Як Берлін разынкамі бамбардзіравалі
Праз некалькі гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Заходнім Берліне дзеці з захапленнем чакалі прылёту «разынкавых бамбавікоў», якія неслі не смерць, а ратаванне. 12 мая Германія адзначыла 75-годдзе заканчэння блакады Заходняга Берліна. Як не дзіўна, тая гісторыя не згубіла актуальнасць і цяпер.

Яшчэ ў верасні 1944 года Вялікабрытанія, ЗША і СССР падпісалі Лонданскі пратакол, згодна з якім, Германія пасля вайны мусіла быць падзелена на тры зоны, кожная з якіх будзе акупавана адной з саюзных дзяржаў (пазней да тройкі далучыцца Францыя). Берлін, у сваю чаргу, стане асаблівай тэрыторыяй, якую падзеляць паміж сабой краіны, што падпісалі пратакол.
Аднак хутка паміж учорашнімі саюзнікамі пачалі ўзнікаць канфлікты. У выніку першапачатковы план наконт лёсу нямецкай сталіцы, што завецца, ляснуўся. Прычым свой уклад у гэта зрабілі ўсе бакі.
У 1947 на Захадзе вырашылі, што адзіная і нейтральная Германія непазбежна трапіць пад савецкі кантроль. Таму быў узяты курс на стварэнне ФРГ, часткай якога павінен быў стаць заходні Берлін.
У сваю чаргу Сталін з самага пачатку разглядаў прысутнасць заходніх войскаў у Берліне як часовую з'яву. Ужо падчас перамоваў у Патсдаме ўлетку 1945-га на закрытай сустрэчы з нямецкімі камуністамі ён абяцаў ачысціць Берлін ад амерыканцаў, брытанцаў і французаў цягам 1946 года.
Падзеі абвастрыліся вясной 1948-га. У сакавіку СССР запатрабаваў, каб усе цягнікі, якія ішлі ў Берлін з заходніх зон, падвяргаліся надгляду. Пазней, 12 чэрвеня, былі спачатку спынены дарожныя зносіны з Заходнім Берлінам, а 21 чэрвеня спыніўся рачны транспарт. Нарэшце, 24 чэрвеня — па «тэхнічных прычынах» — чыгуначныя камунікацыі.
Акрамя блакіравання чыгуначнага і рачнога транспарту таксама была спынена падача электраэнергіі ў заходнюю частку горада — 25 чэрвеня савецкая ваенная камендатура забараніла ўсе пастаўкі вугалю ў заходні сектар. Пазней таксама былі забаронены пастаўкі медыкаментаў у бальніцы Заходняга Берліна.
Фармальнай падставай для такіх радыкальных мер паслужыла грашовая рэформа, праведзеная заходнімі саюзнікамі — рэйхсмаркі былі заменены на новыя маркі. Будучы незадаволены курсам абмену, немцы імкнуліся пазбавіцца ад старой валюты ва Усходнім Берліне, дзе яшчэ былі ў ходу старыя грошы.
Глядзіце таксама

Так ці інакш, 24 чэрвеня Заходні Берлін застаўся без харчовага забеспячэння і энергетычных рэсурсаў. Былі ўведзены жорсткія нормы эканоміі электраэнергіі. Электрычкі не хадзілі, наземны транспарт і цягнікі метро хадзілі з вялізнымі інтэрваламі. У жылых дамах электрычнасць з'яўлялася на дзве гадзіны раніцай і дзве — увечары.
Таксама не выключаўся варыянт прамой агрэсіі, паколькі ваенныя сілы амерыканцаў і брытанцаў у заходніх сектарах Берліна значна саступалі СССР і налічвалі прыкладна 25 тысяч салдат. У той час як савецкія ўзброеныя сілы на ўчастку, што атачаў Берлін, ацэньваліся ў 1,5 мільёна чалавек.
Зрэшты, капітуляваць у заходнім сектары не збіраліся. А з праблемай забеспячэння вырашылі разабрацца за кошт паветраных паставак. Дарэчы, напрацоўкі ў гэтай галіне былі. Яшчэ ў сакавіку 1948-га харчы для ваеннага гарнізона Заходняга Берліна пачалі дастаўляцца паветрам. На момант пачатку блакады запасаў прадуктаў хапала як мінімум на 18 дзён.
Вось так паўстаў славуты «паветраны мост». На працягу наступнага года ў Заходні Берлін былі здзейснены 278 228 палётаў брытанскай і амерыканскай транспартнай авіяцыі, дастаўлена 2 326 406 тон грузаў. Па падліках гісторыкаў, кожныя 30 секунд у заходнеберлінскім аэрапорце Тэмпельхоф садзіўся новы самалёт. Савецкія ВПС не перашкаджалі палётам, тым не менш, праз аварыі і катастрофы саюзнікі згубілі 70 пілотаў у заходніх сектарах Берліна — у тым ліку, 31 амерыканскага і 39 брытанскіх.
У выніку блакада аказалася неэфектыўнай. Больш за тое, нягледзячы на яе ў Заходні Берлін ірваліся ўцекачы з савецкай акупацыйнай зоны. Толькі за люты 1949 года іх прыток склаў каля 2500 чалавек.
Зрэшты, самыя непрыемныя наступствы для Масквы складаліся ў іншым. Блакада справакавала шчырыя масавыя антыпатыі на Захадзе ў адрас СССР. У тым ліку і сярод многіх немцаў, якія яшчэ ўчора бачылі ў тых жа янкі заклятых ворагаў, што нясуць прамую адказнасць за варварскія бамбардзіроўкі Германіі падчас вайны. Многія дзеці ў Заходнім Берліне з захапленнем сустракалі «разынкавыя бамбавікі». Справа ў тым, што перад пасадкай экіпажы самалёты саюзнікаў скідалі мяшочкі з прысмакамі для дзяцей, у тым ліку і з разынкамі.
У выніку замест таго, каб перашкодзіць стварэнню незалежнай Заходняй Германіі, блакада Берліна паскорыла планы саюзнікаў па рэалізацыі праекта. У адказ на гэта ў кастрычніку 1949 года ў савецкай зоне акупацыі была створана Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка. Германія аказалася падзеленай на 40 гадоў.
Застаецца дадаць, не страцілі актуальнасць тыя падзеі і сёння. «Паветраны мост сведчыць, наколькі важна ўсё рабіць паводле прынцыпаў. Калі б нашы партнёры проста паціскалі плячыма або сцвярджалі, што выдаткі занадта высокія, а рызыкі занадта вялікія, з Берлінам, хутчэй за ўсё, было бы скончана. Гэтак жа натуральна, як нашы саюзнікі тады абаранялі нас, мы павінны ясна ўстаць на абарону нашага міжнароднага парадку, міру і свабоды сёння», — заявіў 12 мая міністр абароны ФРГ на цырымоніі каля Мемарыяла, прысвечанага падзеям 75-гадовай даўніны.