Сведкі ў пагонах хаваліся за шырмай. За ўдзел у «Маршы адзінства» асудзілі 62-гадовую прыбіральшчыцу
«Доказаў, якія сведчаць пра віну маёй падабароннай, не здабыта, матываваць бяздоказны прысуд нельга. Таму гаворка пра справядлівасць становіцца эфемернай. Прашу суд апраўдаць маю падабаронную і спыніць крымінальную справу», — адзначыў адвакат. Зрэшты, на суддзю аргументы адваката не паўплывалі.
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Алена Пранько. На самым пачатку судовага разгляду пракурорка зачытала хадайніцтвы супрацоўнікаў міліцыі, якія прасілі дапытваць іх за шырмай, бо «ў выпадку пазнавання тыя асцерагаюцца за сваё жыццё і здароўе», паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Адвакат абвінавачанай быў супраць. Як ён выказаўся, яго "«адабаронная не з'яўляецца чальцом тэрарыстычнай арганізацыі, і падобныя заявы павінны быць чымсьці абгрунтаваны».
І ўсё ж суддзя задаволіў хадайніцтва сведкаў.
Паводле версіі абвінавачвання, 6 верасня 2020 года ў 13.20 прыбіральшчыца з «Гродна-Азота» Яніна Глазкова, «усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх паводзінаў і натхняючы навакольных, стала актыўным удзельнікам групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, парушыўшы патрабаванне закона "Аб масавых мерапрыемствах"».
Яніну Баляславаўну абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы адзінства», на правядзенне якога ад улад не было атрымана дазволу.
Таксама, паводле версіі дзяржабвінавачвання, падсудная не падпарадкоўвалася загадам прадстаўнікоў міліцыі, якія спрабавалі спыніць супрацьпраўныя дзеянні людзей і «па папярэдняй змове з іншымі нявысветленымі асобамі працягнула заклікаць грамадзян да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Вынікам дзеянняў жанчыны, на думку пракурора, сталася тое, што пратэстоўцы ўтварылі счэпку.
Калі слова далі Яніне Глазковай, яна распавяла, што ў той дзень на месца падзей трапіла выпадкова, а ўдзел у маршы ўзяла з жаночай цікаўнасці. Насамрэч у той дзень яна выйшла з дома ў Фарны касцёл, каб замовіць імшу — у той час яна даглядала хворага бацьку. Таксама жанчына адзначыла, што загадзя не ведала пра падзеі, што адбываліся ў горадзе, таму што нядаўна ў яе памёр брат, а на руках былі хворы бацька і муж з трэцяй групай інваліднасці.
На пытанне пра тое, як яна апынулася ў счэпцы, падсудная растлумачыла, што гэта адбылося спантанна і што за рукі яе падхапілі пасля таго, як міліцыя пачала затрыманні. Пасля ўдакладняльных пытанняў адваката Яніна Баляславаўна сказала: «Калі б загадзя ведала пра акцыю, у той бок бы ў той дзень не пайшла».
«Ішла ў касцёл і ўзяла ўдзел у акцыі з жаночай цікаўнасці»
Пытанні падсуднай задаў і суддзя. Так, напрыклад, ён пацікавіўся, што менавіта тая выкрыквала, стоячы ў счэпцы і пляскаючы ў далоні. Жанчына растлумачыла, што крычала штосьці падобнае да слова «прапусці», бо ёй здавалася, што, калі яна будзе рабіць тое самае, што і астатнія, міліцыя іх прапусціць і не будзе перагароджваць рух.
«У касцёл у выніку схадзілі?» — удакладніў суддзя.
«Не, у той дзень у такім стане ў касцёл я ісці не змагла. Паспрабавала хутка сысці з месца падзеі. Імшу ў выніку замовіла сястра, а праз тры дні тата памёр», — адказала жанчына.
За шторкай у зале суда тым часам сядзелі сведкі — Ангеліна Нагорная, Мікалай Задоеў і Сяргей Цімафееў. Гэта супрацоўнікі міліцыі, якія ў той дзень працавалі каля месца правядзення «Маршу адзінства».
Нагорная распавяла, што ў той дзень яна «ажыццяўляла ахову грамадскага парадку ў сувязі з атрыманнем інфармацыі пра тое, што каля філармоніі збяруцца грамадзяне, не згодныя з выбарамі, і хочуць у знак пратэсту прайсці калонай па цэнтры горада». Сведка ўдакладніла, што ўдзельнікі маршу перагарадзілі дарогу і перашкаджалі руху транспарту. Пры гэтым па гучнагаварыцелях прадстаўнікі ўлады папярэджвалі людзей пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за парушэнне грамадскага парадку і прасілі разысціся.
Таксама сведка Нагорная распавяла, што ў пратэстоўцаў з сабой былі бел-чырвона-белыя шары, стужкі, транспаранты, яны выкрыквалі «Жыве Беларусь», а некаторыя спрабавалі сарваць маскі з супрацоўнікаў міліцыі і хапаліся за форменнае абмундзіраванне.
Адвакат адзначыў, што сведка дала выбарачныя паказанні адносна абстаноўкі, якая склалася той дзень, і падкрэсліў, што сведка не можа назваць дакладнага месца свайго знаходжання ў момант, калі ўдзел у масавым мерапрыемстве ўзяла падсудная.
Сведка Задоеў таксама не змог удакладніць свайго месцазнаходжання ў той дзень. Сказаў толькі, што «нёс службу ў розных частках горада, дзе знаходзіліся каля 150 грамадзян, якія прымалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Ён жа распавёў суду, што ў той дзень людзі стаялі ў счэпцы і ігнаравалі заклікі міліцыі разысціся. Саму Яніну Баляславаўну Задоеў не пазнаў. Пацвердзіць, што ў счэпцы стаяла менавіта яна, міліцыянт не змог.
Сведка Цімафееў распавёў, што пасля выкрыквання лозунгаў удзельнікі масавай акцыі пратэсту пайшлі яшчэ і на сілавое сутыкненне з супрацоўнікамі міліцыі.
Падчас спрэчак пракурорка падкрэсліла, што ў справе яна не ўгледжвае ані змякчальных, ані абцяжарваючых віну жанчыны акалічнасцей, папрасіла суд прызнаць Яніну Глазкову вінаватай у злачынстве паводле арт. 342 КК РБ і запатрабавала для яе пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Адвакат абвінавачанай настойваў на апраўдальным прысудзе, паколькі паказанні сведак супярэчаць відэазапісу, які бакі маглі бачыць падчас вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.
«Доказаў, якія сведчаць пра віну маёй падабароннай, не здабыта, матываваць бяздоказны прысуд нельга. Таму гаворка пра справядлівасць становіцца эфемернай. Прашу суд апраўдаць маю падабаронную і спыніць крымінальную справу», — адзначыў адвакат.
У апошнім слове абвінавачаная сказала, што шкадуе пра тое, што адбылося, і што ў касцёл ёй варта было ісці ў іншы дзень.
Суддзя прызнаў Яніну Глазкову вінаватай. Жанчыну асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».