Аляксандр Дзядок: «Захапляюся сваім сынам. Упэўнены, што ён выйдзе на волю раней»
Цудаў ніхто з прысутных у залі Мінскага гарадскога суда не чакаў, як і не было ні ў каго спадзеваў на справядлівы прысуд, таму вырак — 5 гадоў агульнага рэжыму (а менавіта столькі патрабаваў пракурор) — нікога не здзівіў. Падсудны быў да яго гатовы, як і былі гатовыя яго родныя і сябры. «Усё будзе добра», — сказаў Мікалай на развітанне, паказаў віктары і пасміхнуўся.

— Упэўнены, што сын выйдзе на волю значна раней. Канечне, я не магу зараз назваць дакладны тэрмін, але гэта будзе не так доўга. Эканоміка Беларусі не вытрымае яшчэ 5 гадоў, асабліва з улікам узмацнення палітычнага крызіса. Таму выйдзе і Мікалай, і іншыя палітвязні. — кажа былы следчы, пракурор і суддзя з 20-гадовым стажам Аляксандр Дзядок. — Ён вельмі моцны і значна пасталеў за гэты час. І я вельмі ганаруся сваім сынам, хаця, канечне, і вельмі перажываю за яго здароўе.

Роўна год таму, 11 лістапада 2020 года прадстаўнікі ГУБАЗіК І САХР уварваліся ў кватэру, дзе жыў блогер, актывіст і аўтар НЧ Мікалай Дзядок. Пасля па дзяржканалах паказалі «пакаяльнае» відэа збітага Мікалая. Доўгі час да яго не маглі трапіць адвакаты, а на судзе хлопец расказаў пра здзекі і катаванні.
— Самым страшным быў ранак 12 лістапада, калі я паглядзеў тое відэа. Дасюль гэта вельмі цяжка перажываю. Мне здаецца, я адчуваю тое, што адчуваў тады мой сын. Яны хацелі яго прынізіць і стараліся ўсё для гэтага зрабіць, але ў іх нічога не атрымалася. Але ўяўляю, як гэта было цяжка для Мікалая. Але ён моцны і хутка аднавіўся псіхалагічна.

З таго часу мы цалкам змянілі ўсе свае планы, наогул усю хаду нашага жыцця. Нашай асноўнай мэтай стала дапамога і падтрымка Мікалаю. Трэба было пастаянна кантраляваць сітуацыю, бо калі адміністрацыя гэта бачыць, яна па-іншаму сябе паводзіць.

Усе рэсурсы сям’і Мікалая Дзядка былі накіраваныя на яго падтрымку. Адвакаты, перадачы, лісты... І канечне ж кожны дзень непакой за здароўе сына. Першае спатканне бацькі атрымалі больш чым праз 5 месяцаў пасля затрымання. Першае і пакуль адзінае. Другое спатканне з сынам бацька чакае гэтымі днямі.
— Яго прывялі на спатканне апошнім, у кайданках, як «схільнага да захопу закладнікаў». Мы шмат з ім размаўлялі. Ён быў бадзёры і ўпэўнены ў сваёй праваце. Ён тады яшчэ сказаў, што пасля любой рэвалюцыі настае перыяд рэакцыі, але пасля гэтага зноў адбываецца рэвалюцыя. Я тады сказаў: «Калі ты пра рэвалюцыі 1905-га і 1917-га, то паміж імі прайшло нямала часу!» А ён адказаў, што цяпер гэта адбудзецца хутчэй, дый і гэты тэрмін нішто на шкале гісторыі.

Я захапляюся сваім сынам. Ён увесь час расце і адукоўваецца, адкрыты да любых ведаў, якія ён аналізуе і перапрацоўвае. Шмат чытае, удасканальвае зараз сваю ангельскую і працягвае вывучаць арабскую мову. Чытае зараз Іосіфа Флавія. Наогул, ён вельмі пасталеў за гэты год.

Больш за тое, Мікалай вельмі моцна паўплываў на мяне, на маё светаўспрыманне, маё стаўленне да народу Беларусі. Раней я вельмі скептычна ставіўся да прагі беларусаў да свабоды. Але Мікола мне заўсёды казаў, што я не маю рацыі. І жнівеньскія падзеі толькі пацвердзілі словы сына, яны паказалі, што людзі пачалі разумець каштоўнасць і важнасць свабоды. Мікалай змяніў мяне. І гэта пад яго ўплывам я зразумеў, што павінен тут застацца.
Шкада, канечне, што рэпрэсіі выціскаюць з краіны лепшых людзей, што тысячы за кратамі… Але я ўпэўнены, што і нарастаючы палітычны крызіс, і цяжкая эканамічная сітуацыя прывядуць да зменаў да лепшага. І гэта адбудзецца дастаткова хутка. Самае галоўнае, каб Мікалай, каб іншыя палітзняволеныя захавалі сваё здароўе.Аляксандр Дзядок кажа, што ім удалося дабіцца больш глыбокага медычнага абследавання Мікалая, і спадзяецца, што атрымаецца кантраляваць стан яго здароўя. Гэта тое, што непакоіць бацьку больш за ўсё. Бо маральна Мікалай моцны і гатовы вытрымаць любыя выпрабаванні.

«Усё будзе добра!» — сказаў Мікалай на развітанне пасля судовага пасяджэння. Ён пасміхаўся і нават з усмешкай выслухаў прысуд.
Канечне будзе, Мікола! Я таксама ў гэта веру, галоўнае не баяцца, ісці за сваёй мэтай і не здраджваць сабе. Так, як гэта робіш ты ўсё сваё свядомае жыццё. Так, як гэта робяць тысячы лепшых людзей Беларусі. А пакуль мы будзем пісаць табе лісты і чакаць на волі.