«У маёй камеры свеціць сонца». Палітзняволенай Наталлі Хершэ адмовілі ў замене пакарання
Грамадзянка Швейцарыі, палітзняволеная Наталля Хершэ напісала ў лісце з магілёўскай турмы №4, што адмысловая камісія па замене пакарання прызнала, што яна «не стала на шлях выпраўлення».
Чарговае пасяджэнне камісіі, якая зноў будзе разглядаць гэтае пытанне, адбудзецца праз 11 месяцаў, піша «Радыё Свабода».
«Мяне заўсёды гэта замілоўвае, нібыта нехта думаў, што будзе інакш, — піша Наталля. — Гэтаксама і суд прыехаў у ПК-4. Суддзя аб’яўляе: “Суд выходзіць для прыняцця рашэння”. Праз тры хвіліны вяртаецца, дастае з тэчкі “рашэнне суду”, ужо падпісанае і з пячаткай. Мне кажуць падпісацца, і дакладна такое ж “рашэнне”, другі ці трэці экзэмпляр, са сваёй тэчкі дастае сакратарка, якая нікуды не выходзіла. Я рассмяялася, кажу: "З кім жа вы там пра што раіліся? Бо ўсе рашэнні-пастановы ўжо гатовыя"».
Раней Наталля Хершэ адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, адтуль па рашэнні суду была пераведзеная ў турму. У калоніі яна адмовілася шыць форму для сілавікоў.
«Усе сем маіх скаргаў з ПК-4 прызналі “беспадстаўнымі”. А па самай галоўнай — пра неналежнае медыцынскае абследаванне пры змяшчэнні ў ШІЗА — са мной нават ніхто не сустрэўся і не задаў аніводнага пытання. Вось так. Пра што яшчэ можна гаварыць?!» — піша Наталля Хершэ.
Палітзняволеная піша, што ў выніку выйдзе на волю 27 студзеня 2023 года.
Брат палітзняволенай Генадзь Касьян сказаў, што Наталля Хершэ дагэтуль лічыць сябе невінаватай, а вынесены ёй прысуд — цалкам палітызаваным.
«У маёй камеры свеціць сонца»
Паводле Наталлі Хершэ, цэнзура канфіскавала ліст, у якім яна пісала, што не магла на 100% быць адкрытай з адвакатам. Яны вырашылі, што гэтым палітзняволеная хацела нешта таемнае паведаміць брату. Паводле Наталлі, яе лісты знішчаюцца таксама, калі яна малюе смайлікі альбо тры сэрцайкі, адно з якіх зафарбаванае.
«А яшчэ знішчаюцца лісты, як мне сказалі, калі мяне ў іх усхваляюць. На што я адказала, што падтрымку шырачэзнай масы насельніцтва я адчуваю на энергетычным узроўні і “вы” ў мяне адабраць яе проста ніяк не можаце, — піша Наталля. — Я так разумею, што можна пісаць толькі пра надвор’е. Дык вось: у маёй камеры свеціць сонца, зараджанае той самай энергіяй падтрымкі з волі, і я грэюся ў яго промнях. Усім дзякую за салідарнасць!»
«Я прапанавала ўвесці ў асартымент тавараў малако»
Наталля таксама напісала, якія харчы купіла апошні раз у «атаварцы»: пернікі «Слодыч» шакаладныя, 300 грамаў за 2,03 рубля; пернікі глазураваныя, 300 грамаў за 1,83 рубля; печыва аўсянае «Слодыч», 300 грамаў за 2,30 рубля; капусту марскую марынаваную, 350 грамаў за 1,75 рубля; капусту квашаную, 500 грамаў за 2,11 рубля; моркву па-карэйску, 380 грамаў за 2,20 рубля.
«Я думаю, што дыягнаставаны астэапароз выкліканы недахопам кальцыю ў прадуктах харчавання (вось ужо больш за год). Паводле мясцовых нормаў, 125 грамаў малака ў ранішняй кашы дастатковыя для падтрымання здароўя. Я прапанавала ўвесці ў асартымент тавараў канцэнтраванае малако ці сухое, але не, нельга», — піша Наталля.
Раней брат Наталлі Генадзь звярнуўся ў швейцарскую амбасаду па дапамогу, каб сястры перадалі прэпарат супраць выпадання валасоў. Цяпер начальніку турмы ўжо перадалі медыцынскую дакументацыю ад гінеколага, які раней лячыў Наталлю ў Швейцарыі. Палітзняволеная чакае дазволу на тое, каб ёй перадалі гэтыя лекі.