Першае паўстанне ў сацлагеры: Прайграць, каб перамагчы

Германія адзначае 70-ю гадавіну паўстання 17 чэрвеня 1953 года — першага ў сацыялістычным лагеры. Тады паўстанне было задушана, але ў гістарычнай перспектыве яно перамагло.

By Bundesarchiv, commons.wikimedia.org

By Bundesarchiv, commons.wikimedia.org

Перадумовай да паўстання стаў цяжкі эканамічны крызіс у ГДР, які справакаваў незадаволенасць насельніцтва дрэнным забеспячэннем прадуктамі і прадметамі першай неабходнасці. У мэтах паляпшэння эканамічнага становішча Савет міністраў ГДР увесну 1953 года прыняў рашэнне аб падвышэнні нормаў працы на 10%. Гэта азначала, што за той самы час, што і раней, трэба было зрабіць больш прадукцыі.
Рашэнне выклікала нараканні ў працоўных калектывах, што тут жа зафіксавалі спецслужбы. Таму праз некалькі дзён кіраўніцтва Усходняй Германіі зрабіла радыкальны паварот і прызнала памылкі. Але павышэнне працоўнай нормы на месцах не адмянілі, супраць чаго неўзабаве і пачаліся пратэсты.
Пачаліся стыхійныя забастоўкі сталічных будаўнікоў, якія перакінуліся на іншыя галіны і рэгіёны. Страйк імкліва ахапіў больш за 700 гарадоў і прадпрыемстваў. Акрамя Усходняга Берліна цэнтрамі пратэснага руху былі Саксонія, Саксонія-Анхальт і Цюрынгія. Па ўсёй ГДР да стачкі далучылася каля мільёна грамадзян!
Часткова за такі маштаб пратэстаў трэба сказаць дзякуй студэнтам-ветэрынарам з Галле. Падчас стотысячнай дэманстрацыі яны захапілі гарадское радыё, каб расказаць пра выступленні ў эфіры. Радыё дазволіла навінам аб акцыях пратэсту хутка распаўсюдзіцца па рэспубліцы.
Парадаксальна, але людзі ў сельскай мясцовасці пратэставалі больш актыўна, чым у гарадах. Гэта было звязана з кампаніяй калектывізацыі: ад фермераў запатрабавалі ўступаць у сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, створаныя на аснове савецкай мадэлі калгасаў.
Сваёй кульмінацыі пратэсты дасягнулі 17 чэрвеня, калі беспарадкі пачаліся ў цэнтры Усходняга Берліна на алее Сталіна. Дэманстранты пачалі штурмаваць афіцыйныя будынкі. Цяпер яны патрабавалі не толькі адмены павышэння нормы, але і сацыяльных і палітычных змен.
Апоўдні ва ўрадавым квартале з'явіліся савецкія танкі. У тым ліку страляючы па людзях, вайскоўцы пачалі выціскаць натоўп. Камендант савецкай акупацыйнай зоны аб'явіў надзвычайнае становішча ва Усходнім Берліне. Усе публічныя сходы былі забаронены, а мяжа з Заходнім Берлінам закрыта.

By Bundesarchiv, B 285 Bild-14676 / Unknown author /commons.wikimedia.org

By Bundesarchiv, B 285 Bild-14676 / Unknown author /commons.wikimedia.org

Пасля гэтага ўлады канчаткова перахапілі ініцыятыву. На працягу наступных тыдняў савецкая армія і ўсходнегерманская паліцыя жорстка падавілі ўсе ачагі пратэстаў. Як мінімум 55 чалавек былі забітыя, больш за 10 000 арыштаваныя, яшчэ 1500 асуджаныя да турэмнага зняволення. Тыя, хто пакінуў краіну, тут жа атрымлівалі кляймо «збег з рэспублікі», што было крымінальным злачынствам. Несці наступствы за ўцёкі на Захад даводзілася ў асноўным сваякам эмігранта: хтосьці не мог здаць іспыты на атэстат у школе, хтосьці не мог больш вучыцца ў ВНУ.
Аднак адных рэпрэсій было недастаткова. Цяпер трэба было растлумачыць грамадзянам ГДР чаму ў першай нямецкай рабоча-сялянскай дзяржаве менавіта працоўныя і сяляне выйшлі на пратэсты супраць гэтай дзяржавы.
Дарэчы, сярод пратэстоўцаў прыкладна палова былі жанчыны — з-за каласальных страт мужчынскай часткі нямецкага насельніцтва падчас вайны. Улады жанчын, якія прымалі ўдзел у забастоўках, проста запісалі ў прастытуткі. Многія з іх страцілі шанец на кар'еру і доўгі час заставаліся ў фокусе ўвагі штазі.
Што да самога паўстання, то ў афіцыёзе яго разглядалі як «фашысцкі путч, арганізаваны заходнімі выведкамі». Насамрэч Захад не меў ніякага дачынення да падзей ва ўсходнім сектары Германіі. Больш за тое, у заходніх сталіцах баяліся, што беспарадкі могуць распаўсюдзіцца на заходні Берлін, дзе матэрыяльнае становішча людзей было таксама не ідэальным. Ніякіх спроб умяшання Захаду ў падзеі на Усходзе не было. Хіба што быў дапушчаны прыток бежанцаў. Аднак прапускалі не ўсіх, а пераважна мужчын, якія мелі працоўную кваліфікацыю: на Захадзе таксама назіраўся дэфіцыт працоўнай сілы.
Зрэшты, урад ФРГ усё ж адрэагаваў на паўстанне. Урад Конрада Адэнаўэра аб'явіў 17 чэрвеня дзяржаўным святам. Заходнім немцам у гэты дзень прапанавалі адзначаць Дзень уз'яднання Германіі. На самай справе тагачасны федэральны канцлер зусім не хацеў адзінства. А калі і хацеў, дык відавочна толькі на ўмовах ліквідацыі ГДР, што было непрымальна для Усходняга Берліна і Масквы. Пасля 1989 года свята 17 чэрвеня было неадкладна адменена на карысць свята 3 кастрычніка, калі ГДР канчаткова юрыдычна ўвайшла ў склад Заходняй Германіі.
Якое месца займае 17 чэрвеня ў нямецкай гісторыі? У сучаснай гістарыяграфіі дамінуе пункт гледжання, што ніякіх шанцаў у паўстанцаў не было. Удзельнікі пратэстаў не паспелі нават сфарміраваць нейкі каардынацыйны цэнтр, агучыць патрабаванні.
І ўсё ж паўстанне 1953-га не было бессэнсоўным. Па-першае, падзеі выразна засведчылі, што рэжым ГДР можа існаваць толькі пры падтрымцы Крамля. Гэты факт падрываў прэтэнзіі ГДР на суверэнітэт і легітымнасць.Па-другое, хваляванні і забастоўкі 1953-га сталі сапраўднай псіхічнай траўмай для кіраўнікоў ГДР. У мемуарах усходненямецкіх функцыянерах адзначаецца, што гэтая дата заўсёды выклікала нервовасць у вярхушкі ўлады. Спантанны характар паўстання ўказваў на тое, што ў любы момант нешта падобнае можа паўтарыцца, нягледзячы на ўсе намаганні спецслужбаў. Гэта выклікала сярод чыноўнікаў пачуццё таго, што сітуацыя вельмі зыбкая.
Па сутнасці, так і адбылося ў 1989-м, калі ўсходненямецкі рэжым абрынуўся за лічаныя месяцы.