Жыхарку Фаніпаля асудзілі за абразу памочніцы пракурора Аліны Касьянчык

У судзе Мінскага раёна вынеслі прысуд 42-гадовай жыхарцы горада Фаніпаль Анастасіі Баранавай, якая абвінавачвалася ў абразе памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліны Касьянчык. Жанчыне прысудзілі два гады «хатняй хіміі», паведамляюць naviny.online.

Аліна Касьянчык. Фота: «БелаПАН».

Аліна Касьянчык. Фота: «БелаПАН».


Як паведамляюць праваабаронцы, Анастасія Баранава была затрыманая на трое сутак у жніўні 2021 года за каментар у дачыненні да Аліны Касьянчык у адным з тэлеграм-каналаў. У каментары была фраза: «Як зямля носіць такую гніду».
Абвінавачаная распавяла, што зайшла ў тэлеграм-канал падчас абедзеннага перапынку, убачыла інфармацыю, што адна грамадзянка падала на іншую грамадзянку ў суд з нагоды непрацягнення дамовы арэнды.
У выніку Анастасію Баранаву асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Пацярпелай на судзе не было.
У чэрвені да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову была прысуджаная жыхарка Мінска Вольга Сінялёва. Яе абвінавацілі па арт. 190 КК Беларусі («Парушэнне раўнапраўя грамадзян») з-за таго, што яна скасавала дамову арэнды кватэры з Касьянчык і папрасіла тую знайсці сабе іншае жыллё.
Аліна Касьянчык падтрымлівала абвінавачанне па справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, якія атрымалі па два гады калоніі за стрым з «Плошчы Перамен» , а таксама па справе аб надпісах «Не забудзем» ля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.