возера Нарач
Які дзень мы ўзялі за кропку адліку ў Першай і Другой Сусьветных войнах?
У Першай — 12 жніўня 1915 году.
Непасрэдныя баявыя дзеяньні на тэрыторыі, якую ахоплівае сучасная Беларусь, пачаліся 12 жніўня 1915-га, калі нямецкія і аўстра-вугорскія войскі распачалі спробу захопу Берасьцейскай крэпасьці. Немцы падышлі да крэпасьці з паўночнага захаду, аўстра-вугорцы — з паўднёвага захаду.
У Другой — 22 чэрвеня 1941 году.
У дадзеным выпадку мы ўзялі не 17 верасьня 1939-га, калі камуністы напалі на тэрыторыю Польшчы і, адпаведна, заходняй часткі нашай краіны, але 22 чэрвеня 1941-га, калі небясьпека навісла па-над усёй тэрыторыяй Беларусі.
Такім чынам, 225-ты дзень вайны для Першай Сусьветнай прыйшоўся на 25 сакавіка 1916 году.

У канцы кастрычніка 1915 году фронт стабілізаваўся на лініі Дзьвінск–Паставы–Смаргонь–Баранавічы–Пінск, бакі перайшлі да пазіцыйнай, акопнай вайны.
Аднак на беларускіх землях адбылося яшчэ некалькі буйных бітваў. З мэтай падтрымкі французскіх саюзнікаў, войскі якіх вялі цяжкія баі зь немцамі на поўначы Францыі, 18-28 сакавіка 1916 году была праведзеная Нарачанская аперацыя.
Вынікі наступу паўночнай ударнай групы аказаліся няўдалымі. Усяго падчас аперацыі немцы страцілі 40 тысячаў забітымі і параненымі, а войскі Расейскай імпэрыі — 78 тысячаў чалавек. Сярод іх было нямала абмарожаных і зьмёрзлых да сьмерці. Такія істотныя страты ў значнай ступені сталі вынікам дапушчаных расейскім камандаваньнем памылак у падрыхтоўцы і правядзеньні апэрацыі, няўзгодненасьці дзеяньняў палкоў і карпусоў, вострага недахопу боепрыпасаў і цяжкіх гарматаў.
А тут вы можаце разглядзець арыгінал мапы за пазначаны час 1916 году, на якой вельмі падрабязна акрэсьленыя лініі, дзе знаходзіўся фронт.

225-ты дзень у Другой Сусьветнай вайне прыйшоўся на 1 лютага 1942 году.
Фронт цалкам быў па-за межамі сучаснай Беларусі. Уся яна была акупаваная, а немцы былі на адлегласьці выцягнутай рукі ад Масквы.

А ніжэй вы можаце паглядзець на дакладную і падрабязную лінію фронту 1 лютага 1942-га.

225-ты дзень вайны Расеі супраць Украіны прыйшоўся на 6 кастрычніка 2022 году.
Актуальнае на сёньня становішча паглядзіце на мапе ніжэй.

Цёмным колерам адзначаныя тэрыторыі Ўкраіны, захопленыя ў 2014 годзе, больш сьветлым — у 2022-м.
Вось такі прарыў здолела зрабіць так званая другая армія сьвету. Чакаем хуткага вызваленьня акупаваных Расеяй тэрыторый!