Хіба можна зняволіць мысленне? Філосаф Уладзімір Мацкевіч 100 дзён за кратамі

Уладзімір Мацкевіч — адзін з найвыбітных сучасных беларускіх інтэлектуалаў. Для кагосьці нязручны сваімі доўгімі тэкстамі, запальчывасцю, рэзкімі фармулёўкамі і прынцыповай пазіцыяй, ён вялікую частку свайго жыцця прысвяціў узрошчванню беларускай грамадзянскай супольнасці і служэнню ідэі незалежнасці Беларусі.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

І гэта мела свой плён — паўстаў «Лятучы ўніверсітэт» і шэраг іншых інтэлектуальных ініцыятыў. Мацкевіч меў магчымасць з’ехаць з краіны і працягваць сваю дзейнасць на яе карысць у бяспецы, але свядома ахвяраваў уласнай свабодай. Сёння ўжо 100 дзён, як мысляр і палітвязень знаходзіцца за кратамі, але яго ідэі працягваюць працаваць.

Беларускі філосаф, метадолаг, грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня пасля ператрусу. 10 сутак Мацкевіч правёў у ізалятары на Акрэсціна, пасля яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Уладзіміру Мацкевічу прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 342 ч. 1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

«У абвінавачанні, якое я атрымаў, не названа ні адно маё дзеянне або ўчынак, няма ні аднаго эпізоду. Я разумею, што падставай для арышту сталі мае артыкулы, выказванні, ідэі і думкі, то-бок мяне збіраюцца судзіць за “мыслезлачынства” паводле Оруэла. Менавіта гэта як нельга лепш характарызуе сённяшні рэжым у Беларусі», — казаў філосаф з-за кратаў у інтэрв’ю выданню Deutsche Welle.

Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што тэксты філосафа правяраюць «на прыкметы распальвання варожасці». Верагодна, гэта азначае, што артыкул абвінавачання хочуць перакваліфікаваць.

Аднадумцы Уладзіміра Мацкевіча стварылі ў Фэйсбуку кампанію «Філосаф у турме», дзе прасоўваюць яго ідэі і публікуюць актуальныя навіны пра следства і самаадчуванне філосафа. Некаторыя з паплечнікаў падзяліліся з «Новым Часам» апошнімі навінамі пра свайго калегу і выказаліся пра яго зняволенне.

«Гатовы да любога павароту падзей»

222_sup9s_1.jpg



Таццяна Вадалажская, каардынатарка створанага Мацкевічам «Лятучага ўніверсітэта», здолела наладзіць ліставанне з філосафам. Яна зазначае:
— Уладзімір Мацкевіч — мой Настаўнік, калега і сябра, з якім робім адну справу ўжо шмат год. Для мяне вельмі важна, каб не перарывалася камунікацыя і магчымасць абмеркаванняў. Цяпер гэта стала вельмі складана, але нават у такой сітуацыі атрымліваецца абменьвацца думкамі і развагамі. У лістах няшмат напішаш, але хоць нейкую частку. Для яго таксама вельмі важна прарываць гэтую інфармацыйную і камунікатыўную заслону.
Ён адчувае сябе някепска, улічваючы ўмовы. Вельмі не хапае прасторы і паветра для прагулак і роздумаў. Цяпер ён імкнецца прысвяціць увесь вольны час працы над тэкстамі філасофскімі, рэфлексіўнымі. Усміхаецца, што знаходзіць «утешение в философии».Гэта дазваляе ўтрымліваць раўнавагу і спакой. Нявызначанасць вельмі напружвае, таму для яго важная ўстаноўка, што ён гатовы да любога павароту падзей. Не перастае думаць пра тое, што і як трэба рабіць, каб выйсці з палітычнага крызісу.
Напэўна, мы ўсе ўжо зразумелі, што «хуткага вырашэння» чакаць не трэба. Але гэта не азначае, што трэба змірыцца і прыняць гэтую сітуацыю як нармальную. Гэта не нармальна, і варта разумець, што нашыя людзі застаюцца ў палоне. Менавіта такое стаўленне асабіста ў мяне. Нам трэба шмат мужнасці і пэўнага спакою, але для таго, каб шукаць выйсце, рухацца да перамогі. Нельга спыняцца і чакаць, што хтосьці за нас вырашыць нашыя праблемы.

«Спадар Уладзімір на нашым месцы не маўчаў бы»



1_249_logo_1.jpg

Фота Рыгора Бутыліна
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч гаворыць, што яму не хапае публічна агучанай думкі Уладзіміра Мацкевіча з нагоды новых выклікаў. І прыгадвае адзін характэрны эпізод:
— Ці ліставаліся вы з Аляксандрам Македонскім? Прызнаюся, мне даводзілася. Справа была на пачатку лістапада 2020-га, калі я яшчэ актыўнічаў у дварах. Рэпрэсіі штодня рабіліся ўсё больш жорсткімі — і ў мяне, каюся, упершыню з’явіўся недавер да незнаёмых людзей, што прыходзілі ў «прыват» і запрашалі выступіць. Якраз тады мне і напісаў чалавек, падпісаны імем «Аляксандр Македонскі». Я не прыдумаў нічога лепшага, як спытаць у яго пра агульнага знаёмага, які пацвердзіў бы яго надзейнасць. Адказ быў: Уладзімір Мацкевіч. Я адразу ж напісаў яму, атрымаў пацверджанне — і канцэрт адбыўся.
Да чаго я вяду? Да таго, што імя Мацкевіча сапраўды ўжывалася як пэўны пароль.
Уладзімір Мацкевіч — адметны беларускі мысляр. Больш за тое, бываюць кабінетныя самотнікі, а бываюць тыя, хто дзеліцца сваімі ведамі, намагаючыся змяніць свет да лепшага. Мацкевіч — відавочна, з ліку другіх. Публічны інтэлектуал-асветнік, тэмпераментны палеміст, адзін з лідараў грамадскай думкі — у час паўставання ў нас гэтага самага грамадства. Зняволены за сваю актыўную пазіцыю, ён сядзіць за кратамі ўжо 100 дзён. І, прызнаюся, мне не хапае ягонай публічна агучанай думкі з нагоды новых выклікаў, з якімі мы сутыкнуліся. Ягонай неабыякавасці, ягонай інтэлектуальнай рызыкі ў фармулёўцы рэчаў, якія далёка не кожнаму спадабаюцца, але прамаўчаць ці згладзіць вуглы проста немагчыма. Як немагчыма пакінуць без рэакцыі сам факт яго зняволення, бо спадар Уладзімір на нашым месцы не маўчаў бы.
Паплечнікі Уладзіміра Мацкевіча стварылі адкрыты ліст салідарнасці з Мацкевічам, дзе гаворыцца пра значнасць інтэлектуальнай працы для трансфармацыі грамадства і недапушчальнасць рэпрэсій супраць свабоднага мыслення. Пад лістом падпісаліся больш за 50 інтэлектуалаў, даследчыкаў, навукоўцаў, грамадзянскіх дзеячаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі, Іспаніі і Партугаліі.
Вы можаце падтрымаць мысляра, даслаўшы яму ліст ці паштоўку на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1. Мацкевічу Уладзіміру Уладзіміравічу.