Правілы жыцця Уладзіміра Мацкевіча
Ініцыятыва «Філосаф у турме» публікуе вытрымкі з выступленняў, інтэрв'ю і артыкулаў філосафа, які другі дзень трымае галадоўку за кратамі.
***У мяне з дзяцінства захавалася ўяўленне пра тое, што свет не зусім такі, якім падаецца. Я хадзіў у школу, а сям'я была антысавецкай, дзе ўсё распавядалася інакш. Я заўсёды памятаў, што я беларус, што дзесьці існуе гэтае «Каралеўства Беларусь», як у аповесці. Для мяне гэта была нейкая фантастычная краіна, у якую я марыў патрапіць, і я быў шчаслівы, калі бацькі ў 1966 годзе вярнуліся туды з 10-гадовай высылкі. ...Паступова ў мяне ўзнікалі пытанні, што вылілася ў падлеткавы нацыяналізм. Я горача хацеў, каб краіна адрознівалася ад іншых краін Савецкага Саюза, таму з 13 гадоў у мяне з'явілася мара пра незалежную краіну Беларусь. Я марыў быць навукоўцам, неяк разабрацца з гэтым усім, удзельнічаць, здабываць веды. Думаю, я так і пражыў сваё жыццё, марачы і ўдзельнічаючы ў рэалізацыі гэтых мараў.
***Правілаў жыцця ў мяне вельмі шмат. Пачынаючы з 10 запаветаў Божых і заканчваючы тымі, што я прыдумаў сам. Магчыма, калі-небудзь я іх сістэматызую, але цяпер пакуль на гэта няма часу і жадання. Правілы ўсплываюць у маёй свядомасці непасрэдна перад тым, як трэба прыняць рашэнне, здзейсніць дзеянне або ўчынак. Часам я прыдумляю новае правіла ў той момант, калі яно неабходнае. Гэтак жа часта адмяняю правілы, якія састарэлі і страцілі актуальнасць.
***Немагчыма займацца інтэлектуальнай дзейнасцю без запалу! Без страсці да ісціны, без страсці да пазнання, без страсці да вырашэння праблем!
Не верце тым, хто распавядае пра апатыю і атараксію філосафаў і навукоўцаў, пра нядзеянне або пра неадсветнаць інтэлектуалаў. Хлусня ўсё гэта! Інтэлектуал — гэта згустак запалу. А ісціна і праблема — крыніцы інтэлектуальных страсцей. Для вырашэння праблемы могуць спатрэбіцца гады ўпартай працы, нуднай руціннай працы, адмаўлення ад забавак. Адкуль узяць на гэта сілы? Гэта як бег на марафонскія дыстанцыі. Цяжка, горача, цяжка, а ты бяжыш. Выйшлі сілы, мутнее позірк, становяцца ватнымі рукі і ногі, а ты бяжыш. Адкрываецца другое дыханне — і ты бяжыш, заканчваецца другое дыханне — і ты ўсё роўна бяжыш! Падкошваюцца ногі перад самым фінішам, але ты паўзеш! Таму што воля да перамогі, радасць самапераадолення, страсць!
***Для мяне гэта амаль містычнае перакананне. Мысленне як культура, як дзейнасць, як субстанцыя перадаецца з рук у рукі, ад настаўніка да вучня. Гэты працэс не перарываецца ўжо больш за два з паловай тысячагоддзі. Я перакананы, што ад мяне праз Шчадравіцкага можна прасачыць у рэтраспектыве бесперапынны ланцуг вучнёўства да Сакрата, Фалеса і далей, як гаварыў Дыяген Лаэрцкі, да гімнасафістаў. У гэтым ланцугу няма перарываў. У маіх настаўнікаў былі свае настаўнікі, у тых свае — і так да самага пачатку. Гэты ланцуг мае адгалінаванні, але толькі ў напрамку ад настаўніка да вучняў, якіх магло быць у аднаго настаўніка некалькі, як у таго ж Сакрата.
Але няма і не можа быць настаўніка, у якога не было свайго настаўніка. Гэта як дрэва: галін і лісця можа быць мноства, але ўсе звязаныя з адным коранем і ад яго сілкуюцца.
***Я чуў і чытаў пра тое, што жыццё для кагосьці становіцца цяжкім. Я нават мог бы гэта зразумець. Але ў асабістым досведзе ў мяне гэтага няма. Жыццё — гэта несумнеўнае дабро, але не заўсёды задавальненне, у жыцці бывае ўсялякае. Пастаянным задавальненне быць не можа, інакш бы мы пра яго нічога не ведалі. Мы адчуваем і ведаем толькі пра тое, што змяняецца. Як надвор'е, як здароўе. Так і задавальненне. Мы ведаем пра яго і адчуваем яго толькі таму, што яно змяняе сабой тое, што не з'яўляецца задавальненнем.